Навіны 28 ліпеня 1999 г.

Альгерд Невяроўскі, Менск

Учора, пасьля заканчэньня адзначэньня Дню Незалежнасьці, міліцыя сярод іншых затрымала й пяць журналістаў беларускіх і замежных сродкаў масавае інфармацыі. Больш як дзьве гадзіны іх пратрымалі ў аддзеле міліцыі Савецкага раёну Менску, пасьля чаго адпусьцілі.

Сярод затрыманых журналістаў — Славамір Адамовіч і Віктар Корзун з газэты "Наша Ніва", Тацяна Сьнітко (уласны карэспандэнт у Беларусі газэты "Украіна молода", а таксама Ціна Клыкоўская (газэта "Чырвоная Змена") і Валеры Грыцук (газэта "Наша Ўручча"). Усіх іх затрымалі ў раёне пляцу Перамогі неўзабаве пасьля заканчэньня несанкцыянаванага шэсьця, зарганізаванага Сацыял-дэмакратычнай партыяй Народная Грамада.

Першымі схапілі Адамовіча й Корзуна. Некалькі сяржантаў падыйшлі да журналістаў, якія стаялі каля ўваходу ў мэтро, і загадалі ім сядаць у спэцаўтобус. Прыкладна праз дваццаць хвілінаў на тым жа пляцы Перамогі былі схопленыя Тацяна Сьнітко й Ціна Клыкоўская. Дзяўчыны толькі што выйшлі з крамы і адразу ж убачылі, як побач праяжджае аўтобус, цалкам забіты байцамі спэцназу ў бронекамізэльках і са шчытамі. Клыкоўская махнула ў бок аўтобуса рукою і дзяўчыны зясьмяяліся. Спэцаўтобус раптам спыніўся, зь яго выскачылі некалькі спэцназаўцаў, якія амаль сілком зацягнулі журналістак у сваю машыну. Тацяна й Ціна спрабавалі пратэставаць, але безвынікова. "Ахоўнікі парадку" даставілі журналістак у аддзел міліцыі Савецкага раёну, дзе ўжо знаходзілася больш за 40 затрыманых апазыцыянэраў. Ніжэйшыя міліцэйскія чыны пачалі перапісваць дакуманты затрыманых.

Што было далей, распавядае журналістка Тацяна Сьнітко: "Гэта быў шок для іх. Яны ня ведалі... Міліцыянт перапрасіўся, падняўся й пабег да начальства. У гэты час я ўключыла дыктафон і пачала запісваць сьведчаньні затрыманых — каго, дзе і якім чынам затрымалі. І тады прыйшоў міліцэйскі начальнік і проста пачаў нас умаляць выйсьці адсюль. І нас проста вельмі ветліва прасілі пакінуць памяшканьне: "Ці не маглі б вы..." На што я адказвала: "Не, не магла б. Прабачце, вы два гады мяне сюды не пускаеце даведацца пра лёсы людзей. Зараз вы мяне прывезьлі самі — і вялікі вам за гэта дзякуй!" Урэшце рэшт, начальства сышло засмучанае і мяне й астатніх выпхнуў адтуль нейкі тоўсты дзядзька".

Міліцэйскія начальнікі, відаць, дзеля перастрахоўкі, запатрабавалі ад журналістаў, каб тыя на наступны дзень прынесьлі даведкі са сваіх рэдакцыяў — што іх сапраўды пасылалі рабіць рэпартажы з гэтай маніфэстацыі.

Наколькі ж законна паводзілі сябе міліцыянты, што затрымлівалі журналістаў? Як вядома, дэпутаты Менскага гарсавету яшчэ ў 1997 годзе прынялі адмысловую пастанову, якая абумоўлівае недатыкальнасьць статусу журналіста, які выконвае свае прафэсыныя абавязкі — у тым ліку, і пад час недазволеных уладамі мерапрыемстваў.

Вось думка на гэты конт экспэрту Цэнтра па праўнай дапамозе СМІ пры Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Бастунца: "Гарсавет прымаў рашэньне, якім забавязаў ГУУС Менгарвыканкаму забясьпечыць умовы для бесьперашкоднага выкананьня журналістамі іхных прафэсыйных абавязкаў у час грамадзка-палітычных мерапрыемстваў. Аднак, нават і бяз гэтых рашэньняў існуе Закон "Аб друку ды іншых сродках масавае інфармацыі". А ў гэтым законе ёсьць артыкул 39, які прадугледжвае, што ў зьвязку з выкананьнем прафэсыйнага абавязку журналіст мае права прысутнічаць у тым ліку й на мітынгах. Таму гэтае затрыманьне — парушэньне заканадаўства.

Такім чынам, з праўнага боку ўчорашнія дзеяньні менскіх міліцыянтаў абсалютна незаконныя. Беларуская асацыяцыя журналістаў мае намер патрабаваць ад кіраўніцтва сталічнай міліцыі прыцягнуць вінаватых ахоўнікаў парадку да адказнасьці.