Навіны 05 ліпеня 1999 г.

Сяргей Навумчык, Прага

Апошнія выступы Лукашэнкі ні ў якім разе ня могуць быць знакам нейкага развароту ў зьнешняй палітыцы Беларусі. Бо паміж фразамі пра Эўрапэйскі Зьвяз, да якога, як заявіў Лукашэнка, Беларусь мае поўнае права далучыцца, -- прарывалася настальгія па СССР, а крытыка ў бок Крамля палягала на крыўдзе за нежаданьне хуткімі тэмпамі стварыць агульную дзяржаву, дапусьціць яго на расейскую выбарчую дыстанцыю і значыць — зьнішчыць беларускую незалежнасьць.

Прэзыдэнт Лукашэнка ўжо ня першы раз вымаўляе прыгожыя словы пра сувэрэнітэт. Так было ў 1994 годзе, калі ён прыгадваў пераможцу бітвы пад Воршай Астрожскага, і ў 97-ым, калі параўноўваў сябе з канцлерам Вялікага Княства Літоўскага Сапегам. І заўсёды пасьля такіх прамоваў рабіў яшчэ больш рашучыя спробы гэты сувэрэнітэт зьліквідаваць. Таму можна пагадзіцца з тымі, хто і ў цяперашніх ягоных заявах бачыць імкненьне шантажаваць Крэмль.

Але самы час задацца пытаньнем - ну, а калі б Лукашэнка і сапраўды пажадаў зьмяніць вэктар арыентацыі з Усходу на Захад, — ці атрымаў бы ён посьпех?

Мяркую, што на гэта ў яго няма ніякіх шанцаў.

І прычына нават ня ў тым, што прарыў на Захад было б даручана ажыцьцяўляць цяперашнюму міністэрству замежных справаў, у якім ужо, здаецца, афіцэраў КГБ болей, чым дыпляматаў. Нават калі пасьля 20 ліпеня ЗША і краіны Заходняй Эўропы праявяць да Лукашэнкі дыпляматычную стрыманасьць, — ні пра якую эўрапэйскую інтэграцыю з кіраўніком, які не абраны дэмакратычным шляхам, гаворка ня пойдзе.

Беларусь сапраўды мае пэрспэктыву ўвайсьці ў сям'ю эўрапэйскіх народаў - але не ў цяперашнім сваім стане. Для ўступленьня ў Эўразьвяз існуюць вельмі жорсткія крытэрыі, і нават Чэхіі і Польшчы сёньня трэба чакаць яшчэ тры гады, перш чым яны будуць туды прынятыя. І нават калі б сёньня пасаду беларускага прэзыдэнта заняў чалавек з эўрапэйскім мысьленьнем, і ўрад распачаў бы сапраўдныя рынкавыя рэформы, — Беларусі спатрэбіліся б гады і гады, каб дасягнуць узроўню тых жа Чэхіі ці Польшчы. На жаль, за апошнія дзесяць гадоў Беларусь яшчэ ніколі не была нагэтулькі далёкая ад цывілізаванай Эўропы, як сёлета. Краіне, як мінімум, трэба аднавіць канстытуцыйную законнасьць выпаўзьці з жабрацтва, куды яе ўвагналі бясконцыя інтэграцыйныя экспэрымэнты.

Дарэчы, робячы рэвэрансы ў бок Масквы, эўрапейскія краіны як толькі могуць адгароджваюцца ад той Расеі, якая ня мае жаданьня адмовіцца ад імпэрскіх звычак. Менавіта таму ўсходнеэўрапейскія дзяржавы імкнуцца ў НАТА. Верагодна, у палітычных лідэраў спрацоўвае пачуцьцё самазахаваньня, ды і проста адказнасьці перад уласным народам. І зусім іншыя пачуцьці кіруюць менскім прэзыдэнтам, калі ён ірвецца ў Маскву.

А Беларусь у Эўропе, канечне, будзе. Толькі ўжо - без Лукашэнкі.