Навіны 14 ліпеня 1999 г.

Віталь Тарас, Менск

Міністр замежных справаў Расеі Іваноў заявіў, што беларуска-расейская дамова аб стварэньні адзінай дзяржавы можа быць канчаткова падпісаная летась ў верасьні. Між тым, праект дамовы крытыкуюць ня толькі лебэральныя дзеячы, але, як ні парадаксальна, і прыхільнікі расейскай імпэрскай палітыкі.

Ігаар Іваноў заявіў пра магчымасьць падпісаньня такой дамовы ў праграме маскоўскага тэлеканалу НТВ "Герой дня". Тэма інтэграцыі была закранутая як бы між іншым, пад заслону праграмы. Расейскі міністр замежных справаў даводзіў, быццам ніякіх праблемаў з дамовай, а тым больш прынцыповых разыходжаньняў з Беларусьсю ў пляне інтэграцыі, няма.

Паводле словаў міністра, яшчэ да заканчэньня ліпеня праект будзе дапрацаваны і ў жніўні вынесены на ўсеагульнае абмеркаваньне. Можна нагадаць, што праект дамовы аб саюзе Беларусі і Расеі таксама ў свой час выносіўся на ўсенароднае абмеркаваньне у абедзьвюх дзяржавах і, натуральна, ніякіх прынцыповых зьменаў у праект дамуманту гэтая старадаўняя савецкая практыка не ўнесла.

З другога боку, у часе абмеркаваньня ў расейскай прэсе часам выказваліся рэчы малапрыемныя для прэзыдэнта Беларусі, таму Лукашэнка зь непрыязнасьцю ставіцца як да самога мэханізму абмеркаваньня, так і да расейскіх СМІ.

Падставаў для гэткай незадаволенасьці апошнім часам стала яшчэ больш, бо маскоўская прэса пачала актыўна абмяркоўваць узаемаадносіны Беларусі з Расеяй, не чакаючы, так бы мовіць, афіцыйнага дазволу.

Прычым крытыкуюць Лукашэнку пасьля ягоных нядаўніх заяваў наконт магчымага "ўзмацненьня заходняга вэктару" нават тыя, хто выступае за поўную ды канчатковую інтэграцыю.

У гэтым сэнсе характэрным уяўляецца артыкул пісьменьніка з Санкт-Пецярбургу Міхаіла Чулакі ў сёняшнім нумары газэты "Известия". На ягоную думку, на рэфэрэндуме ў Беларусі большасьць абавязкова выказалася б за тое, каб увайсьці ў склад Расеі. Але ж гэтага рэфэрэндуму, мяркуе аўтар, не дапусьціць Лукашэнка.

Паводле Чулакі, у Беларусі ніколі ў гісторыі не было дзяржаўнасьці. Беларускую мову ці, як ён піша, "беларускі дыялект" у "паўночна-заходнім краі" ведаюць мала. Беларускай нацыі не існуе, і таму "Беларусь не павінная рабіцца сувэрэннай дзяржавай".

Наколькі характэрны падобны погляд на Беларусь у асяродзьдзі так званай лібэральнай расейскай інтэлегенцыі і палітычнай эліты?

З гэтым пытаньнем я зьвярнуўся да віцэ-прэзыдэнта Беларускага ПЭН-цэнтру Карласа Шэрмана.

(Шэрман: ) "Я мушу сказаць, што Чулакі я паважаю як добрага, цікавага, моцнага паэта, я перакладаў ягоныя вершы на гішпанскую мову колесь, але гэта тыпова сапраўды. Справа ў тым, што людзі, выхаваныя Савецкім Саюзам, звыкліся з тым, што ёсьць "сталіца", што ёсьць "паўночная сталіца", што ёсьць яшчэ "губэрніі", і ёсьць "правінцыя". Рэспублікі яны ніколі ўсур'ёз ня ўспрымалі. Тым больш, калі людзі прыязжалі ў Менск на розныя літаратурныя ці іншыя мерапрыемствы, і сутыкаліся з тым, што, сапраўды, на вуліцых, паўсюль людзі гаварылі па-руску. І адтуль хуткасьпелыя высновы такога кшталту. Я заўважыў такія рэчы нават у палітыкаў-дэмакратаў кшталту Яўлінскага, які пры пэўных сустрэчах казаў "Што гэта за рэспубліка ўвогуле?". Цяпер ён троху неяк інакш мяркуе, гледзячы па інтэрвью, якія зьявіліся ў апошнія дні ў сувязі з аб'яднаньнем. Але гэта характэрна, гэта ўласьціва лібэральнай інтэлегенцыі. Значная частка эліты маскоўскай так лічыць і сёньня. Мажліва, праблемы, якія ўзьнікаюць у нас, зьвязаныя з тым, што няма разуменьня таго, што гэта ёсьць сапраўды старажытная краіна са старажытнай культурай, са старажытнай мовай. І праблема яшчэ такая, што палітыкі беларускія не знайшлі часу ці мажлівасьцяў, каб паступова, крок за крокам тлумачыць, езьдзіць, гутарыць, сустракацца, каб сапраўды людзі разумелі беларускія праблемы".

Выглядае, што, фактычна, расейскі пісьменьнік Чулакі сказаў тое, пра што думаюць, але не заўсёды асьмельваюцца казаць расейскія чыноўнікі альбо высокапастаўленыя палітыкі.