Навіны 16 лютага 1999 г.

Міхал Стэльмак, Менск

Пытаньне аб выдзяленьні Беларусі кампэнсацыйнага крэдыту Міжнародным Валютным Фондам застаецца адкрытае. Такі вынік наведаньня Беларусі місіяй фонду, якая знаходзілася тут ад 2 да 13 лютага.

Як паведамілі нашаму радыё у менскім прадстаўніцтве МВФ, місія фонду пакінула ў мінулую суботу Менск без сваіх публічных ацэнак стану перамоўнага працэсу з уладамі Беларусі. Кіраўнік місіі Томас Вулф тым самым даў зразумець сродкам масавай інфармацыі, што інтрыга з вырашэньнем фондам лёсу кампэнсацыйнага крэдыту для беларускай дзяржавы працягваецца.

Зрэшты, інфармацыйны вакуум з боку міжнароднай фінансавай арганізацыі тут жа запоўніў партнэр па перамовах. 15 лютага Нацыянальны Банк Беларусі выступіў з уласным тлумачэньнем вынікаў двухтыднёвага знаходжаньня ў Менску прадстаўнікоў МВФ. «У ходзе перамоваў фонду і НацБанку, - гаворыцца ў паведамленьні беларускага боку, - удалося дасягнуць узаемапаразуменьня ў шырокім спэктры пытаньняў. Гэтыя пытаньні тычыліся ў асноўным крэдытнай і фінансавай палітыкі». З далейшага паведамленьня НацБанку вынікае, што місія МВФ мяркуе зноў наведаць Менск з мэтай працягу дыялёгу па праграме надзвычайнага і кампэнсацыйнага фінансаваньня прыкладна ў сярэдзіне сакавіка. І заканчваецца дакумэнт прэсавай службы Пятра Пракаповіча амаль што сэнсацыйнай абвесткай: «Было выказана таксама меркаваньне аб пачатку перамоваў у будучыні і па верагодным выдзяленьні крэдыту стэнд-бай».

Прэсавы сакратар старшыні Нацыянальнага Банку Міхаіл Журавовіч, камэнтуючы гэтую абвестку для нашага радыё, патлумачыў, што пытаньне аб магчымым выдзяленьні Міжнародным Валютным Фондам крэдыту па праграме стэнд-бай закраналася падчас цяперашняга візыту прадстаўнікоў МВФ у пляне пэрспэктыўнага супрацоўніцтва бакоў. Як толькі Беларусі будзе выдзелены кампэнсацыйны крэдыт, тады - патлумачыў сп. Журавовіч - бакі дамовіліся, што адразу ж можна прыступіць да новага дыялёгу, гэтым разам - аб шматмільённым крэдыце стэнд-бай.

На думку прэсавага сакратара Пракаповіча, такое разьвіцьцё падзеяў ва ўзаемадачыненьнях Міжнароднага Валютнага Фонду і Беларусі мае высокую верагоднасьць. У прыватнасьці НацБанк, паведаміў ён, у цэлым выканаў тыя абавязаньні, якія ён браў перад МВФ па стане на 1 лютага. Напрыклад, заявіў Міхаіл Журавовіч, банк лібэралізаваў валютны рынак краіны да тых паказчыкаў, якія былі зафіксаваныя бакамі ў папярэдніх дамоўленасьцях.

Сапраўды, паводле меркаваньня незалежных экспэртаў, з боку ўладаў Беларусі апошнім часам назіраецца відавочнае жаданьне скарэктаваць сваю фінансавую палітыку, у прыватнасьці - скарэктаваць у кірунку лібэралізацыі мэханізм курсаўтварэньня беларускага рубля.

Такім чынам, выглядае, што афіцыйны Менск ва ўзаемадачыненьнях зь Міжнародным Валютным Фондам спрабуе задаволіць яго патрабаваньні. Рэч аднак у тым, наколькі хопіць беларускіх уладаў для такіх паводзінаў. Нагадаю: на самым пачатку перамоваў бакоў у пытаньні кампэнсацыйнага крэдыту меркавалася, што МВФ можа выдзеліць яго для Беларусі ўжо ў сакавіку сёлета. Цяпер жа высьвятляецца, што ў сакавіку прадстаўнікі фонду маюць намер наведаць Менск з чарговай праверкай выкананьня партнэрам сваіх абавязаньняў. Дарэчы, гэта будзе ўжо чацьвертая місія МВФ, якая мае намер прыехаць у Беларусь на перамовы аб кампэнсацыйным крэдыце. Ня выключана, што не апошняя, бо, як сталася вядомым сродкам масавай інфармацыі, госьці з Вашынгтону падчас цяперашняга знаходжаньня ў Менску паведамілі беларускаму боку, што лёс згаданага крэдыту будзе вырашацца ўжо ў красавіку-траўні.

Інакш кажучы, канкрэтнай даты разгляду беларускага пытаньня на паседжаньні Рады Дырэктароў МВФ на сёньняшні дзень не йснуе.