Навіны 16 красавіка 1999 г.

Віталь Тарас, Менск

Да заканчэньня тэрміну перарэгістрацыі грамадзкіх аб'яднаньняў на падставе прэзыдэнцкага дэкрэту №2 засталося ўсяго два з паловай месяцы. Пакуль гэтую працэдуру ў МінЮсьце прайшлі ад 1 лютага толькі спартова-фізкультурныя таварыствы ды некалькі арганізацыяў інвалідаў. Астатнія грамадзкія арганізацыі чакаюць сваёй чаргі. Між тым некаторыя арганізацыі пачуваюцца ў Беларусі досыць вольна, часам — і без афіцыйнай рэгістрацыі.

У Міністэрстве Юстыцыі адмаўляюцца паведамляць інфармацыю пра колькасьць аб'яднаньняў, што прайшлі перарэгістрацыю. Вядома аднак, што гэткіх шчасьліўчыкаў пакуль — пераважная меншасьць. Разам з тым, паводле інфармацыі грамадзкага фонду імя Льва Сапегі, акрамя папярэджаньняў, ужо вынесеных МінЮстам Партыі БНФ і Аб'яднанай Грамадзянскай Партыі, папярэджаньні атрымалі апошнім часам практычна ўсе грамадзкія аб'яднаньні, якія вылучылі сваіх прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі на прэзыдэнцкіх выбарах.

Тым часам публікацыі ў афіцыйнай прэсе, прысьвечаныя Лужкову, Зюганаву, Лебедзю, іншым прэтэндэнтам на пост прэзыдэнта Расеі, а таксама думскім дзеячам ды расейскім губэрнатарам, шматкроць перавышаюць інфармацыю пра беларускую апазыцыю і прэзыдэнцкія выбары, прызначаныя Вярхоўным Саветам. Дый тая інфармацыя мае выключна нэгатыўны характар, а актывісты гэтае кампаніі выстаўляюцца як парушальнікі закону ды наагул ворагі беларускай дзяржавы.

Аднак не да ўсіх грамадзкіх актывістаў улады ставяцца аднолькава. Напрыклад, групоўкі «Русского Национального Единства» адкрыта дзейнічаюць ня толькі ў Менску, але й шмат у якіх абласных цэнтрах ды іншых беларускіх гарадох. Пры гэтым баркашоўцы не абцяжарваюць сябе намаганьнямі зарэгістравацца ў МінЮсьце, а ўлады з свайго боку ня чыняць ніякіх захадаў, каб забараніць дзейнасьць гэтай фашыстоўскай арганізацыі ў Беларусі.

Справа аб нападзе баркашоўцаў на актывістаў «Хартыі-97», які быў зьдзейсьнены ўзімку ў самым цэнтры Менску, зацягваецца прынамсі яшчэ на два месяцы. А ўдзельнікаў рэйду РНЕ па Беларускім Доме Друку, якія раздавалі фашыстоўскую літаратуру ў рэдакцыях, ніхто і не шукае дагэтуль.

Між тым на гэтым тыдні ў прэсавым цэнтры Беларускага Дома Друку — установе цалкам дзяржаўнай — адбылася, так сказаўшы, «прэзэнтацыя» Беларускага Саюзу «Отечество». Першага сакратара ЦК гэтай новаяўленай арганізацыі сп. Макеева прадставіў дырэктар маскоўскага Інстытуту Праблемаў СНД, у мінулым — вядімы камсамольскі дзеяч Канстанцін Затулін. Ён, дарэчы, і не хаваў, што гэты саюз ня толькі дублюе назву расейскага саюзу, створанага пад эгідай мэра Масквы, але мае тыя самыя мэты — падтрымку Лужкова на будучых выбарах у Расеі.

Макееў, як выявілася, жыве ў Беларусі ўсяго некалькі гадоў. Апошнім часам працаваў намесьнікам старшыні беларускага спартовага таварыства «Спартак», а да 1991 году жыў у Літве, улады якой, дарэчы, шукалі Макеева ў сувязі з прыналежнасьцю яго да ГКЧП. Паводле Макеева, праўда, зараз абвінавачаньні зь яго зьнятыя.

Назваць кагосьці яшчэ з жыхароў Беларусі — актывістаў «Отечества» — ён ня здолеў і заклікаў журналістаў дачакацца ўстаноўчага зьезду на пачатку траўня, у якім, паводле ягоных словаў, прымуць удзел 1500 дэлегатаў.

Відаць, для расейскай выбарчай кампаніі на тэрыторыі Беларусі ўжо цяпер няма ніякіх абмежаваньняў.