Навіны 03 жніўня 1999 г.

Юрась Карманаў, Менск

Сёньня маці экс-міністра Юрыя Захаранкі, які зьнік тры месяцы таму, атрымала ліст ад чалавека, які ўдзельнічаў у выкраданьні. Зь лісту вынікае, што Захаранку выкрала спэцслужба, наўпрост падпарадкаваная Аляксандру Лукашэнку. У той жа час Аляксандар Лукашэнка прапаноўваў Міхалу Чыгіру напісаць пакаянны ліст у абмен на вызваленьне. Пасьля таго, як Чыгір адмовіўся зрабіць гэта, тэрмін сьледзтва ў ягонай справе быў працягнуты да 30 верасьня. Пра гэта нашаму радыё паведаміла жонка Міхала Чыгіра — Юлія.

Жонка зьняволенага пяты месяц экс-прэм'ера Юлія Чыгір сёньня накіравалася ў сьледчы ізалятар на спатканьне з Міхалам Чыгіром, каб данесьці да яго інфармацыю, якую ўчора распаўсюдзіла беларуская тэлевізыя й дзяржаўная газэта "Рэспубліка". Міністар нутраных справаў Беларусі Юры Сівакоў у інтэрвію БТ, а гэнэральны пракурор Алег Бажэлка ў інтэрвію "Рэспубліцы" заявілі, што супраць Міхала Чыгіра ўзбуджана дванаццаць крымінальных справаў.

Юлія Чыгір назвала распаўсюджаныя факты хлусьнёй і заявіла, што пакуль сьледзтва вядзецца паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: крадзеж у асабліва буйных памерах (артыкул 91) і злоўжываньне службовым становішчам (артыкул 166). Гаворка йдзе пра нявернуты крэдыт у мільён даляраў і недабудаваны катэдж. Паводле вэрсыі сьледзтва, Чыгір не вярнуў 10 000 даляраў з крэдыту на будаўніцтва.

Юлія Чыгір заявіла, што аніякіх доказаў у сьледзтва няма. Сьледчыя дзеяньні не вядуцца з 12 красавіка. Сьледчыя ворганы робяць усё, каб адцягнуць суд — лічыць Юлія Чыгір, бо любы суд будзе вымушаны апраўдаць Міхала Чыгіра. Разумеючы гэта, Аляксандар Лукашэнка пачаў рабіць спробы схіліць Міхала Чыгіра да напісаньня пакаяльнага лісту.

(Чыгір: ) "І пра гэта я да сёньняшняга дню не гаварыла, але пасьля ўчорашняга выступу Сівакова я пра гэта буду гаварыць усюды. 27-га, у той дзень, калі быў працягнуты тэрмін затрыманьня майго мужа, да мяне прыяжджаў прадстаўнік Лукашэнкі — чалавек, які перадаваў мне нібыта "словы Лукашэнкі"... Ён прапанаваў мне, каб мой муж напісаў пакаяльны ліст. У гэтым лісту мусіла быць раскаяньне за ўдзел у палітычным жыцьці краіны. Ён мусіць паабяцаць прэзыдэнту, што больш палітыкаю займацца ня будзе й тады прэзыдэнт выпусьціць яго з турмы. Муж адмовіўся зрабіць гэта. Пасьля таго, на наступны дзень выступіў Бажэлка, учора выступае Сівакоў. Акрамя гэтага, на мяне йдзе ціск з боку нейкіх невядомых людзей, якія называюць сябе экстрасэнсамі, людзьмі, якія бачаць, што мой муж знаходзіцца "на валаску (як яны кажуць) ад сьмерці". Яны кажуць, што я не павінна нікому не даваць аніякіх інтэрвію, ні з кім не размаўляць пра справы майго мужа — бо гэта вельмі небясьпечна..."

Ня менш інтрыгуючыя зьвесткі паведаміла нашаму радыё жонка зьніклага экс-міністра нутраных справаў Юрыя Захранкі. Вольга Захаранка заявіла, што за тры месяцы зьвестак ад мужа не атрымала. Разам з тым, паводле словаў Вольгі Захаранкі, яна "ўпэўненая, што яго ўзяла адна са спэцслужбаў Лукашэнкі. Маці Захаранкі прыйшоў страшэнны ліст ад чалавека ня рускага (у лісьце ён паўтарае: "я баяўся Аллаха"). Ён браў удзел у захопе Захаранкі. У лісьце сказана, што загад пра захоп Захаранкі даваў асабіста Аляксандар Лукашэнка. І ў лісьце ёсьць нават такія словы, што гэтая групоўка — спэцслужба ў Лукашэнкі — нагадвае натуральнае гэстапа, і таму, сказана ў лісьце, я ня ведаю, што з вашым сынам зрабілі. Дзякуй за тое, што вы вырасьцілі такога сына. Гэтаму чалавеку ўдалося зьбегчы з гэтай спэцслужбы. Страшна за жыцьцё гэтага чалавека, які напісаў такі ліст. Ды я й сама жыву як у пекле". Вольга Захаранка паведаміла, што атрымала з пракуратуы ліст, у якім паведамляецца, што падставаў для ўзбуджэньня крымінальнае справы паводле факту зьнікненьня Юрыя Захаранкі няма. На практыцы гэта мусіць азначаць, што афіцыйныя ўлады Юрыя Захаранку не шукаюць.