Навіны 20 красавіка 1999 г.

Любоў Лунёва, Менск

Днямі скончылася сьледства па крымінальнай справе, якую ўзбудзіла пракуратура Менску супраць намесьніка старшыні "Маладога фронту" Яўгена Скочкі. Цяпер справа будзе перададзеная ў суд.

14 лютага 1999 году, у Дзень сьвятога Валянціна, адбылася акцыя "Маладога фронту" пад лёзунгам "Беларусь - у Эўропу". Арганізатарам і адказным за правядзеньне акцыі быў Яўген Скочка. Пад час шэсьця юнакі абыходзілі амбасады Францыі, Вялікабрытаніі, Нямеччыны, Польшчы, і ўручалі супрацоўнікам амбасадаў лісты, у якіх заяўлялася пра намер моладзі будаваць незалежную эўрапейскую краіну, а таксама не падтрымліваць дыктатарскую палітыку.

(Скочка:) " Сама справа была ўзбуджаная 23 лютага, за некалькі дзён да майго выхаду са спэцразьмеркавальніку. Са спэцразьмеркавальніку мяне прывезьлі непасрэдна ў пракуратуру, нават вызваліўшы на дзьве гадзіны раней да тэрміну. Следчы па важных справах Магарыл зачытаў паперку, дзе было напісана, што па факце 14 лютага узбуджаная крымінальная справа, і я з'яўляюса падазраваемым. Сьледчы рабіў выгляд "добрага чалавека", увесь час вітаўся, усьміхаўся. Калі перачытваў справу, я бачыў, што гэтая справа рыхтавалася менавіта як групавое парушэньне. Багатае дасье - даведкі з маёй школы... Чаму ўлады пайшлі на крымінальную справу? Як заўсёды, яны баяцца моладзі. І любая, нават дробная праява супраціву гэтай уладзе з боку моладзі ў іх выклікае шаленства. Спачатку яны, калі ўваходзяць у адносіны з "Маладым фронтам", спрабуюць пагражаць - маўляў, нейкія там малакасосы, ці — вы ж такія маладыя, адукаваныя, добрыя. Але пасьля, калі ёсьць за што зачапіцца, дык улады абавязкова заводзяць крымінальную справу ці адміністратыўную, і абавязкова караюць. За мяжой нават турма чужая, а тут- свая. Там няма чаго рабіць, за мяжой. Я вырас на гэтай зямлі, і акрамя гэтай зямлі я сабе нічога не ўяўляю. Я лічу, што ў прынцыпе да турмы ня дойдзе. Хутчэй за ўсё, каб мяне "вырубіць", могуць даць максымальны тэрмін умоўна. Максымальны тэрмін - гэта тры гады. Каб я болей не тое што не прыходзіў на акцыі пратэсту, а каб болей не быў здольны іх арганізоўваць і нават казаць нешта супраць уладаў. Але ўлады, як звычайна, жорстка памыляюцца. Спыніць моладзь немагчыма".