Навіны 08 красавіка 1999 г.

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сёньня беларускія спэцслужбы і праваахоўчыя ворганы сталіцы паднятыя "на ногі". Яны шукаюць былую старшыню Нацбанку Тамару Віньнікаву. Па зьвестках, падцьверджаных у Радзе бясьпекі і пракуратуры краіны, у ноч на 8 красавіка Віньнікава зьнікла са сваёй кватэры на вуліцы Адзінцова, дзе яна ўтрымлівалася пад хатнім арыштам. Паведамляецца, што Віньнікава абвешчаная ў вышук.

У Менску шум вакол зьнікненьня віньнікавай падняўся сёньня раніцай, пасьля таго, як у 9 гадзінаў міліцыянтамі была затрыманая і адвезеная ў пракуратуру краіны на допыіт адвакат Людзьміла Ульляшына, якая аказвала Віньнікавай юрыдычную дапамогу. Допыт адвакаткі працягваўся да сярэдзіны дня, пасьля чаго сьледчыя забралі яе на вобыск у юрыдычную кансультацыю Цэнтральнага раёну Менску. На дадзены момант невядома, ці адпушчаная яна на волю.

Нагадаем, што Віньнікава была арыштаваная ў пачатку 1997 году, па падазрэньні ў крадзяжы дзяржаўнай маёмасьці і службовых злоўжываньнях. Спачатку Віньнікава ўтрымлівалася ў ізалятары КДБ ("амэрыканка"),
а з канца 1997 году фактычна знаходзілася пад хатнім арыштам у сваёй кватэры на вуліцы Адзінцова, дзе яе сьцераглі адразу некалькі супрацоўнікаў спэцслужбаў. Усе кантакты Віньнікавай са сьветам пільна адсочваліся, нават па тэлефоне спачатку адказваў невядомы вартаўнік. .

У прэсу, між тым, неаднаразова траплялі зьвесткі, што Віньнікава вельмі хворая. Адвакаты сьцьвярджалі, што ёй патрэбная тэрміновая апэрацыя. Апошнія два месяцы Віньнікава сапраўды правяла ў вайсковым шпіталі, адкуль выпісалася чатыры дні таму. якраз напярэдадні ў "Беларускай дзелавой газэце" было зьмешчана фактычна першае, пасьля арышту, інтэрвью Віньнікавай. У ім яна паведаміла пра нейкага вельмі ўплывовага чалавека з бліжэйшага атачэньня прэзыдэнта, які, на ейную думку, і стаў галоўнай прычынаю ейных бедаў. Гэты чалавек. па ёйных словах, пасьля ейнага арышту значна абагаціўся.

Ня выключана, што зьнікненьне Віньнікавай неяк зьвязанае зь ейнай смелай заявай у бок свайго недабразычліўцы.

Між тым у заяве, накіраванай у друк, пракуратура Беларусі сёньня сьцьвярджае, што "Віньнікава парушыла ўмовы падпіскі аб нявыезьдзе, бо зразумела, што ёй ня удасца пазьбегнуць пакараньня. У сувязі з гэтым Віньнікавай зьмененая мера ўтрыманьня з падпіскі аб нявыезьдзе на ўтрыманьне пад арыштам. Яна абвешчаная ў рэспубліканскі і міждзяржаўны вышук, у тым ліку і з удзелам Інтэрполу". Далей у заяве сьцьвярджаецца, што пракуратурай і праваахоўчымі ворганамі прадпрымаюцца усе неабходныя меры для розыску і арышту Віньнікавай. Пракуратура просіць грамадзянаў, якія што-небудзь ведаюць пра месца знаходжаньня Віньнікавай, паведамляць гэтыя зьвесткі ў міліцыю. Як удалося былой старшыні нацбанку зьбегчы фактычна з-пад варты - зараз таксама высьвятляецца.

Пакуль пракуратура ніякіх зьвесткак у друк не паведамляе.Між тым, незалежныя крыніцы ставяць пад сумнеў магчымасьць уцячы з кватэры, якая ўвесь час знаходзіцца пад аховай. Былы міністр унутраных справаў Юры Захаранка, у прыватнасьці, не выключае, што Віньнікава магла быць выкрадзеная спэцслужбамі ў нейкіх незаконных мэтах. альбо ёй дапамаглі "дабразычліўцы", якія на самой справе дзейнічаюць супраць яе.

Падобна на тое, што сапраўдную тайну гэтага неверагоднага зьнікненьня ўдасца разгадаць ня хутка.