Навіны 28 ліпеня 1999 г.

Міхал Стэльмах, Менск

"Бэнзынавы голад" стаў апошнімі тыднямі галоўнай тэмаю ў эканамічным жыцьці Беларусі. І вось днямі ўрад прызнаў сваё рашэньне па ліцэнзаваньню гандлю нафтапрадукатамі памылковым і адмяніў яго, каб уратаваць айчынных спажыўцоў ад "бэнзынавага голаду". Але амаль адначасова ўрад увёў ліцэнзаваньне паставак у Беларусь цукру.

28 ліпеня газэта "Советская Белоруссия" выступіла супраць празьмернага, на яе думку, увозу з замежных краінаў цукровае сыравіны.

Імпарт гэтае прадукцыі, як вынікае з пазыцыі афіцыйнага выданьня, адмоўна ўплывае на разьвіцьцё айчыннае цукровае галіны. Няма сумневу, што менавіта такое разуменьне плюсоў і мінусаў у эканамічнай палітыцы папярэднічалі нядаўняму ўрадаваму рашэньню па ліцэнзаваньні паставак у Беларусь згаданага вышэй тавару.

Яшчэ раней урад прыняў рашэньне аб ліцэнзаваньні побытавых паслугаў і адначасова агучыў пагрозу ў бок прадпрыемстваў і прыватных прадпрыймальнікаў, што невыкананьне гэтага рашэньня пацягне за сабою карныя меры — а менавіта, з 1 жніўня ўсе прыбыткі непаслухмяных суб'ектаў гаспадараньня будуць спагнаныя ў бюджэт краіны.

Шляхам ліцэнзаваньня беларускія ўлады гэтак жа настойліва апошнім часам ажыцьцяўляюць перадзел айчыннага рынку алькагольнае і тытунёвае прадукцыі.

Такое ўмяшальніцтва дзяржавы ў эканамічныя працэсы выклікае неразуменьне незалежных айчынных спэцыялістаў. Гаворыць прадстаўнік Беларускага цэнтру канстытуцыйнага аналізу й параўнаўчых праўных дасьледваньняў Валеры Фадзееў: "На мой погляд, павінны ліцэнзавацца тыя віды дзейнасьці, якія аказваюць уплыў на экалёгію, на бясьпеку здароўя, мажліва — на бясьпеку дзяржавы, але тое можна трактаваць вельмі шырока. Але глядзіце — па маіх падліках, у нас ліцэнзуюцца блізу 100, а можа й больш, відаў дзейнасьці — гэта першае. Другое — у гэтыя акты кожны год уносіцца шмат зьменаў. Я палічыў — за 97-ы год каля 30 зьменаў было ўнесена ў гэтыя акты. І, такім чынам, суб'екты гаспадараньня кожны раз мусяць вырашаць пытаньне з атрыманьнем гэтай ліцэнзыі. Ліцэнзыю выдаюць, таксама, некалькі дзесяткаў ворганаў, а калі, прыкладам, часткі выканкаму лічыць не за адзін ворган, гэтая лічба таксама падыходзіць недзе за 100 ворганаў. І ў кожнага свой парадак. Тут зноўку паўстаюць вельмі вялікія праблемы".

Як зазначыў далей прадстаўнік Беларускага цэнтру канстытуцыйнага аналізу й параўнаўчых праўных дасьледваньняў Валеры Фадзееў, яго зьдзіўляе й працэдура скасаваньня ліцэнзыяў: "Хай ліцэнзыю выдае нейкі дзяржаўны ворган, а вось адбіраць яе трэба было б толькі цераз суд — даводзьце, што парушаныя ўмовы ліцэнзыі..."

Дарэчы, менавіта празьмернае імкненьне ўладаў да ліцэнзаваньня ў нацыянальнай эканоміцы перашкаджае Беларусі ва ўсталяваньні плённага супрацоўніцтва зь міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі і замежнымі фірмамі.

Багатая пяцігадовая практыка антылібэральных дзеяньняў каманды Лукашэнкі спрычынілася да таго, што іншаземныя крэдыторы ды інвэстары лічаць за лепшае на сёньняшні дзень абыйсьці бокам беларускі рынак.