Манчэстарскі ўнівэрсытэт – другі паводле колькасьці студэнтаў унівэрсытэт
Вялікабрытаніі. Кожны год на студэнцкія лаўкі тут сядае каля 32 тысячаў
чалавек. Але гэта першы ўнівэрсытэт на Брытанскіх выспах у галіне ажыцьцяўленьня
праектаў супрацоўніцтва з краінамі былое сацыялістычнае садружнасьці, у
галіне ўкараненьня перадавых мэтодаў заходняй пэдагогікі на посткамуністычнай
прасторы. Што і якім чынам робіць Манчэстарскі ўнівэрсытэт, і як з гэтага
маглі б скарыстаць маладыя беларусы – у сёньняшняй перадачы сэрыі “Гаўдэамус”.
Сёньня за былой так званай “жалезнай заслонаю” Манчэстарскі ўнівэрсытэт
ажыцьцяўляе 40 супольных з рознымі ўнівэрсытэтамі й навукова-дасьледнымі
інстытутамі Цэнтральнае ды Ўсходняе Эўропы праектаў. Праекты гэтыя датычаць
як непасрэдна самога навучальнага працэсу, так і шырокага спэктру навуковых
распрацовак. Штогод у рамках гэтых праектаў дзясяткі і нават сотні брытанцаў
(студэнтаў, выкладнікаў і навуковых супрацоўнікаў з Манчэстару) выяжджаюць
на ўсход Эўропы, а іх калегі з былых сацыялістычных краінаў наведваюць
Вялікабрытанію.
Калі нехта з вас, паважаныя радыёслухачы, уважліва слухае перадачы сэрыі
“Гаўдэамус”, напэўна не аднойчы чуў думку нашых экспэртаў, што самы просты
й даступны для беларускай моладзі спосаб паехаць вучыцца за мяжу – гэта
ў рамках супрацоўніцтва паміж унівэрсытэтамі. Нажаль, Беларусь у галіне
гэтага супрацоўніцтва далёка не найбольш актыўная дзяржава.
Кіраўніком-каардынатарам усіх гэтых праектаў Манчэстарскага ўнівэрсытэту
зьяўляецца загадчык яго міжнароднага аддзелу доктар Дэвід Робэртс. Калі
я затэлефаніў яму ў Манчэстар, ён як раз зьбіраўся ў чарговае падарожжа,
тым разам у Санкт-Пецярбург. І, як сказаў ён мне на пачатку нашае размовы,
падарожжы па ўсіх амаль без выключэньня посткамуністычных краінах – гэта
стыль ягонага жыцьця. У падарожжах ён праводзіць больш часу, чымся на мейсцы
ў Манчэстары. Вось чаму, як бы выкарыстоўваючы нагоду, я зьвярнуўся да
яго зь першым пытаньнем: “У чым палягае сутнасьць так значнай і даволі
эфэктыўнай праграмы супрацоўніцтва Манчэстарскага ўнівэрсытэту з краінамі,
якія будуюць дэмакратыю і рынкавую гаспадарку?” Вось, што ён мне адказаў:
(Робэртс: ) “Манчэстарскі Мэтраполітан Унівэрсытэт супрацоўнічае з унівэрсытэтамі
Цэнтральнае ды Ўсходняе Эўропы больш маштабна, чым іншыя вышэйшыя навучальныя
ўстановы Вялікабрытаніі паводле дзьвюх прычынаў: эгаістычнай і альтруістычнай.
Наш альтруізм палягае ў тым, што мы перадаем нашым калегам з Усходу вялікія
дасягненьні брытанскае пэдагогікі, а таксама й брытанскае дэмакратыі, рынкавае
гаспадаркі. Эгаізм – у тым, што мы ўзбагачаем нашыя ўласныя дасьведчаньні,
нашыя навуковыя веды дасягненьнямі калегаў. У рамках гэтага супрацоўніцтва
да нас у Манчэстар прыяжджае шмат таленавітых студэнтаў і вучоных. Нашая
палітыка палягае ў тым, каб як найшырэй разьвіваць навуковае супрацоўніцтва
з гэтымі краінамі. І за гэта я непасрэдна адказны”.
Сярод розных праектаў супрацоўніцтва, якія сёньня ажыцьцяўляе Манчэстарскі
ўнівэрсытэт на тэрыторыі былога Савецкага Саюзу, ёсьць адзін вельмі пасьпяховы
і эфэктыўны. Гэта так званы “Каўкаскі праект”. Вось, што расказвае аб ім
доктар Дэвід Робэртс:
(Робертс: ) “Я ўпершыню наведаў Тбілісі адразу пасьля заканчэньня грамадзянскае
вайны, калі там панаваў амаль абсалютны хаос. Не было электрычнасьці, вады,
газу. Цяпер жа, калі я туды прыяжджаю, краіна вельмі хутка разьвіваецца.
Наш унівэрсытэт ажыцьцяўляе ў Грузіі праект аднаўленьня інжынэрнае адукацыі
ў Грузінскім палітэхнічным унівэрсытэце. Рэальна мы працуем над зьменаю
былое вельмі глыбокае спэцыялізацыі савецкае інжынэрнае адукацыі, якая
была прыстасаваная да спэцыфічных патрэбаў савецкае прамысловасьці. Так,
у савецкі час, да прыкладу, рыхтавалі інжынэраў-гідраэлектрыкаў. Але сучасная
грузінская прамысловасьць зусім не патрабуе такой вузкай спэцыялізацыі.
Тут патрэбныя спэцыялісты-іжынэры для малых і сярэдніх прадпрыемстваў шырокага
профілю. Так што ў Тбілісі мы працуем над падрыхтоўкай інжынэраў для новае
рынкавае грузінскае прамысловасьці. Разам з намі працуе над гэтым праектам
Грэцкі ўнівэрсытэт з Афінаў”.
Фінансавы аспэкт “Каўкаскага праекту” вельмі важны для Манчэстарскага
ўнівэрсытэту. Грошы на яго ажыцьцяўленьне ідуць з фонду “Тэмпус” Эўрапейскага
Зьвязу. Пры гэтым Манчэстарскі ўнівэрсытэт мае права накіроўваць сродкі
з гэтага фонду на супольныя з грузінамі навуковыя распрацоўкі. Менавіта
на гэтыя грошы толькі ў гэтым навучальным годзе 38 грузінскіх студэнтаў
вучыліся ў Вялікабрытаніі, а тры брытанскія выкладчыкі перадавалі свае
веды студэнтам у Тбілісі. Доктар Дэвід Робэртс ацэньвае гэтае супрацоўніцтва
наступным чынам:
(Робертс: ) “Фундуе гэты праект Эўрапейскі Зьвяз, і калі апошнім разам
прыблізна два месяцы таму экспэрты ЭЗ ацэньвалі наш праект, яны ахарактарызавалі
яго як “выдатны”. Праект гэты не аднабаковы. Грузінскія студэнты й выкладчыкі
прыяжджаюць у Манчэстар і мы абагачаемся іхным дасьведам”.
Тое, што Беларусь знаходзіцца як бы па-за галоўнай плыняю агульнаэўрапейскага
міжунівэрсытэцкага супрацоўніцтва, добра вядома. Вядомая і падставовая
прычына гэтай сытуацыі. У сувязі зь ёй сотні, а можа й тысячы беларускіх
студэнтаў пазбаўленыя магчымасьці пашыраць свае веды ў заходніх унівэрсытэтах.
Яны як бы пазбаўленыя самай простага і эфэктыўнага шляху да заходніх ведаў,
і вымушаныя шукаць абхадныя шляхі. Але тэарэтычна Беларусь зь яе вялікім
навуковым і чалавечым патэнцыялам застаецца адным з самых прывабных партнэраў
як для Манчэстарскага, так і для іншых заходніх унівэрсытэтаў. Ці існуюць
пэрспэктывы супрацоўніцтва зь Беларусьсю, а калі так, дык якія яны? Доктар
Дэвід Робэртс адказвае:
(Робертс: ) “Гэта вельмі складанае пытаньне. За апошнія 5 гадоў я змог
даволі добра вывучыць Беларусь. Цяперашняя сытуацыя выглядае наступным
чынам: Эўрапейскі Зьвяз адмовіўся ад фінансаваньня якіх-кольвек новых праектаў
супрацоўніцтва з Беларусьсю. Аднак, урады паасобных дзяржаваў, да прыкладу,
урад Вялікабрытаніі, у абмежаваных маштабах згаджаюцца фінансаваць новыя
праекты. Прыкладам, у гэтым годзе мы атрымалі фінансаваньне праекту разьвіцьця
паліталягічных дасьледваньняў у Беларусі. Раней пачатыя праекты супрацоўніцтва,
аднак, фінансаваліся Эўрапейскім Зьвязам. Я разумею, што шмат хто ў беларускім
урадзе незадаволеныя гэткай сытуацыяй, і яны хацелі б, каб было адноўленае
новае фінансаваньне. Сам жа прэзыдэнт Лукашэнка з вялікім недаверам ставіцца
да заходняе дапамогі. І тут ён выразна памыляецца. Мы шчыра хочам дапамагчы
Беларусі”.
Пра тое, якія канкрэтна праекты супрацоўніцва ажыцьцяўляе Манчэстарскі
ўнівэрсытэт у Беларусі, і пра тое, якія існуюць канкрэтныя магчымасьці
для маладых беларусаў скарыстаць з гэтага брытанска-беларускага супрацоўніцтва
– вы зможаце даведацца ў нашай чарговай перадачы ў наступны аўторак.
Мікола Іваноў, Прага