Навіны 12 траўня 1999 г.

Мікола Іваноў, Прага

Сёньня 50-ты дзень бамбаваньняў і ракетнага абстрэлу войскамі НАТО югаслаўскіх ваенных аб'ектаў. Гэты своеасаблівы юбілей быў адзначаны аднаўленьнем паветраных атакаў на сталіцу Югаславіі Бялград пасьля таго, як два дні таму была зруйнаваная амбасада Кітаю. Ноччу і раніцай НАТО заатакавала 37 цэляў у Сэрбіі і Чарнагорыі.

НАТО не зьмяніла сваю палітыку ў дачыненьні да Югаславіі, нягледзячы на абвяшчэньне бялградскага кіраўніцтва пра частковы вывад войскаў з Косава. Ваенны прэсавы сакратар НАТО генэрал-маёр Ўолтэр Джэрц заявіў, што НАТО будзе атакаваць нават тыя сэрбскія войскі, якія цяпер выводзяцца з Косава. Варункі прыпыненьня бамбаваньняў і ракетнага абсрэлу Югаславіі застаюцца нязьменнымі: поўны вывад войска з Косава і вяртаньне ўсіх уцекачоў пад аховай міжнароднага вайсковага кантынгенту. Самую ж заяву пра вывад войскаў генэрал Джэрц ацаніў як прапагандысцкі трук рэжыму Мілошавіча.

(Джэрц:) «Мы як вайскоўцы ня бачым ніякіх сьведчаньняў вываду ці скарачэньня сэрбскіх вайсковых частак, ваенізаваных фармаваньняў і спэцыяльных паліцэйскіх атрадаў у Косаве. І таму мы маем намер працягваць нашыя паветраныя апэрацыі да таго часу, пакуль палітычнае кіраўніцтва Югаславіі ня згодзіцца прыняць 5 варункаў міжнароднай супольнасьці: прыпыненьне забойстваў, вывад войска, увод міжнароднага кантынгенту на чале з НАТО і стварэньне варункаў для бясьпечнага і трывалага вяртаньня ўцекачоў, каб можна было дасягнуць доўгатэрміновага палітычнага пагадненьня ў Косаве, якое верне народу Косава ягоную годнасьць».

Аб тым, што частковы вывад войска ня ў стане задаволіць НАТО, паведаміў і міністар абароны ЗША Уільям Коўэн, які на слуханьнях у фінансавай камісіі сэнату заявіў, што згода ЗША на частковы толькі вывад войска можа разглядацца ў якасьці цалкавітай перамогі прэзыдэнта Мілошавіча, і таму яна абсалютна непрымальная.

Само ж югаслаўскае кіраўніцтва намагаецца рабіць уражаньне, што частковы вывад войска з Ковава — раней заплянаваная апэрацыя, і што войскі выводзяцца ў сувязі з заканчэньнем баявых дзеяньняў супроць Арміі Вызваленьня Косава. Бальшыня ж сусьветных палітычных аглядальнікаў ацэньвае паведамленьне (сапраўднае яно, ці не) у якасьці сьведчаньня слабасьці рэжыму, сьведчаньня таго, што паветраныя ўдары НАТО паволі дасягаюць сваёй мэты.

Паволі таксама, але няўхільна сьвядомасць неабходнасьці мірнага ўрэгуляваньня на варунках міжнароднай супольнасьці апаноўвае і югаслаўскае грамадзтва. Вось што расказаў у эксклюзіўным інтэрвію для нашай праграмы дырэктар Паўдзённаславянскай рэдакцыі нашага радыё Нэрад Пэіч:

(Пэіч:) «Учора група ў складзе 484 вядомых сэрбскіх інтэлектуалістаў падпісала адкрытую пэтыцыю, дзе яны патрабуюць, каб натаўскія атакі (яны называюць іх агрэсіяй) былі неадклдана прыпыненыя. Але адначасна яны ўпершыню выступаюць з патрабаваньнем, каб мірны плян, распрацаваны краінамі «вялікай васмёркі» быў прыняты. Упершыню здарылася такое. Упершыню арганізаваная вялікая група людзей выступіла з адкрытай крытыкай рэжыму прэзыдэнта Мілошавіча».

Як вядома, першыя азнакі расколу ў югаслаўскім грамадзтве зьявіліся прыблізна 2 тыдні таму, калі за вострыя крытычныя выказваньні на адрас самога прэзыдэнта Мілошавіча быў накіраваны ў адстаўку віцэ-прэм'ер югаслаўскага ўраду Вук Драшкавіч. Драшкавіч выказаўся за пашанаваньне правоў альбанскага насельніцтва Косава. Тады, два тыдні таму, голас былога апазыцыянера гучаў амаль што ў адзіноце. А вось цяпер галасы пратэсту паволі набіраюць моц. Нэрад Пэіч расказвае:

(Пэіч:) «На мінулым тыдні група прадстаўнікоў 27 недзяржаўных арганізацыяў выступіла з падобнай заявай. Упершыню ў ёй згадвалася трагедыя альбанскага народу. Праўда, яны гэта зрабілі ў вельмі далікатных словах. Яны не гаварылі пра дэпартацыі, пра забойствы, але яны ўжылі словы «трагедыя альбанскага народу»».

Таксама 10 дзён таму прэзыдэнт Чарнагорыі Дзюканавіч разам з адным зь лідэрам сэрбскай апазыцыі Джынджычам зрабілі супольную заяву, у якой гаварылася, што югаслаўскі ўрад павінен прыняць мірны плян, распрацаваны «вялікай васьмёркай». А вось учора ў праграме нашай радыёстанцыі мэр сэрбскага гораду Ніш выказаў востры пратэст супроць натаўскіх налётаў, але адначасна ён заклікаў урад Югаславіі адназначна выказацца ў справе: ці яно зьбіраецца прыняць прапановы «вялікай васьмёркі» ці не. Па сутнасьці ён заклікаў урад сваёй краіны прыняць мірныя прапановы. Гэты самы палітычны дзеяч, мэр Нішу, у іншай нашай праграме адкрыта абвінаваціў югаслаўскую армію ў тым, што яна хавае танкі, артылерыю і ваенныя машыны непадалёку ад тых месцаў, дзе пражывае цывільнае насельніцтва. Больш таго, ён абвінаваціў армію ў тым, што яна зацікаўленая ў як найбольшай колькасьці цывільных ахвяраў.

Штодзённае жыцьцё пад бомбамі робіцца для югаславаў з кожным днём усё больш і больш складаным. У Бялградзе і іншых гарадах краіны практычна прыпынілася праца грамадзкага транспарту. На мінулым тыдні ўрад зьменшыў колькасць бэнзыну, якая належыцца кожнаму югаслаўскаму аўтамабілісту на карткі: з 40 да 20 літраў. Ды і гэтую колькасць паліва атрымаць цяжка. Бальшыня заправак зачыненая. У крамах амаль няма цыгарэтаў, а як толькі яны зьяўляюцца ў продажы па дзяржаўных цэнах — перад крамамі адразу паўстаюць вялізныя чэргі. Уведзеныя абмежаваньні на продаж цукру і мукі, хоць гэтых прадуктаў харчаваньня ў крамах пакуль не бракуе. Магчыма, гэтыя цяжкасьці таксама спрычыніліся да нараджэньня апазыцыйных настрояў. Пра што ж сьведчыць гэтая новая ўнутрыпалітычная сытуацыя ў Югаславіі? Спадар Пэіч працягвае:

(Пэіч:) «Я не хацеў бы перабольшваць значэньне ўсіх гэтых фактаў. Але іх трэба ўзяць пад увагу, таму што сэрбскае тэлебачаньне ўвесь час перадае прапаганду аб адзінстве сэрбскага народу. Магчыма, сэрбы і адзіныя ў пратэстах супроць паветраных атакаў НАТО, але яны зусім не адзіныя ў сваёй падтрымцы прэзыдэнта Мілошавіча».

Але ці дастатковыя гэтыя праявы апазыцыйнасьці дзеля таго, каб зьвергнуць рэжым прэзыдэнта Мілошавіча і адкрыць шлях да мірнага пагадненьня? На гэтае пытаньне Нэрад Пэіч адказаў наступным чынам:

(Пэіч:) «Я так зусім ня думаю. Мяркую, што праявы апазыцыйнасьці ў Сэрбіі даволі кволыя. Няма масавай апазыцыі. Мілошавіч пакуль што кантралюе амаль усе галіны жыцьця. У ягоных руках паліцыя, армія, прапагандысцкі апарат. Гэта клясычная дыктатура. І я баюся, што на сэрбаў абрынецца яшчэ шмат новых пакутаў. Сэрбы ня ведаюць, якія злачынствы робяць іх войскі ў Косаве, іх сябры, дзеці, сваякі. І я думаю, што атакі НАТО будуць працягвацца».

На гэтым тыдні зь місіяй добрай волі ў Бялград накіроўваецца найвышэйшы камісар ААН у справах правоў чалавека Мэры Робінсан. Яна мае намер сустрэцца з прэзыдэнтам Югаславіі Слабаданам Мілошавічам і выказаць яму востры пратэст супроць практыкі парушэньня правоў чалавека ў Югаславіі.

Шмат хто з палітычных аглядальнікаў даволі скептычна ставіцца да гэтага візыту. А шанаваная міжнародная арганізацыя Амэрыканскі Яўрэйскі Камітэт нават ахарактарызавала гэты візыт як грубую памылку і заклікала Робінсан скасаваць яго. У адкрытым лісьце да Робінсан арганізацыя сьцьвярджае: «Сустракацца зь Мілошавічам у той момант, калі ягоная кампанія забойстваў і масавага прымусовага перасяленьня людзей працягваецца, раўназначная легітымізацыі чалавека, які яўляе сабой антытэзіс усім тым вартасьцям, за якія Вы абяцалі змагацца».