20 месяцаў мінула ад трагедыі на Нямізе, калі ў падземным
пераходзе мэтро загінулі 53 чалавекі. Дагэтуль ідзе сьледзтва, і бацькі
загінулых ня ведаюць, хто вінаваты ў сьмерці іхных дзяцей.
Бацькі ахвяраў дамовіліся сустрэцца ля ўваходу ў Дом ураду. Але як толькі
іхная колькасьць перавысіла тры чалавекі, да людзей падышоў прапаршчык
службы аховы і пачаў праганяць іх зь месца збору. Паводзінамі ахоўніка
абураецца адна з мацярок загінулых, Вольга Янцова:
(Янцова: ) "Гэта сапраўднае парушэньне правоў чалавека. Выходзіць, я, жыхарка гэтага гораду, не магу сустрэцца са сваімі знаёмымі, калі іх
больш за 3 чалавекі?
Падобнае некалі ўжо было. Усё гэта мы ўжо праходзілі. Мы што — вяртаемся
ў тыя часы? Гэта страшна. Хачу адразу закрычаць: дзе вы былі, калі на Нямізе
гінулі нашыя дзеці? Чаму вы тут цяпер ходзіце й разганяеце мірных людзей?”
Ужо пасьля сустрэчы маці яшчэ адной ахвяры трагедыі, старшыня грамадзкага
аб’яднаньня “Няміга-99” Натальля Навакоўская паведаміла Радыё Свабода,
што бацькі, здаецца, паразумеліся з намесьнікам старшыні ўраду Міхаілам
Дземчуком у справе ўсталяваньня помніку на месцы трагедыі:
(Навакоўская: ) "Чадовіч, чыноўнік з упраўленьня архітэктуры Менгарвыканкаму,
заявіў, што ня бачыць патрэбы ў будаўніцтве помніку, бо трагічныя падзеі
адбываліся на гэтым месцы й шмат стагодзьдзяў таму.
А Дзямчук сказаў, што дзеці загінулі ў наш час. Гэта адбылося на нашых
вачох, і ў гэтым вінаватыя ўлады. Таму гэта павінна турбаваць нас больш,
чым тое, што адбылося шмат стагодзьдзяў таму".
Значна меней аптымізму ў бацькоў адносна таго, калі скончыцца сьледзтва
й перададуць справу ў суд. І сёньня зноў з вуснаў Вольгі Янцовай прагучэла
засьцярога, што ўлады зацягваюць гэты працэс з палітычных меркаваньняў.
(Янцова: ) "Мы лічым, што сьледзтва наўмысна запавольваюць. У гэтым
ёсьць палітычны падтэкст. І гэта відавочна. На гэта нам намякнуў сьледчы
Камароўскі, ужо нябожчык.
Ён казаў, што быў гатовы перадаць матэрыялы ў суд яшчэ ўвосень. Натальлі
Навакоўскай ён сказаў: вы ведаеце, Натальля Міхайлаўна, у мяне ўсё гатова.
Як толькі будзе сыгнал, я ўсё перадам ў суд”.
Міхаіл Дзямчук паабяцаў бацькам высьветліць, на якой жа стадыі знаходзіцца
сьледзтва, якое нядаўна зноў працягнулі на 3 месяцы.
Сваякі ахвяраў сёньняшнюю сустрэчу з прадстаўнікамі беларускага ўраду
разглядаюць адно як спробу яшчэ раз іх супакоіць.
Ягор Маёрчык, Менск