20 Красавіка 2000.
Аўтар і вядучы Валянцін Жданко.
У пошце апошніх дзён ёсьць некалькі лістоў, аўтары якіх спрабуюць адказаць
на пытаньне: што чакае Беларусь у блізкай будучыні? Ці захаваецца яна як
незалежная дзяржава?
Алег Марціновіч з Баранавічаў піша: “Сорамна глядзець, як беларускія
нацыянал-дэмакраты чарговы раз прадказваюць хуткае падзеньне Лукашэнкі.
Няма сёньня аніякіх чыньнікаў дзеля перамогі над Лукашэнкам ані ўвосень
2000-га, ані ўвосень 2001-га. І далей цьмяна… Не існуе ў Беларусі тых грамадзкіх
настрояў і тае намэнклятуры, якія зрабілі мачымай пабудову нацыянальных
дзяржаваў, для прыкладу, ва Ўкраіне ці былой савецкай Цэнтральнай Азіі.
Кажуць, у Беларусі ёсьць пратэставы рух, і называюць у якасьці прыкладу
Менск. Але што такое гэты рух? 10 тысячаў палітычна актыўных грамадзянаў
на 2-мільённую сталіцу й 10-мільённую краіну?
Дзеля таго, каб Беларусь магла рэальна адраджацца паводле праектаў БНФ,
народ сам мусіць пагадзіцца на адасабленьне ад Расеі і набліжэньне да Захаду,
перацярпець, прызвычаіцца да новага, пажыць рэальна без Расеі, як тая ж
Фінляндыя. Але ці магчыма зараз Беларусі пайсьці такім шляхам і ўтрымацца
хаця б год? Ці не палезе народ сам пішчом у Расею? Ці не ўзвые па тэлеканалах
з Масквы і свабодным уезьдзе ў Расею без візаў? А бяз гэтага ж, калі кіравацца
мадэлямі БНФ, не абыдзешся. У іншым выпадку беларуская мова так і застанецца
сьмешным славянскім эспэранта…”
Спынім на гэтым цытаваньне ліста Алега Марціновіча з Баранавічаў. Заўважу,
што вашая спасылка, Алег, на 10 тысячаў палітычна актыўных людзей выглядае
не зусім карэктна. І рэч ня толькі ў тым, 10 ці 50 тысячаў выходзяць на
вуліцы Менску пад час масавых акцыяў пратэсту. Лічбы гэтыя ў любым выпадку
ня сьведчаць аб сапраўдных маштабах пратэставых настрояў. Бо, каб выйсьці
сёньня на вуліцу на акцыю апазыцыі, мала аднаго жаданьня – патрэбная сапраўдная
мужнасьць і гатоўнасьць да рызыкі і ахвяраваньня.
Такой ахвярнасьці немагчыма патрабаваць ад мільёнаў, але гэта зусім
ня значыць, што, калі чалавек не выходзіць на вуліцу, бо баіцца страціць
працу ці трапіць у турму, то яго можна залічыць у хаўрусьнікі гэтае ўлады.
Алег Марціновіч бачыць такое выйсьце з гэтае сытуацыі:
“Зараз для беларускай нацыянал-дэмакратыі вельмі адказны момант: або
пайсьці шляхам вечных пратэстантаў без шанцаў на перамогу, або разам з
Расеяй патрошку нешта рабіць… У беларускай нацыянальнай спэцыфіцы можна
так ні да чаго й не прыйсьці, а ў расейскім рэгіянальным памяркоўным руху,
можа, і ёсьць ратаваньне?
Ці ня лепей адразу прызнаць: мадэль пасу дзяржаваў ад Таліна да Сафіі,
празаходняя беларусізацыя – непраходны варыянт для Беларусі. Бо ўявім нават
неверагоднае: што Лукашэнку нейкім чынам адхілілі. Якія дэмакраты прыйдуць
тады да ўлады? Няўжо празаходнікі з БНФ? Наадварот, адразу пасьля зыходу
Лукашэнкі ў Беларусі аформіцца прарасейскі рух, яшчэ больш магутны, чым
партыі Сіманенкі й Мароза ва Ўкраіне… І паміж імі разгарыцца бойка. Эўропа
не захоча прымаць да сябе такую краіну. У выніку беларусаў само жыцьцё
зноў пагоніць у сатэліты да Расеі”…
Гэта быў ліст Алега Марціновіча з Баранавічаў. Выснова надзвычай супярэчлівая:
па-вашаму, Алег, атрымліваецца – паколькі будаваць уласную дзяржаву цяжка,
можа нічога не атрымацца, ды й Эўропа можа не прыняць, то ці ня лепш адразу
скласьці рукі і ўліцца, як Вы пішаце, у “расейскі рэгіянальны памяркоўны
рух”.
Тэза пра тое, што Беларусі не падыходзіць досьвед пасу дзяржаваў ад
Таліна да Сафіі – гэта па сутнасьці сьцьвярджэньне пра непаўнавартаснасьць
беларусаў як народа. Яно ў шырокім ужытку сярод рознага кшталту інтэгратараў,
бо на ім грунтуюцца іхныя ўласныя палітычныя мэты. У сапраўднасьці рух
у Расею – гэта рух да зьнікненьня беларусаў як нацыі.
Але ня толькі. Гэта адначасна й рух да вядомых расейскіх стандартаў
жыцьця, да расейскіх нутрыпалітычных праблемаў і расейскіх жа войнаў, канца
якім ня бачна. Нават тыя зь беларусаў, хто абыякавы да нацыянальных праблемаў,
пачынаюць гэта ўсьведамляць. І ў гэтым, можа, галоўнае на сёньня спадзяваньне
на захаваньне беларускае дзяржаўнасьці.
Сваеасаблівым адказам Алегу Марціновічу можа служыць ліст Паўла Біча
зь Менску. Павал піша:
“Калі бываю ў выправах за межамі Беларусі, мяне часта пытаюць: пры якой
уладзе мы жывем? Цяжка адказаць на гэтае пытаньне. Вось некаторыя кажуць,
што ўлада засталася ранейшай, камуністычнай. Як доказ, называюць відавочнае:
жывем пад савецкімі сьцягамі, ля савецкіх помнікаў, на камуністычных ды
савецкіх вуліцах, сьвяткуем 7 лістапада ды 1 мая…
Але кожны з уласнага досьведу ведае, што жыцьцё, пачынаючы зь 90-х гадоў,
у нас дужа зьмянілася. Людзі сталі жыць значна горш, і зьніжэньне жыцьцёвага
ўзроўню працягваецца. Зьнікла стабільнасьць жыцьця, ніхто ня ведае, што
зь ім будзе праз 2-3 гады. Бяспраўе асобнага чалавека перад начальствам
павялічылася. Калі раней можна было паскардзіцца на начальніка ў партыйны
камітэт, “местком” і нават ЦК КПСС (і часам дамагчыся справядлівасьці),
то цяпер скардзіцца няма каму. Так што называць гэтую ўладу ранейшай не
выпадае.
Сёй-той кажа, што ў нас улада дэмакратаў і рынку, і гэта яны давялі
нас да бяды, – працягвае Павел Біч зь Менску. – Але ж дэмакраты не былі
пры ўладзе аніводнага дня. Шушкевіч быў сьпікерам больш як год, але ў абсалютна
камуністычным Вярхоўным Савеце, і ня мог самастойна кроку ступіць. А Лукашэнка
ў 96-м годзе ўвогуле выгнаў з парлямэнту ўсіх, хто меў дэмакратычныя погляды…
Пры дэмакратыі людзі маюць права на мітынгі, шэсьці, забастоўкі. У нас
за гэта хапаюць, валакуць у кутузку, судзяць, звальняюць… Ва ўмовах рынкавай
эканомікі людзі працуюць на сябе, у нас – на калгас. Хоць кожны ведае,
як чалавек працуе на ўласнай дачы, і як – у калгасе.
Мо, прычына нашых бедаў у тым, што ня маем уласнае незалежнае краіны?
Бо што гэта за дзяржава, у якой бальшыня ключавых пасадаў займаюць выхадцы
з Расеі? Гэта ня ўрад, а нейкая каляніяльная адміністрацыя. Яны ж гэтак
жа лёгка, як прыехалі да нас, могуць і зьехаць на радзіму.
Некаторыя лічаць: маўляў, простага народа гэта ня тычыцца, можна жыць
багата й пры чужой уладзе. Але гэта ня так. Народ у калёніі ня можа жыць
лепш, чым народ мэтраполіі. У калёнію звычайна скідваецца ўся самая цяжкая,
брудная і танная праца.
Некаторыя ж лічаць, што ўлада ў нас крымінальная, і пляваць ёй на камунізм,
каляніялізм і законы – яна кіруе з дапамогаю грубае сілы й зацікаўленая
толькі ва ўласным узбагачэньні. Дзе яшчэ асабісты “прэзыдэнцкі” бюджэт
роўны дзяржаўнаму, бязьсьледна зьнікаюць вядомыя палітыкі, а па вуліцы
нельга прайсьці, не сутыкнуўшыся ці то зь міліцыянтам, ці з “АМАПаўцам”?
Дык пры якой уладзе мы жывем – камуністычнай, каляніяльнай ці крымінальнай?
Думаю, пры кожнай пакрысе, ці пры ўсіх адначасова. І такую ўладу мы сваімі
рукамі (уласнымі неабачлівасьцю й палахлівасьцю) самі паставілі над сабой.
І калі не адумаемся, то анічога добрага нас не чакае”, – гэта быў ліст
Паўла Біча зь Менску.
Ліст, у якім, на маю думку, досьвед, сумневы й балючыя пытаньні многіх
з тых, хто аналізуе падзеі апошняга дзесяцігодзьдзя й задумваецца над тым,
куды мы йдзем і што чакае наперадзе.
На мінулым тыдні мы таксама атрымалі лісты ад Сямёна Шэмета з Касьцюковіцкага
раёну, Алены Шаўцовай зь Віцебску, Ганны Сьцепулёнак з Койданава і Эдуарда
Кумішчы зь Менску. Дзякуй усім. Пішыце.
Чакаем новых лістоў на адрэсу:
паштовая скрынка 111, 220005, Менск-5, Беларусь. Вашыя лісты чытаў
Валянцін Жданко, Менск
паштовая скрынка 111, 220005, Менск-5, Беларусь. Вашыя лісты чытаў
Валянцін Жданко, Менск