Навіны 14 сьнежня 1998 г.

Юры Дракахруст, Менск

На мінулым тыдні завяршыліся перамовы чарговай місіі МВФ з афіцыйнымі прадстаўнікамі Беларусі. Кіраўнік місіі, памочнік дырэктара 2-га эўрапейскага дэпартамэнту фонду Томас Вульф абвясьціў, што мае намер рэкамэндаваць радзе дырэктараў Фонду выдзяліць Беларусі надзвычайны і кампэнсацыйны крэдыт.

Яшчэ ў кастрычніку гэтага году афіцыйны Менск у асобе старшыні Нацыянальнага Банку Пятра Пракаповіча зьвярнуўся да МВФ з просьбай аб прадастаўленьні краіне надзвычайнага й кампэнсацыйнага крэдыту. Гэты крэдыт даецца краінам, эканомікі якіх пацярпелі ад чыньнікаў незалежных ад сваіх урадаў. Прадстаўнікі Беларусі спасылаліся на наступствы расейскага крызысу і дрэнны ўраджай.

Адносіны Фонду з Беларусьсю былі фактычна спыненыя яшчэ ў канцы 1995 году. Летам 1998 году краіну пакінуў пастаянны прадстаўнік МВФ. Але гэтым разам кіраўніцтва Фонду з разуменьнем паставілася да просьбы Беларусі. У пачатку лістапада ў Менск прыбыла місія на чале з памочнікам дырэктара 2-га эўрапейскага дэпартамэнту Томасам Вульфам. Падчас двухтыднёвых перамоваў быў вызначаны шэраг умоваў, якія павінен выканаць урад Беларусі, каб дыялёг наконт крэдыту мог працягвацца. Варта адзначыць, што ўмовы прадастаўленьня надзвычайнага й кампэнсацыйнага крэдыту больш мяккія, чым умовы стандартных крэдытаў МВФ кшталту «стэнд-бай».

Высунутыя ўмовы маюць канфідэнцыйны характар. І прадстаўнікі беларускага ураду, і прадстаўнікі Фонду адмаўляюцца камэнтаваць іх сутнасьць. У пачатку сьнежня місія на чале з сп. Вульфам прыбыла ў Менск ізноў, каб паглядзець, што з абяцанага беларускі урад выканаў, узгадніць тыя ўмовы, паводле якіх у лістападзе захоўваліся супярэчнасьці. Гледзячы з усяго, бакі здолелі прыйсьці да згоды. Сп. Вульф абвясьціў, што будзе прапанаваць радзе дырэктараў МВФ, якая зьбярэцца ў канцы лютага будучага году, задаволіць просьбу Беларусі. Як паведамілі мне ў менскім офісе Фонду, крэдыт складае прыкладна 100 мільёнаў даляраў. Калі будзе прынята станоўчае рашэньне, ён будзе прадастаўлены адразу ў поўным памеры.

Пакуль невядома, ці трэба чакаць яшчэ адну місію Фонду да паседжаньня рады дырэктараў. Крыніца ў менскім офісе Фонду выказала меркаваньне, што місія прыедзе яшчэ раз паглядзець, ці выконвае беларускі урад свае абяцаньні. Выказваюцца розныя меркаваньні наконт таго, чаму усё-ж такі Фонд згадзіўся выйсьці насустрач просьбе Беларусі. Па-першае, падкрэсьлім, што гутарка йдзе аб надзвычайным крэдытаваньні пацярпелай краіны. Тое, што Беларусь пацярпела – відавочна. Фонд цяпер вядзе перамовы аб прадастаўленьні такога крэдытаваньня зь іншымі краінамі СНД. Так што гэтым разам Беларусь проста патрапіла ў агульную кампанію пацярпелых. Калі даюць усім, дык адмаўляць Беларусі няёмка. Па-другое, магчыма, заходнія краіны – галоўныя спонсары МВФ – прыйшлі да высновы, што ўжываньне ў дачыненьні да Беларусі выключна тактыкі бізуна ня вельмі эфэктыўнае. Таму цяпер Фонд спрабуе запрапанаваць невялікі пернік, каб атрымаць магчымасьць узьдзейнічаць на палітыку Менску.