Навіны 14 траўня 1999 г.

Рашэньне Зянона Пазьняка застаецца ў цэнтры ўвагі палітыкаў. Сваю ацэнку гэтага кроку мы папрасілі даць намесьніка старшыні БНФ Юрася Хадыку.

(Хадыка:) «Права кожнага кандыдата ў дэпутаты — як вольна вылучацца, так і вольна здымаць сваю кандыдатуру з выбарчага працэсу. У гэтым не было б ніякай небясьпекі, калі б некаторыя крокі Зянона Станіслававіча не стваралі пагрозу для заканчэньня выбарчай кампаніі.

Сойм некалькі разоў разглядаў праблему прэзыдэнцкіх выбараў і прыйшоў да адназначнага рашэньня - неабходнасьці даводзіць выбарчую кампанію да канца. Аднак адначасна і нават крыху загадзя да зьняцьця сваёй кандыдатуры Пазьняк аддаў загад, часткова рэалізаваны, на жаль, каб людзі, прыхільнікі БНФ, пакідалі выбарчыя камісіі. Гэта ёсьць парушэньнем Статуту, таму што ніхто з членаў БНФ, і яго старшыня, ня можа парушаць рашэньні калектыўнага органа і прымаць аднаасобныя рашэньні па такіх важных палітычных праблемах.

Таму я б вельмі хацеў, каб праз вашую радыёстанцыю нашыя прыхільнікі даведаліся аб неабходнасьці працягу выбарчай кампаніі да яе завяршэньня. Інакш усе тыя ахвяры, якія прынесьлі тысячы прыхільнікаў БНФ, падвяргаючыся арыштам, штрафам, выгнаньню з працы, пойдуць пылам. І каб нашая годнасьць, годнасьць усёй беларускай апазыцыі не ператварылася ў нішто, таму што зрыў кампаніі - не зьняцьцё кандыдатуры, а зрыў кампаніі - самае небясьпечнае, што можа нас чакаць у гэтай сытуацыі».

(Радкевіч:) Юрый Віктаравіч,Вы знаёмыя, відаць, з факсаў Зянона Пазьняка з тымі аргумэнтамі, прычынамі - чаму ён прыняў такое рашэньне. Гэтая, на думку Зянона Пазьняка, фальсыфікацыя выбараў, гэтыя лічбы, якія кожны дзень усё большаюць і якія выклікаюць у яго недавер... Як бы Вы маглі пракамэнтаваць аргумэнты, якія ён выклаў у якасьці падставы для зьняцьця сваёй кандыдатуры?

(Хадыка:) «Нават калі б там не было ні аднаго аргумэнта, то права Пазьняка — сваю кандыдатуру зьняць. Але, скажам, гэтыя шматлікія заявы пра фальсыфікацыю вольна ці нявольна кідаюць цень на Беларускі Народны Фронт, таму што большасьць членаў выбарчай камісіі зьяўляецца членамі БНФ. І ніколі ні Сойм, ні ягонае кіраўніцтва не заклікалі людзей да фальсыфікацыі, а толькі да выкананьня закону і свайго грамадзянскага абавязку, добрасумленнасьці ў першую чаргу».

Выбарчая кампанія — гэта вельмі адказны дэмакратычны працэс, і ў мяне няма падставаў думаць, што члены БНФ займаліся сьвядомай фальсыфікацыяй. Усё астатняе - адказнасьць Цэнтральнай выбарчай камісіі, якую ў сёньняшняй сытуацыі можна крытыкаваць, можна разумець некаторыя адхіленьні, якія, магчыма, ёсьць. Але я яшчэ раз хачу падкрэсьліць: гэта ня ёсьць нашымі паўнамоцтвамі, гэта паўнамоцтвы Цэнтральнай выбарчай камісіі. Яна нясе цалкам адказнасьць за вынікі выбараў.