Павал Барадзін паводле рашэньня амэрыканскага суда застаецца пад арыштам
у фэдэральнай турме ў Брукліне. Нашая карэспандэнтка ў Нью-Ёрку падае некаторыя
падрабязнасьці судовых слуханьняў.
Паводле амэрыканскай судовай сыстэмы, менавіта судзьдзя вырашае лёс
затрыманага чалавека. У выпадку з Паўлам Барадзіным судзьдзя Віктар Пагарэльскі
(паляк паводле паходжаньня) не знайшоў дастаткова падставаў, каб вызваліць
Барадзіна.
На думку прысутных на судовых слуханьнях, расейскі бок у абароне Барадзіна
зрабіў шэраг памылак, да якіх аднесьлі і катэгарычны выступ амбасадара
Расеі Юрыя Ўшакова. Акрамя таго, судзьдзя не разумеў некаторыя фармулёўкі,
што прачытаў Ушакоў. Ён некалькі разоў спыняў расейскага амбасадара і перапытваў,
што ён мае на ўвазе, гаворачы нешта.
Пакуль выступалі прадстаўнікі расейскга боку, скончыўся час для таго,
каб судзьдзя мог разабрацца ў патрабаваньнях швэйцарскага боку да Барадзіна.
Так і не пасьпелі нью-ёркскія адвакаты запрасіць экспэрта, які б патлумачыў,
што Швэйцарыя не давала ордэр на арышт Паўла Барадзіна, а выпісала толькі
позву.
Як стала вядома, ніколі ў справе Барадзіна не было гаворкі аб вызваленьні
пад задатак. Такім чынам, рашэньне суду зараз канчатковае, і на думку амэрыканскіх
юрыстаў, Барадзін можа застацца ў турме ў Нью-Ёрку нават і на два гады.
Фэдэральная турма ў Брукліне, дзе зараз знаходзіцца Барадзін, гэта фактычна
сьледчы ізалятар. Яна называецца фэдэральная сьледчая турма. Там утрымліваюць
усіх, хто чакае судовага рашэньня. Начальнік турмы заўважае, што траціна
ўсіх арыштантаў – эмігранты з былога савецкага саюзу. І менавіта таму,
на думку амэрыканцаў, Барадзін там патрабуе найбольш пільнай аховы. Начальнік
турмы таксам заўважыў, што ахоўваць Барадзіна будуць пільна: “Мы ня хочам,
каб з-за нашай памылкі пачалася трэцяя сусьветная вайна”.
Галіна Прыгара, Нью-Ёрк