Навіны 05 сакавіка 1999 г.

Мікола Іваноў, Прага

Вядомая прыватная міжнародная праваабарончая арганізацыя Ліга Правоў Чалавека», якая мае асацыяваны статус пры Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў, выступіла са спэцыяльнай заявай у сувязі з арыштам старшыні Цэнтральнай Выбарчай Камісіі Беларусі Віктара Ганчара.

Ліга Правоў Чалавека выказвае сваю заклапочанасьць грубым стаўленьнем міліцыі да дэмакратычна абранага і легітымнага старшыні ЦэнтарВыбарКаму, які быў зьбіты, а ў ягонай машыне была выбітая шыбіна. Акрамя таго ліга выказвае сваё абурэньне забаронай уладаў Віктару Ганчару скантактавацца зь ягоным адвакатам Гары Паганяйлам. У заяве адзначаецца, што суд за зачыненымі дзьвярыма над Ганчаром нагадвае самыя цёмныя старонкі гісторыі таталітарных рэжымаў.

Ліга заклікае Ганчара не пагаршаць яшчэ болей стан свайго здароўя і прыпыніць сухую галадоўку. У заяве адзначаецца, што нават далай-лама скрытыкаваў сваіх прыхільнікаў у Тыбеце, якія ў летась праводзілі сухую галадоўку аж да сьмерці. Ліга зьвяртаецца да амбасадара, старшыні місіі АБСЭ ў Менску сп. Віка з просьбай наведаць Ганчара ў турме і сачыць за ўмовамі ягонага зьняволеньня.

Ліга ў сваім звароце зьвяртае ўвагу сусьветнай супольнасьці на грубыя парушэньні ў Беларусі правоў журналістаў, юрыстаў, дэпутатаў парлямэнту, дзяячак жаночага руху, інвалідаў і дзяцей.

Ад свавольства прэзыдэнта Лукашэнкі і чыноўнікаў ягонай адміністрацыі ў Беларусі пакутуюць дэпутаты дэмакратычна абранага парлямэнту, Канстытуцыйнага Суду, Цэнтральнай Выбарчай Камісіі, адзначаецца ў звароце. Мясцовыя выбары ў краіне могуць быць прызнаныя справядлівымі і дэмакратычнымі толькі тады, калі гэта пацьвердзіць місія АБСЭ ды іншыя міжнародныя арганізацыі. Раней прэзыдэнт Лукашэнка спрыяў прыняцьцю такога выбарчага закону, які перашкаджае апазыцыі свабодна ўдзельнічаць у выбарах. І таму выбары могуць адбыцца толькі пад строгім кантролем ягонай вэртыкальнай адміністрацыі. Лукашэнка не звяртае ўвагі на пратэсты сусьветнага грамадзтва і нават місіі АБСЭ ў Менску. Ніякія выбары ў такіх умовах ня могуць быць дэмакратычнымі.

Усё, што робіцца сёньня ў Беларусі, адзначаюць кіраўнікі Лігі Правоў Чалавека, супярэчыць элемеэнтарным нормам міжнароднага права. Гэта — ганьба для дэмакратыі. З Лукашэнкам нельга болей шукаць кампрамісаў. Наадварот, заходнія дэмакратыі і АБСЭ павінны востра рэагаваць на ўсе факты парушэньня правоў тых, хто пазбаўлены магчымасьці мірна і спакойна выказваць сваю думку і ўдзельнічаць у працы дэмакратычных інстытуцыяў, якія пазбаўленыя права на дыялёг з аўтакратычным урадам сваёй краіны.

Толькі такая прынцыповая пазыцыя можа палепшыць сытуацыю. Кампраміс з Лукашэнкам раўняецца супрацоўніцтву зь ім, адзначаецца на заканчэньне ў звароце Міжнароднай Лігі Правоў Чалавека.