Навіны 18 сьнежня 1998 г.

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Вязьняў менскай калёніі – былога дэпутата Вярхоўнага Савету Ўладзімера Кудзінава і маладафронтаўца Аляксея Шыдлоўскага – наведаў у турме кіраўнік групы назіральнікаў АБСЭ ў Беларусі Ганс-Георг Вік. Сп. Вік устрымаўся ад камэнтароў да вынікаў сустрэчы зь людзьмі, якіх у Беларусі лічаць палітычнымі вязьнямі.

Учорашні візыт кіраўніка місіі АБСЭ ў Беларусі Ганса-Георга Віка ў менскую калёнію на вуліцы Кальварыйскай супрацоўнікі місіі просяць не лічыць сэнсацыяй. «Гэта наша звычайная праца. Мы наведваем турмы ў рамках мандату АБСЭ, які прадугледжвае вывучэньне сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі», – патлумачыла першы сакратар групы назіральнікаў АБСЭ Аліна Жасан.

Паводле яе словаў, супрацоўнікі групы і раней наведвалі месцы зьняволеньня. Такіх візытаў было зроблена ўжо шэсьць. А зараз чарга дайшла да кіраўніка групы сп. Віка. Ён пажадаў азнаёміцца менавіта з той калёніяй, дзе сядзяць вядомыя ў Беларусі палітвязьні Ўладзімер Кудзінаў і Аляксей Шыдлоўскі. Аднак гэты выбар, паводле першага сакратара, ніяк не тлумачыцца палітычнымі прычынамі. Аліна Жасан сьцьвярджае, што процідзеяньня з боку беларускіх уладаў у правядзеньні гэтай сустрэчы не было. Наадварот – была аказаная дапамога.

Размова сп. Віка з Уладзімерам Кудзінавым, а потым з Аляксеем Шыдлоўскім адбывалася ў прысутнасьці двух прадстаўнікоў турэмнай адміністрацыі і прайшла, паводле словаў сп-ні Жасан, у шчырай і добразычлівай абстаноўцы. Ад далейшых камэнтароў першы сакратар групы АБСЭ Аліна Жасан адмовілася, дадаўшы, што ня будзе камэнтаваць учорашнюю падзею і кіраўнік групы Ганс-Георг Вік.

Тым ня менш ад жонкі дэпутата Зоі Кудзінавай удалося атрымаць наступную інфармацыю. Паводле словаў Кудзінавай, размова яе мужа з сп. Вікам тычылася як падзеяў у Беларусі, гэтак і ўмоваў утрыманьня і парадкаў у менскай калёніі. Зоя Кудзінава сьцьвярджае, што наведнікаў турмы ўразіў той факт, што дэпутат нягледзячы на зьняволеньне аказаўся ў курсе апошніх палітычных і грамадзкіх падзеяў у Беларусі. Назіральнікі АБСЭ знайшлі Кудзінава ў дастаткова аптымістычным настроі. Ён выказаў ім упэўненасьць, што ў Беларусі палітычнае й эканамічнае становішча ўрэшце палепшыцца, прычым ягоныя дзеці гэтага часу дачакаюцца, кажа Зоя Кудзінава.

Што тычыцца ўмоваў утрыманьня, дык, паводле яе словаў, дэпутат выказаў гэткія прэтэнзіі: ён распавёў, што месяц таму яго прымусілі перанесьці свой ложак на трэці ярус, дзе вельмі дрэннае паветра. Паводле словаў Кудзінавай, прадстаўнікі адміністрацыі калёніі ў прысутнасьці сп. Віка паабяцалі «як найхутчэй вырашыць праблему».

Таксама Кудзінаў паведаміў кіраўніку назіральнай групы АБСЭ пра тое, што двойчы спрабаваў адправіць ліст у Камісію правоў чалавека ААН і двойчы гэты ліст яму вярталі. Зоя Кудзінава сьцьвярджае, што Ганс-Георг Вік запрапанаваў дэпутату сваю дапамогу ў перасылцы пасланьня, а прадстаўнікі адміністрацыі паабяцалі не чыніць перашкодаў.

Усе гэтыя зьвесткі, сьцьвярджае Кудзінава – ад чалавека, які прысутнічаў на сустрэчы.

Увогуле жонка дэпутата выказала велізарнае задавальненьне тым фактам, што гэтая сустрэча адбылася. Яна ўпэўненая, што зараз мужу будзе лягчэй маральна, дый шанец на паляпшэньне ўмоваў утрыманьня ў яго зьявіўся. Але адначасова Зоя Кудзінава выказала зьдзіўленьне, што без умяшаньня назіральнікаў АБСЭ турэмная адміністрацыя ня здолела вырашыць пытаньні, якія ставіў раней дэпутат Кудзінаў.