Навіны 24 лютага 1999 г.

Віталь Тарас, Менск

Улады Беларусі імкнуцца ўсталяваць татальны ідэалягічны кантроль над усімі формамі грамадзкага жыцьця - у першую чаргу над гуманітарнымі навукамі, адукацыяй ды асьветай. Пра гэта сьведчыць чарговы дакумэнт за подпісам віцэ-прэм'ера Замяталіна, у якім пастаўленая задача выкараніць "крамолу" з падручнікаў і дапаможнікаў па гісторыі Беларусі.

Варта нагадаць, што ідэя прывесьці гісторыю ў адпаведнасьць з новай, так бы мовіць, палітычнай кан'юнктурай, належыць Аляксандру Лукашэнку. Забясьпечваць гэты працэс было даручана Уладзімеру Замяталіну, калі той яшчэ працаваў у адміністрацыі прэзыдэнта. Як высьветлілася, Замяталін працягвае займацца гэтаю справаю і на пасадзе віцэ-прэм'ера.

2 лютага сёлета на ягонае імя паступіла дакладная запіска паводле экспэртнай ацэнкі навучальнага дапаможніка "Гісторыя Беларусі. Матэрыялы да экзамэну". Ужо ў самым пачатку дакладной запіскі выстаўленыя абвінавачаньні аўтару дапаможніка Шаровай у тым, што яна карыстаецца ацэнкамі, "блізкімі да сфармаваных нацыянал-патрыётамі погладам на беларускую гісторыю ў апошняе дзесяцігодзьдзе". Асаблівае раздражненьне аўтараў дакладной запіскі выклікае наступная выснова: "прычыны распаду СССР заключаліся ў тым, што ён з самага пачатку свайго існаваньня ўяўляў сабой утварэньне, якое трымалася на ўсяўладдзі КПСС. Яе падзеньне абумовіла развал СССР".

Далей ідзе пералічэньне ўсіх ідэйных памылак у дапаможніку з пазначэньнем старонак і адпаведнымі камэнтарамі.

Напрыклад - "Старонка 74. Агульнапрызнанае паняцьце "Кастрычніцкая рэвалюцыя" нідзе не згадваецца, заменена тэрмінам "кастрычніцкія падзеі на Беларусі". "Старонка 77. Фармаваньне БНР суправаджаецца словамі "узрастала надзея на дапамогу Германіі ў пабудове дзяржаўнасьці Беларусі". Камэнтар наступны: "Гэта пераклікаецца з надзеямі калябарацыяністаў у гады Вялікай Айчыннай вайны". "Старонка 91-94. Ствараецца супярэчлівае ўспрыманьне гісторыі Беларусі ў 20-30 гады. Спроба паказу рэальнага падвышэньня культурнага, адукацыйнага ўзроўню масаў нэўтралізуецца акцэнтаваньнем увагі на тым, што "ў гэтыя гады ўмацаваўся таталітарны палітычны рэжым. Усе посьпехі абярнуліся для беларусаў абмежаваньнем у разьвіцьці нацыянальнае культуры і нараджэньнем марксысцкае ідэалёгіі". Само ўзгадваньне сталінскай таталітарнай сыстэмы абвешчана непрымальным.

І яшчэ адно абвінавачаньне, магчыма, галоўнае. У дапаможніку ёсьць спасылкі на выданьні "Спадчына", "Беларускі гістарычны часопіс", "Беларуская мінуўшчына".

І выснова: "Навучальны дапаможнік арыентуе навучэнцаў на ўспрыманьне гісторыі Беларусі з пазыцыяў беларускай нацыянальна-радыкальнай апазыцыі". Подпіс - галоўны дарадца Упраўленьня сацыяльна-культурнай палітыкі апарату Савету Міністраў Васіль Баранаў.

Некалі Баранаў служыў у Міністэрстве Абароны разам з палкоўнікам Замяталіным, апошнім часам ён працаваў у прэсавым цэнтры Рады Бясьпекі Беларусі. І вось цяпер стаў "экспэртам" у гістарычных пытаньнях. Зазначу, што ягоная "дакладная", у адрозьненьне ад дапаможніка, напісаная па-расейску, і цытаты ў ёй прыводзяцца чамусьці то на беларускай, то на расейскай мове.

Па-расейску напісаная і рэзалюцыя Замяталіна: "Фальсыфікацыя як тэндэнцыя перш за ўсё ў гісторыі ўсё яшчэ навязваецца ды існуе ў навуцы і адукацыі. Прычыны, верагодна, у наступным. Першае. Беспрынцыповасьць (хранічная) адказных асобаў. Другое. Згодніцкі падыход да зьместу і прынцыпаў тлумачэньня і выкладаньня гісторыі. Трэцяе. Адсутнасьць адзінага дзяржаўнага погляду на гісторыю краіны ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь і ажыцьцяўляемай дзяржаўнай палітыкі. Чацьвертае. Неразборлівасьць у кадравых прызначэньнях. Пятае. Нявырашанае пытаньне ліцэнзаваньня падручнікаў і навучальных дапаможнікаў".

Віцэ-прэм'ер патрабуе "прыняць меры да 1 сакавіка гэтага году". Патрабаваньне накіраванае прэзыдэнту АН Вайтовічу, міністру адукацыі Стражаву, старшыні Дзяржкамдруку Падгайнаму, рэктару Белдзяржунівэрсытэту Казуліну.