13 Ліпеня 2000.
Лісты апошняга тыдня, якія прыйшлі на адрэсу нашага менскага бюро,
чытае і камэнтуе Валянцін Жданко.
У нашай пошце апошнім часам усё больш лістоў ад тых нашых слухачоў зь
мястэчак і невялікіх гарадоў, якія лічаць сваё цяперашняе становішча бязвыходным
і разважаюць пра тое, дзе і як шукаць выйсьце. Вось што напісаў Іван Лянцэвіч
з гораду Ліда Гарадзенскае вобласьці:
“Надакучыла жыць так, як мы цяпер жывем. Мой заробак настаўніка – 20
тысячаў рублёў. Пэрспэктываў атрымаць кватэру – амаль аніякіх, бо, каб
сабраць з гэтых 20 даляраў хаця б на першы ўнёсак – а гэта каля тысячы
даляраў – спатрэбіцца паўжыцьця. Апошнім часам часта слухаю вашыя перадачы,
зь якіх даведваюся, што ў розных гарадох, нават у правінцыі, людзі наладжваюць
акцыі пратэсту – пікеты і нават мітынгі. Я й сам бачу: нешта трэба рабіць,
цярпець і маўчаць далей няма сэнсу. У нашым горадзе, ведаю, ёсьць суполка
БНФ, ёсьць і колькі сталых пікетоўцаў, якіх час ад часу ганяе міліцыя.
Але ўсё гэта выглядае ня надта сур’ёзна. І БНФ, і гэтыя ня вельмі ўраўнаважаныя
людзі, што становяцца ў пікет, мне ня дужа сымпатычныя. Я чалавек памяркоўны,
а ў БНФ трывалая рэпутацыя нацыяналістаў.
Бальшыня маіх знаёмых думае гэтак жа, як я. Кінуць бы ўсё ды зьехаць
за мяжу, але каму мы там патрэбныя? А чакаць, пакуль выправіцца сытуацыя
і настаўнікаў у Беларусі пачнуць цаніць хоць бы гэтак жа, як міліцыянтаў,
здаецца, няма сэнсу”,
– гэта быў ліст Івана Лянцэвіча зь Ліды.
На маю думку, Іван, зьмены адбудуцца тым хутчэй, чым болей людзей думаюць
і разважаюць гэтак жа, як Вы. Грамадзянскі пратэст ды імкненьне да зьменаў,
відавочна, могуць выяўляцца ў розных формах. Вы лічыце немагчымым для сябе
стаць побач зь пікетоўцамі з БНФ? Ёсьць іншыя дэмакратычныя партыі, прафсаюзы.
Ёсьць вашая праца настаўніка: грамадзянская мужнасьць нават у тым, каб
не распаўсюджваць сярод дзяцей тую афіцыйную хлусьню, якую навязвае ўлада.
Будуць, урэшце, справядлівыя выбары – рана ці позна будуць – і дзеля ўласнае
будучыні мы ня маем права зноў памыліцца. Тым болей, Вы й самі назіраеце:
людзей, якія жадаюць зьменаў, усё больш, а гэта значыць, зьмены магчымыя
і блізкія.
Пэнсіянэр Алег Бунявін зь Віцебску піша:
“Вы часта паліваеце брудам Савецкі Саюз. Ды пры Саюзе я на свае 150
рублёў мог купіць 833 буханкі хлеба. Ці 68 кіляграмаў варанае каўбасы.
А цяпер што, пры вашай дэмакратыі? 100 буханак хлеба ці 9 кіляграмаў каўбасы
– у восем разоў меней, чым тады. Правільна робіць Лукашэнка, што душыць
гэтых нацыяналістаў, якія развалілі вялікую дзяржаву. Калі б яму не заміналі
такія, як вы, ды іншыя, што акапаліся на Захадзе і ў Маскве, ён бы ўжо
даўно ўзнавіў вялікі Савецкі Саюз, і мы пілі б піва па 20 капеек”,
– напісаў пэнсіянэр Алег Бунявін зь Віцебску.
За ўсе дзевяць гадоў існаваньня незалежнае Беларусі, спадар Бунявін,
у дзяржаве ані дня не былі пры ўладзе дэмакратычныя палітыкі. Наадварот,
усе гэтыя гады спачатку Вячаслаў Кебіч, а цяпер Аляксандар Лукашэнка толькі
тое і рабілі ў замежнай палітыцы, што спрабавалі аднавіць саюз з Расеяй,
па якім Вы так смуткуеце. Дзеля гэтых мэтаў Лукашэнка сабраў у сваіх руках
такую ўладу, якой ня мае аніводзін лідэр ані ў адной дэмакратычнай краіне.
І калі Вы кажаце пра дзевяць кіляграмаў каўбасы, якія можаце купіць на
свой месячны заробак – дык гэта найперш плён ягоных намаганьняў.
А ўвогуле, настальгічныя ўспаміны пра савецкую каўбасу па 2,20, якой
Вы мераеце дабрабыт савецкага часу, маюць адну цікавую ўласьцівасьць. Вы
памятаеце кошты, але ня згадваеце пра шматгадзінныя чэргі, у якіх усе мы
душыліся, выстойваючы ці каўбасу, ці чаравікі, ці адзеньне…
І піва па 20 капеек, якое Вы марыце зноў піць у адноўленым Саюзе, калі
шчыра, спадар Бунявін, было – згадайма – гідкае і нікуды ня вартае – найчасьцей
разбаўленае, цёплае, і прадавалі яго з брудных цыстэрнаў у брудныя ж слоікі…
Слухач зь Менску, які не пажадаў назваць сваё прозьвішча – падпісаўся
толькі ініцыялам “М.”:
“Чаму беларускую “Свабоду” чуваць горш за расейскую? Павінна ж быць
наадварот: у Расеі, як вядома, ёсьць свабода сродкаў масавай інфармацыі,
а ў нас няма. Тым часам на сярэдніх хвалях вас у Менску ледзь чутна”.
Згодзен, паважаны М., пра гэта нам пішуць многія слухачы – якасьць прыёму
нашых перадачаў ня ўсюды добрая, асабліва на сярэдніх хвалях. Прычыны тут
тэхнічныя, яны ў магчымасьцях абсталяваньня. Аднак мы разьлічваем, што
ў хуткім часе якасьць прыёму (і якраз на сярэдніх хвалях) істотна ўзрасьце.
Гэты ж слухач таксама паведамляе, што з нашых праграмаў даведваецца
пра ўсе асноўныя падзеі ў Беларусі, а вось са стаўленьнем да Расеі ён катэгарычна
ня згодны. “Нянавісьць да Расеі вас ганьбіць”, – заканчвае свой ліст слухач
“М.” зь Менску.
Нянавісьці ані да Расеі, ані да расейцаў, паважаны М., у нас няма. Іншая
рэч – стаўленьне да расейскае палітыкі ў дачыненьні да беларускае дзяржаўнасьці,
беларускае гісторыі, культуры, мовы… Калі расейская палітыка ўяўляе небясьпеку
для будучыні гэтых самых вялікіх для любой нацыі каштоўнасьцяў, мы пра
гэта кажам адкрыта й займаем зусім пэўную пазыцыю.
Сымон Талашэўскі зь Менску піша:
“Няўжо вы там на Захадзе не разумееце, што з Лукашэнкам ні пра што дамовіцца
нельга, што ён разумее толькі сілу. Аніякія перамовы яму непатрэбныя, а
патрэбна толькі як мага даўжэй заставацца пры ўладзе. Пакуль вы там пра
Выбарчы кодэкс спрачаецеся ды пра перамовы, ён вас дзесяць разоў падмане,
а потым правядзе яшчэ адзін рэфэрэндум з пытаньнем “Ці згодныя вы, каб
Лукашэнка заставаўся прэзыдэнтам пажыцьцёва?”. І пераможа на гэтым рэфэрэндуме,
не сумнявайцеся. Бо цяпер у яго такая ўлада, што бюлетэні яму палічаць
так, як ён скажа”,
– напісаў Сямён Талашэўскі зь Менску.
Калі бюлетэні палічаць так, як скажа Лукашэнка, а ня так, як галасавалі
выбаршчыкі, дык беларуская ўлада застанецца не прызнанай Захадам, з усімі
адпаведнымі эканамічнымі й палітычнымі наступствамі. І перамовы, і жорсткія
патрабаваньні да выбарчага закону патрэбныя якраз дзеля таго, каб мець
гарантыі ад любога падману. У гэтым і ёсьць галоўная праява сілы заходніх
дэмакратыяў у дачыненьні да беларускага рэжыму. Пра выкарыстаньне іншае
сілы, спадар Талашэўскі, гаварыць не хацелася б.
На заканчэньне – ліст ад Эдуарда Максімовіча зь вёскі Мількі Браслаўскага
раёну Віцебскае вобласьці. Ён піша:
“Мне ўжо больш як 60 гадоў. Зь іх каля 10-ці гадоў я – інвалід ІІ групы.
Пэнсію атрымліваю невялікую, у пераліку на даляры – каля дваццаці. Хапае
толькі каб пракарміцца, а на лекі і адзеньне не застаецца. А здароўе з
кожным годам пагаршаецца. Жыць з дня на дзень усё горш. Цэны растуць, а
пэнсія не павялічваецца.
Ведаю, што быў у мяне ў Амэрыцы стрыечны брат. Звалі яго Зенусем, прозьвішча
Максімовіч, а па бацьку Карлавіч. Выехаў ён туды ў 40-я гады. Спачатку
быў у паўднёвай Бразіліі, але там клімат не падыходзіў, і ён пераехаў у
ЗША, у Нью-Ёрк. Працаваў аўтамэханікам.
Можа, вы дапаможаце адшукаць мне брата ці падкажаце адрэсу, дзе знайсьці
багатых людзей, каб праявілі да мяне міласэрнасьць ды аказалі якую дапамогу”,
– просіць Эдуард Максімовіч зь вёскі Мількі Браслаўскага раёну.
Пакіну гэты ліст бэз камэнтароў. Дадам толькі, што й такіх просьбаў,
калі людзі просяць або адшукаць сваяка ў Амэрыцы, або аказаць матэрыяльную
дапамогу, бо пражыць на пэнсію немагчыма – становіцца ўсё больш.
А Ваш ліст, спадар Максімовіч, мы перашлем у Беларускі Чырвоны Крыж.
Вялікі дзякуй усім, хто знайшоў час падзяліцца думкамі наконт пачутага.
Пішыце. Чакаем новых лістоў на адрэсу:
паштовая скрынка 111, 220005, Менск-5, Беларусь
Remailer Менскага бюро: svaboda@europe.com Вашыя лісты чытаў
Валянцін Жданко, Менск
паштовая скрынка 111, 220005, Менск-5, Беларусь
Remailer Менскага бюро: svaboda@europe.com Вашыя лісты чытаў
Валянцін Жданко, Менск