Навіны 24 сакавіка 1999 г.

Віталь Тарас, Менск

Намаганьні ўладаў, скіраваныя на дыскрэдытацыю апазыцыі набылі апошнімі днямі характар поўнамаштабнай прапагандысцкай кампаніі. Галоўным ейным аб'ектам стаў Беларускі Народны Фронт. Службовыя асобы, у тым ліку, напрыклад, намесьнік старшыні Менскага гарвыканкаму абвінавачваюць БНФ, які дзейнічае ў рамках закону, у экстрэмізме і нават параўноўваюць яго зь нелегальнымі фашыстоўскімі групоўкамі. Пры гэтым пагроза расейскага фашызму ўладамі наўмысна не заўважаецца.

Сэрыя выступаў высокапастаўленых дзяржаўных чыноўнікаў, якая пачалася ў нядзелю з тэлеінтэрвію віцэ-прэм'ера Замяталіна, сьведчыць пра тое, што перад імі пастаўленая задача — публічна дэманстраваць сваю ляяльнасьць рэжыму за кошт агульнай крытыкі апазыцыі. Пацьверджаньнем гэтаму можа служыць і публікацыя інтэрвію намесьніка старшыні Менскага гарвыканкаму Віктара Чыкіна ў сёньняшнім нумары газэты «Советская Белоруссия». Зьвяртае на сябе ўвагу тое, што Чыкін, які раней заўсёды падкрэсьліваў, што быццам свае партыйныя прыхільнасьці ён пакідае па-за межамі службовага кабінэту, гэтым разам выступае і ў ролі першага сакратара Кампартыі Беларусі. БНФ, РНЕ, а таксама ўкраінскія «Рух» ды УНА-УНСО ён выстройвае ў адзіны ідэалягічны шэраг, пры гэтым асабліва зьняважлівыя нападкі робяцца на беларускія нацыянальныя сымбалі, а прыхільнікаў «Маладога Фронту» Чыкін называе ня йначай, як «штурмавікамі».

Падобных на гэты выступаў службовых асобаў можна знайсьці цяпер шмат у афіцыйнай прэсе. Што гэта — спроба ўладаў па-свойму падрыхтавацца да чарговых угодкаў БНР, ці гэта дзеяньні з больш далёкім прыцэлам? Вось меркаваньне намесьніка старшыні БНФ Юрыя Хадыкі:

(Хадыка:) «Я думаю, што з больш далёкім, таму што галоўнае, што цяпер непакоіць урад і ягоных адданых служкаў — гэта найперш прэзыдэнцкія выбары 16 траўня, якія створаць для Лукашэнкі сапраўдныя праблемы».

Што да пазыцыі Віктара Чыкіна як дзяржаўнага чыноўніка, дык Юры Хадыка падкрэсьліў:

(Хадыка:) «У дадзеным выпадку ён выказвае тут непавагу да закону, таму што ён павінен добра ведаць пра тое, што БНФ зарэгістраваны, што сьцягі, якія ён выкарыстоўвае — зусім ня створаныя Кубэ, а існуюць сотні гадоў, ну й шмат чаго іншага. Ён зноў дэманструе ваяўнічую антыбеларускасьць, ён зноў прытрымваецца прынцыпу злодзея, які першы крычыць: «Лаві злодзея!» Гэта тыпова зладзейская лёгіка. У чым толькі зь ім можна пагадзіцца — усе спробы стварыць у Беларусь колькі-небудзь уплывовую антыбеларускую арганізацыю правальваюцца, а РНЕ на самой справе — нязначныя тусоўкі моладзі, але ж ён іх ня хоча асуджаць... Самае цікавае, што ён спасылаецца на вынікі міліцэйскага расьсьледаваньня. Я мушу нагадаць сп. Чыкіну, што яны зьявіліся не паўтары гады таму, а раней. Ужо два гады таму яны зрабілі першую правакацыю, тады дружына БНФ здала іх у міліцыю, і яны там зьніклі бязь сьледу, нягледзячы на мае неаднаразовыя звароты да кіраўніка менскай міліцыі генэрала Барыса Казіміравіча Тарлецкага».

Цікава і тое, што Чыкін у згаданым інтэрвію адмовіўся падрабязна адказваць на пытаньне адносна расьсьледаваньня справы, распачатай пасьля нападу баркашоўцаў на актывістаў «Хартыі-97» у цэнтры Менску. Я пацікавіўся ходам сьледзтва ў аднаго з удзельнікаў таго інцыдэнту актывіста «Хартыі» Зьміцера Бандарэнкі.

(Бандарэнка:) «На мінулым тыдні мяне і сп. Бябеніна выклікалі ў Партызанскі РАЎС, там адбылася вочная стаўка. Мы пазналі аднаго з баркашоўцаў, які, на нашу думку, кіраваў гэтай акцыяй. Потым, на наступным тыдні, будзе мая вочная стаўка з адным з гэтых расейскіх нацыстаў, бо падчас гэтай бойкі адзін зь іх даволі моцна пацярпеў. вядзе сьледзтва сьледчы Партызанскага РАЎС Насановіч Васіль Мікалаевіч».

Нагадаю, справа была распачатая 7 лютага сёлета. 7 красавіка скончыцца тэрмін, які адводзіцца на папярэдняе сьледзтва.