Навіны 28 траўня 1999 г.

Любоў Лунёва, Менск

Да Ўладзімера Кудзінава ў турме ўжываюцца меры маральнага ўзьдзеяньня.

Пасьля 14 красавіка, калі пабраліся шлюбам Зоя і Ўладзімер Кудзінавы, у газэце «Народная Воля» з гэтай нагоды быў надрукаваны невялічкі артыкул пад назвай «Два лебедзі». Ён выклікаў хвалю рэпрэсіяў супраць Уладзімера Кудзінава з боку турэмнай адміністрацыі. 20 траўня Зоя на спатканьні магла паразмаўляць з мужам праз турэмныя шыбы. Вось што яна распавяла нашаму радыё:

(Кудзінава:) «У турме майго мужа таксама падвяргаюць ня толькі фізычнаму катаваньню, але таксама і маральнаму. Да фізычнага адносіцца тое, што ён адседзеў дзесяць сутак у штрафным ізалятары, дзе тэмпэратура крыху вышэйшая за 0 градусаў. На сёмы дзень яь яго зьнялі яшчэ й бялізну, пакінуўшы ў адной турэмнай робе.

А да маральнага катаваньня адносіцца цяпер тое, што — асабліва ў апошні час — артыкул пра Кудзінава з газэты «Народная Воля» зьмясьцілі на стэндзе ў кожным атрадзе з такім загалоўкам: «Звёзды среди нас». У гэтым артыкуле гаворыцца пра тое, што асуджаныя харчуюцца ў складчыну — дык усіх асуджаных прымусілі хадзіць шыхтом у сталоўку, пры гэтым ківаючы на Кудзінава, маўляў — мы не вінаватыя, усе прэтэнзіі да Кудзінава... Майму мужу за тое, што ён нібыта не хадзіў у сталоўку, наогул абвясьцілі вымову.

Адміністрацыя таксама паасобку выклікае тых людзей, якія маюць больш цесныя стасункі з маім мужам, і пагражае ім пераводам у іншую калёнію, а таксама іншымі спагнаньнямі — толькі каб яны адыйшлі ад яго. Значыць, яны хочуць пакінуць яго аднаго, каб зь ім ніхто не размаўляў, не прыходзіў да яго — гэткае маральнае катаваньне для чалавека.

Таксама ёсьць праблемы і зь лістамі. Лісты ад дзяцей ён яшчэ больш-менш атрымвае, а вось ад мяне — яму не даюць цэлымі месяцамі. Я ведаю, што Аляксей Шыдлоўскі таксама піша Кудзінаву, але Валодзя ніводнага ліста ад яго не атрымаў. Цяпер Кудзінаву забаранілі чытаць лекцыі ў школе рэабілітацыі асуджаных — ён раней там чытаў лекцыі па дзьве гадзіны на тыдзень.

Я лічу, што ўсё гэта зьяўляецца маральным катаваньнем, якое прыраўноўваецца да фізычнага. І ў мяне паўстае такое пытаньне: хто мае вышэйшы маральны ўзровень — ці тыя, каго выхоўваюць у турме, ці хто выхоўвае? Бо вялікага розуму ня трэба, каб зьдзеквацца з чалавека ў клетцы.

Дарэчы, я яшчэ хачу сказаць, што ў мяне ёсьць такія крыніцы, што ўсё гэта зыходзіць ад начальніка турмы — Бахура Івана Іванавіча, які, дарэчы, мой зямляк, сам родам зь Івацэвічаў».

Адвакатка Ўладзімера Кудзінава Тацяна Станкевіч днямі наведае свайго падабароннага, каб спыніць сваволю з боку турэмнай адміністрацыі. Сёньня стала вядома, што і кансультацыйна-назіральная група АБСЭ зьбіраецца наведаць папраўчую калёнію на вуліцы Апанскага, каб даведацца пра ўмовы ўтрыманьня Ўладзімера Кудзінава за кратамі.