Ці будзе аб’яднанай незалежная прэса на прэзыдэнцкіх выбарах?

Ці будзе аб’яднанай незалежная прэса на прэзыдэнцкіх выбарах?

(эфір 27 Лістапада 2000)

Праграму вядзе Віталь Цыганкоў.

(Цыганкоў: ) “Напэўна, хтосьці можа зазначыць, што зараз яшчэ ранавата разважаць пра пазыцыю прэсы на прэзыдэнцкіх выбарах. Аднак менавіта ў наступным месяцы, у сьнежні, Каардынацыйная рада дэмакратычных сілаў мае зацьвердзіць прозьвішча адзінага кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі на выбарах. Ужо цяпер патэнцыйныя прэтэндэнты падбіраюць сабе каманды, намацваюць кааліцыі, шукаюць хаўруснікаў. А адзін зь іх — кіраўнік дзяржавы — даўно і адкрыта праводзіць уласную перадвыбарчую кампанію.

Наколькі рэальна недзяржаўнай прэсе выпрацаваць уласную стратэгію што да прэзыдэнцкіх выбараў? Калі прэса сапраўды “чацьвертая ўлада”, як яна павінна выкарыстаць свае магчымасьці ў самы, бадай, адказны, для краіны час?

Безумоўна, дэмакратычныя партыі пажадаюць, каб незалежная прэса была больш прыхільная менавіта да кандыдата, вылучанага аб’яднанай апазыцыяй. Але гэтак сама відавочна, што кандыдатаў не ад улады будзе больш аднаго. Якую стратэгію павінна выбраць незалежная прэса — ці будзе кожная газэта падтрымліваць “свайго” кандыдата, ці раўнамерна інфармаваць пра кожнага, не аддаючы каму-небудзь перавагу? Адказвае рэдактар газэты “Свободные новости” Аляксандар Уліцёнак…”

(Уліцёнак: ) “З падачы ўлады да недзяржаўнга сэктару масавай інфармацыі прыляпіўся пэўны ярлык: маўляў, мы — падкантрольная апазыцыі прэса. На самой справе ўсё з дакладнасьцю наадварот — ёсьць прэса падкантрольная дзяржаве, якая, безумоўна, будзе падтрымліваць кандыдата ад улады, а ён будзе вядома хто, і яны ўсе разам будуць гуляць у адну гульню. А што тычыцца недзяржаўных СМІ, то тут справа будзе абстаяць па іншаму, бо на ўсё паўплывае непадкантрольнасьць прэсы апазыціі.

Няма сумненьняў у тым, што апазыцыя вылучыць не аднаго кандыдата. Ужо сёньня зразумела, што іх будзе як мінімум тры. І, я мяркую, што ёсьць сэнс расказваць пра ўсіх трох, якія зьявяцца ў статусе незалежнага кандыдата”.

(Цыганкоў: ) “Ёсьць такое меркаваньне, што “Свободные новости” схільны падтрымліваць Чыгіра. Калі вось гэты чалавек будзе вылучаны кандыдатам, вы будзеце аддаваць яму прыярытэт, ці будзеце раўнамерна падтрымліваць усіх дэмакратычных кандыдатаў?”

(Уліцёнак: ) “Тое, што я казаў, як раз і тычыцца пазыцыі “Свободных новостей”. Мы раскажам нашым чытачам пра ўсіх незалежных кандыдатаў і кандыдатаў аб’яднанай апазыцыі. А магчыма і не ад аб’яднанай. Людзі павінны ведаць хто й што нясе, якую праграму прапануе сваім выбаршчыкам. І ў гэтым сэнсе мы ня будзем рабіць стаўку на каго-небудзь аднаго, мы раскажам пра ўсіх і, між іншым, я лічу, што гэта слушны падыход, бо іх найбольшая колькасьць будзе на самым пачатку, а на фінішы будзе адзін, два ці тры.

Калі на фінішы ў тым ліку будзе Чыгір мы, безумоўна, пераключымся на аднаго Чыгіра. Калі гэта будзе Іваноў, Пятроў ці Сідараў — будзем апавядаць пра Іванова, Пятрова, Сідарава згодна з той думкаю, пра якую я ўжо казаў. Мы не падкантрольныя апазыцыі, мы можам ставіцца з прыязнасьцю да таго або іншага чалавека, але нас ніхто не купляў і ў гэтым сэнсе — мы незалежныя. Але гэта не азначае, што мы ня будзем адчуваць сваёй адказнасьці перад народам, перад вялікім электаральным полем…”

(Цыганкоў: ) “Відавочна, што дзяржаўная прэса будзе без вынятку гуляць за аднаго кандыдата — кандыдата ад улады. Можа ў такой сытуацыі незалежная прэса павінна не распыляць свае сілы, а аб’яднацца і падтрымліваць аднаго кандыдата. Можа варта, пакуль яшчэ не позна, прыняць нейкі няпісаныя правілы, кодэкс паводзінаў для недзяржаўнай прэсы на прэзыдэнцкіх выбарах. Ці магчымы й ці патрэбны такі сцэнар разьвіцьця падзеяў? Гаворыць рэдактар газэты “Белорусский рынок» Вячаслаў Хадасоўскі…”

(Хадасоўскі: ) “Прэса — гэта не палітычная партыя, таму перш за ўсё, яна павінна даваць пэўную інфармацыю. І калі на інфармацыйным полі ёсьць некалькі кандыдатаў, дык, зразумела, прэса павінна даваць асьвятленьне падзеяў, зьвязаных з усімі кандыдатамі. Але ж у кожнай газэце ёсьць свая пэўная пазыцыя і яна будзе яе перш за ўсё бараніць”.

(Цыганкоў: ) “А не здаецца Вам, што будзе пэўная фора ў дзяржаўнага кандыдата ад ўлады?”

(Хадасоўскі: ) “Зразумела, яна будзе — таму, што дзяржава валодае электронымі сродкамі масавай інфармацыі. Дзяржава валодае таксама газэтамі, наклады якіх значна больш чым у недзяржаўнай прэсы. Фора, зразумела, будзе, але калі мы ўсе станем палітычнымі арганізыцыямі — мы перастанем быць прэсаю…”

(Цыганкоў: ) “Зразумела, што ўладзе была б выгоднай фрагмэнтацыя беларускага грамадзтва й беларускай незалежнай прэсы, яе падзел на незьвязаныя групоўкі. Зразумела, што ўлада будзе імкнуцца ўплываць і ўзьдзейнічаць на незалежную прэсу. Які падыход будзе пераважаць — пугі або перніка? Адказвае галоўны рэдактар газэты “Наша свабода” Павал Жук…”

(Жук: ) “Адзін момант — гэта перарэгістрацыя. Другі момант — з некаторымі незалежнымі газэтамі сталася тое, што яны проста пастаўленыя ў такое становішча, што ня могуць больш называцца незалежнымі дэмакратычнымі газэтамі. Я ня буду называць гэтыя газэты. Так што ўлады будуць па-рознаму спрабаваць “прыціснуць” незалежную прэсу”.

(Цыганкоў: ) “Я маю наўвазе ня толькі пугу, але й пернік”.

(Жук: ) “Што такое “пернік” у нашым выпадку? Гэта — не закрыць газэту. Што далей будзе рабіць рэжым? Я думаю, што ўсё ж такі будзе жаданьне зачыніць газэты, якія больш радыкальна супрацьстаяць рэжыму…”

(Цыганкоў: ) “Газэта “Белорусский рынок” не зьяўляецца палітычным выданьнем і, найперш, прысьвечаная эканамічным праблемам. “БР” пазьбягае рэзкіх палітычных ацэнак ды імкнецца бесстароньне ацэньваць падзеі ў беларускай эканоміцы й грамадзтве. Аднак пад час прэзыдэнцкай кампаніі і гэтаму выданьню давядзецца рабіць свой выбар. Ці будзеце вы падтрымліваць кагосьці аднаго з дэмакратычных кандыдатаў? Адказвае рэдактар “БР” Вячаслаў Хадасоўскі…”

(Хадасоўскі: ) “Мы лічым, што ўсе кандыдаты ўяўляюць пэўны інтарэс для чытача, таму будзем спрабаваць расказаць як мага больш пра ўсіх кандыдатаў. Расказаць аб’ектыўна, прадставіць іх праграмы, калі яны будуць. Іншае пытаньне — ці будзем падтрымліваць адзінага кандыдата? Зноў жа гэта будзе залежыць ад яго праграмы. Мы маем намер падтрымліваць тую кандыдатуру, якая ставіць задачу разьвіцьця рыначнай эканомікі, рэфармаваньня беларускай эканомікі. Але пэўныя інтарэсы прадстаўляюць і палітычныя погляды, грамадзянскія погляды кандыдата, яго грамадзянская пазыцыя”.

(Цыганкоў: ) “Напрыклад, калі Вы ўбачыце ўжо пасьля выкрышталізацыі іхных праграмаў, што праграма аднаго зь іх вам падабаецца найбольш. Будзе тады газэта менавіта яму аддаваць найбольш увагі, ці па-ранейшаму раўнамерна, бесстароньне кожнаму з дэмакратычных кандыдатаў?”

(Хадасоўскі: ) “Праграма — гэта яшчэ не ўсё. Пэўнае значэньне мае жыцьцёвы шлях гэтага кандыдата, яго рэальныя справы. Таму мы будзем даваць аналіз, але, паўтараю, што любыя падзеі ў пэрыяд падгатоўкі да выбараў маюць пэўны інтарэс для чытача, таму мы будзем старацца аб’ектыўна іх асьвятляць…”

(Цыганкоў: ) “Рэдактар “Нашай Свабоды” Павал Жук лічыць, што ніводнаму беларускаму СМІ няўдасца застацца нэйтральным пад час прэзыдэнцкае выбарчае кампаніі”.

(Жук: ) “За адзінага апазыцыйнага кандыдата трэба будзе змагацца. Я думаю, што газэты, якія лічаць сябе дэмакратычнымі і апазыцыйнымі, могуць быць ці на баку апазыцыйнага адзінага кандыдата, ці на баку Лукашэнкі. Другога тут быць ня можа”.

(Цыганкоў: ) “Значыць, па–вашаму, нэйтральным нельга застацца?”

(Жук: ) “Нэйтральнаму застацца ня ўдасцца нікому — ані газэтам, ані радыё, нікому…”

(Цыганкоў: ) “Так, Павал Жук мае рацыю — нэйтральным не атрымаецца застацца нікому. Але ня меншую рацыю мае і рэдактар “БР” Вячаслаў Хадасоўскі, які гаворыць, што калі прэса становіцца палітычнай арганізацыяй, яна перастае быць прэсаю. Нельга адводзіць СМІ неўласьцівыя ім функцыі.

Прэса — гэта люстэрка грамадзтва, а люстэрка ня можа выцягнуць грамадзтва на нейкі новы ўзровень. Гэты крок наперад грамадзтва павінна зрабіць само”.

Віталь Цыганкоў