Сёньня

Юры Хашчавацкі, рэжысэр фільма “Звычайны прэзыдэнт”, летась закончыў працу над новай стужкай “Богі сярпа і молата” пра расейскую праваслаўную царкву ды бальшавізм. Фільм увайшоў у праграму Бэрлінскага кінафэстывалю, які адбудзецца на пачатку лютага.

Фільм "Богі сярпа і молата" Юры Хашчавацкі зьняў на замову франка-нямецкага культурнага тэлеканалу "АРТЭ". Паводле рэжысэра, гэтая стужка распавядае пра пэўную сувязь і падабенства бальшавізму й расейскай праваслаўнай царквы. Не праваслаўя, а менавіта расейскай праваслаўнай царквы, падкрэсьлівае рэжысэр, бо для яго гэта — адрозныя паняцьці.

(Хашчавацкі: ) “Расейская праваслаўная царква заўжды была ідэалягічным аддзелам. Аляксій ІІ, патрыярх усяе Русі, чалавек, які мусіць адмоўна рэагаваць на любы гвалт, абдымаецца з Лукашэнкам і дорыць яму копію помніка Ўладзімера Сьвятога, зьбіральніка ўсіх расейскіх земляў. Як можа духоўны герарх падтрымліваць лідэра, які грунтуецца на гвалце?”

Паводле рэжысэра, бальшавізм і расейскае праваслаўе маюць шмат агульнага. Для абодвух багацьце — грэх, абодвум патрэбная вера без разуменьня.

Але бальшавікі імкнуліся стварыць новую рэлігію. Карл Маркс падобны да Бога-бацькі, ён дае абранаму народу — пралетарыяту, галоўную кнігу — "Капітал". Ленін мусіў быў замяніць бальшавікам Хрыста. Як мяркуе Хашчавацкі, і бальшавізім, і расейская праваслаўная царква часам выкарыстоўваюць злачынныя мэтады.

(Хашчавацкі: ) “Хто ў нас цяпер гандлюе гарэлкай? Мафія ды праваслаўная царква, Філарэт. Вы ж ведаеце тую фірму “Дыяканія” ды ўсе гэтыя скандалы, усе гэтыя грошы, мільёны даляраў, якія схаваныя ў Нямеччыне”.

Як распавёў Юры Хашчавацкі, ягоны фільм зроблены ў тым самым аўтарскім стылі, што запачаткаваў калісьці ягоны настаўнік Міхаіл Ром, і які быў выкарыстаны ў "Звычайным прэзыдэнце".

(Хашчавацкі: ) “Гэта шырэйшая за “Звычайнага прэзыдэнта” тэма, бо яна ахоплівае вялікі гістарычны пэрыяд, і, натуральна, вядзецца пра той імпэрскі імпульс, які йдзе з Расеі, прычым ідзе шмат стагодзьдзяў”.

Хашчавацкі выкарыстоўвае шмат бальшавіцкай кінакронікі. Але галоўны герой стужкі — наш сучасьнік, далакоп Георгі Каваленка, які калісьці пахаваў шмат сябраў Палітбюро. Канцоўка фільму, як паведаміў Юры Хашчавацкі, дапасаваная да беларускіх падзеяў.

(Хашчавацкі: ) “Адна з апошніх сцэнаў у фільме паказвае, да чаго мы прыйшлі. Лукашэнка на Вялікдзень уваходзіць у храм. Філарэт кажа: “Хрыстос уваскрос!”, народ кажа: “Сапраўды ўваскрос”, а Лукашэнка адказвае: “Дзякуй, дзякуй”. Праваслаўны атэіст…”

На пачатку лютага фільм "Богі сярпа і молата" будзе паказаны ў праграме Бэрлінскага кінафэстывалю. Дарэчы, стужку прапаноўвалі розным расейскім тэлеканалам. Фільм там спадабаўся, але паказваць яго адмовіліся.

Ганна Соусь, Менск