Навіны 13 траўня 1999 г.

Сёньня Зянон Пазьняк адмовіўся ад далейшага ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах і зьняў сваю кандыдатуру.

У заяве, дасланай у Беларускую службу Радыё Свабода, старшыня БНФ Зянон Пазьняк, у прыватнасьці, піша:

«16 траўня 1999 году па Закону павінны адбыцца выбары Прэзыдэнта Беларусі. Кіраўніцтва Цэнтральнай Выбарчай Камісіі (старшыня В.Ганчар) насуперак Закону аб'явіла выбары 6 траўня і заплянавала праводзіць іх 10 дзён шляхам пакватэрнага абходу выбаршчыкаў са скрыняй для галасаваньня.

Мэханізму ўсеагульнага 10-дзённага галасаваньня з пакватэрным абходам няма ў беларускім заканадаўстве[...] Гэта грубае парушэньне закону "Аб выбарах Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь".

Гэткім жа антызаконным мэтадам у 1996 годзе Лукашэнка праводзіў антыпраўны рэфэрэндум, які не прызнала міжнародная супольнасьць.

Беларускіх выбаршчыкаў (і мяне як кандыдата) уцягваюць у безадказную, дрэнную справу[...] Ідзе нахабная фальсыфікацыя галасаваньня з боку кіраўніцтва ЦВК. Даюцца павялічаныя, неіснуючыя лічбы прагаласаваных. Адбываецца цынічны, адкрыты падман грамадзкасьці і крымінальнае парушэньне Закону.

Тыя сябры Народнага Фронту, якія ўвайшлі ў выбарчыя камісіі, выказваюць абурэньне дзеяньнямі кіраўніцтва ЦВК і адмаўляюцца працаваць у камісіях.

Я неаднаразова пісьмова зьвяртаўся да кіраўніцтва ЦВК з патрабаваньнем выконваць Канстытуцыйнае заканадаўства аб выбарах. Аднак мае звароты не былі прынятыя пад увагу. Цяпер выбары ператварылі ў крымінальную авантуру, у ашуканства, зь якім можна параўнаць толькі лукашэнкаўскія "рэфэрэндумы".

Усё гэта непрымальна для мяне як кандыдата ў Прэзыдэнты і палітыка. Гэтым сьведчу, што адмаўляюся ад удзелу ў сумніўных выбарах і здымаю сваю кандыдатуру.

Зьвяртаюся са шчырай падзякай да выбаршчыкаў, што хацелі галасаваць за мяне, да ўсіх сяброў Народнага Фронту, што зьбіралі подпісы за маю кандыдатуру».