На бэрлінскай міжнароднай выставе “Зялёны тыдзень”
59 краінаў сьвету дэманстравалі свае найлепшыя сельскагаспадарчыя вырабы.
Беларусь ізноў прадстаўлялі выключна вытворцы алькагольных напояў — менскі
завод “Крышталь” ды Берасьцейскі лікёра-гарэлачны завод.
“Зялёны тыдзень”, які штогод ладзіцца ў Нямеччыне, — прадстаўнічая
выстава. Звычайна тут не заключаюць кантрактаў, краіны проста паказваюць
свае дасягненьні ў сельскай гаспадарцы — харчы, сучасныя біятэхналёгіі
ды іншае.
Сёлета на “Зялёным тыдні”, як і летась, беларускую сельскую гаспадарку
прадстаўлялі выключна вытворцы алькагольных напояў — менскі завод “Крышталь”,
Берасьцейскі лікёра-гарэлачны завод ды супольнае беларуска-францускае прадпрыемства
“Вуадор”.
Чаму на выставу паехалі менавіта гэтыя прадпрыемствы? Няўжо няма вартых
харчоў, якія ня сорамна было б паказаць на “Зялёным тыдні”?
Кіраўнік аддзелу супрацоўніцтва з замежнымі краінамі Міністэрства сельскай
гаспадаркі Анатоль Раманоўскі распавёў мне, што апошнімі гадамі на “Зялёны
тыдзень” езьдзяць выключна тыя, хто мае фінансавыя магчымасьці, а цяпер
гэта — толькі вытворцы алькагольных напояў.
Доктар жа сельскагаспадарчых навук, прафэсар Іван Нікітчанка мяркуе,
што Беларусі цяпер амаль няма чаго й выстаўляць, акрамя гарэлкі.
(Нікітчанка: ) "Так адбываецца, што напояў вырабляюць усё болей, а харчоў
— меней. Справаздача леташняя паказвае, што на кожнага жыхара Беларусі
прыпадае 9,9 літраў алькагольных напояў у пераліку на чысты сьпірт.
Выгодна гандляваць гэтымі напоямі, хоць і сьпіваецца народ. Гранічна
дапушчальны аб'ём вытворчасьці для любой дзяржавы — 8 літраў на чалавека.
Калі болей — пачынаецца дэградацыя народу. Іншыя беларускія прадукты ня
могуць канкураваць з тымі, што выстаўляюць іншыя краіны".
Прафэсар Нікітчанка згадаў іншы час, пачатак 1990-х — тады Беларусь
мела што паказаць на “Зялёным тыдні”.
(Нікітчанка: ) "Мы выстаўлялі тады шмат мясных прадуктаў. Былі пастаўнікамі
— адзінымі ў былым СССР! — тэхнічнага казэіну. Усю Заходнюю Эўропу забясьпечвалі
гэтым прадуктам.
Пастаўлялі тады шмат малочных прадуктаў, якасьць была добрая. Казэін,
прыкладам, вырабляў экспэрымэнтальны завод Інстытуту мяса-малочнай прамысловасьці.
Зараз яму не даюць малака".
Як адзначае Нацыянальная справаздача ААН пра чалавечае разьвіцьцё Беларусі
ў 2000 годзе, за апошнія 10 гадоў продаж моцных алькагольных напояў у Беларусі
павялічыўся ў 1,7 разоў. Цікава, што менавіта алькагольнай "прысутнасьцю"
на “Зялёным тыдні” вылучылася й Расея, якую таксама прадстаўлялі вытворцы
піва ды гарэлкі.
Журналісты, якія наведвалі “Зялёны тыдзень”, называюць гэтую выставу
своеасаблівым харчовым сьвятам. Наведнікі пад час “Зялёнага тыдню” няспынна
частуюцца ля розных нацыянальных стэндаў — дзе пап’юць малачка, дзе зьядуць
сыру ды сьмятанкі, а калі стане ўжо цяжка дыхаць ды трэба неяк нэўтралізаваць
тлушч, наўпрост накіроўваюцца да беларускага альбо расейскага стэндаў —
па гарэлку.
Ганна Соусь, Менск