Сёньня стала вядома, што яшчэ адзін сябар ЦэнтарВыбарКаму Анатоль Гурыновіч трымае ў спэцразьмеркавальніку на Акрэсьціна галадоўку пратэсту. Чацьверты дзень усухую ў спэцразьмеркавальніку галадае старшыня ЦВК Віктар Ганчар. У вязьніцы ўтрымваюцца таксама сакратар ЦВК Барыс Гюнтэр і старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна-96» Алесь Бяляцкі. Таксама сёньня распачаўся судовы працэс над старшынём менскай гарадзкой арганізацыі Беларускага Гельсынскага Камітэту Валерыем Косткам. Чацьверты дзень сухой галадоўкі Віктара Ганчара ў камэры спэцразьмеркавальніка прымусіў вядучых беларускіх палітыкаў і грамадзкіх дзеячоў зьвярнуцца да місіі АБСЭ з просьбай умяшацца ў сытуацыю. У заяве, падпісанай старшынём Вярхоўнага Савету і лідэрамі найбуйнейшых дэмакратычных партыяў, місіі АБСЭ прапануецца наведаць спэцразьмеркавальнік, каб даведацца пра стан здароўя Ганчара і пераканацца, што над ім ня чыняць фізычнага гвалту. «Над Віктарам Ганчаром быў ужыты брутальны фізычны гвалт. Ён быў асуджаны на закрытым судзе без прысутнасьці адваката», - гаворыцца ў звароце. Спыніць сухую галадоўку Віктара Ганчара сёньня заклікала выканаўчы дырэктар Міжнароднай Лігі Правоў Чалавека Кэці Фіцпатрык. Яна таксама зьвярнулася асабіста да кіраўніка місіі АБСЭ ў Беларусі Ганса-Георга Віка з просьбай асабіста прасачыць за тым, каб у дачыненьні да Ганчара былі захаваныя ўсе правы. У прадстаўніцтве АБСЭ ў Беларусі нашаму радыё паведамілі, што ўсе звароты атрымалі, але чакаць сёньня наведваньня прадстаўнікамі АБСЭ спэцразьмеркавальніка на Акрэсьціна ня варта. Разам з тым сёньня стала вядома, што яшчэ адзін сябар ЦВК Анатоль Гурыновіч, асуджаны на 5 сутак трымае ў камэры галадоўку пратэсту. Пра гэта нашаму радыё паведаміла жонка Валянціна Гурыновіч. (В.Гурыновіч:) «Сёньня мне затэлефанаваў чалавек, які быў разам з Анатолем у гэтай камэры сёньня ён вызваліўся ён сказаў, што Анатоль галадае і прасіў перадаць яму толькі мінэральную ваду і цыгарэты». У спатканьні з мужам Валянціне Гурыновіч адмаўляюць. У камэры спэцразьмеркавальніка ўтрымваецца таксама сакратар ЦВК Барыс Гюнтэр. Тамсама 10 сутак адбывае старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна-96» Алесь Бяляцкі, асуджаны за правядзеньне 27 лютага ў Менску антыфашыстоўскай акцыі. Сёньня ў Менску распачаўся судовы працэс ў справе іншага арганізатара антыфашыстоўскай акцыі Валерыя Косткі, старшыні менскай арганізацыі Беларускага Гельсынскага Камітэту. Яго абвінавачваюць у парушэньні правілаў правядзеньня акцыі шэсьце адбылося не па ходніках, як дазволіў Менгарвыканкам, а па першай паласе праезнай часткі, бо на ходніках ляжалі велічэзныя сумёты, а з дахаў зьвісалі небясьпечныя крыгі. На працэсе прысутнічалі прадстаўнікі АБСЭ. Адвакат Гары Паганяйла накіраваў скаргу на Менгарвыканкам, які прыняў, на ягоную думку, правакацыйнае рашэньне, і да разгляду гэтае скаргі рашэньне адкладаецца. Наступнае паседжаньне суду заплянаванае на 14 сакавіка. Трэці арганізатар антыфашыстоўскай акцыі сябар аргкамітэту «Хартыі» Зьміцер Бандарэнка у складзе беларускай дэлегацыі накіраваўся ў Прагу, дзе павінен сустрэцца з прэзыдэнтам Чэхіі Вацлавам Гаўлам. Як паведаміў прэсавы цэнтар «Хартыі», беларусы будуць імкнуцца прыцягнуць увагу эўрапейскай грамадзкасьці да сытуацыі з арыштаванымі сябрамі ЦэнтарВыбарКаму і праваабаронцамі. Апрача гэтага, як паведаміла прэсавая служба «Хартыі», у Эўрапарлямэнце дэпутатамі Шрэтэр і Гартам падрыхтаваная жорсткая рэзалюцыя ў справе цяперашняй сытуацыі ў Беларусі. Юрась Карманаў, Менск Да інфармацыі нашага карэспандэнта дадамо, што дэлегацыя зь Беларусі, пра якую гаварыў Юрась Карманаў і якая прадстаўляе Каардынацыйны Камітэт Дэмакратычных Сілаў Беларусі, сапраўды ў гэтыя дні знаходзіцца ў Празе. Галоўная мэта візыту паінфармаваць чэскія палітычныя колы пра тое, што тэрмін прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі сканчаецца сёлета ў ліпені і што з гэтай нагоды ў Беларусі распачатая новая прэзыдэнцкая выбарчая кампанія. Сёньня госьці зь Беларусі а гэта ня толькі згаданы Зьміцер Бандарэнка, але й Генадзь Карпенка, Аляксей Кароль, Міхась Пастухоў і Андрэй Саньнікаў наведалі рэдакцыю Радыё Свабода/Свабодная Эўропа. Яны далі інтэрвію супрацоўнікам літоўскай, латыскай, расейскай, чэскай, славацкай і паўдзённаславянскай службаў нашага радыё. Раней госьці зь Беларусі мелі спатканьне ў чэскім парлямэнце у пэтыцыйным камітэце і ў камітэце па замежнай палітыцы. У праграме візыту таксама спатканьне ў Сэнаце, у канцылярыі прэзыдэнта і ў Міністэрстве Замежных Справаў Чэскай Рэспублікі. Дэлегацыя Каардынацыйнага Камітэту Дэмакратычных Сілаў паінфармавала чэскіх палітыкаў і журналістаў пра становішча ў Беларусі. Асаблівую цікавасьць выклікала распачатая кампанія па выбарах прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь.