Сёньня на Цэнтральнай плошчы Барысава сябры філіяў Народнай Грамады
і Маладой Грамады правялі акцыю-пэрфоманс, пад час якой запатрабавалі абсьледаваць
псыхічны стан Аляксандра Лукашэнкі. Удзельнікі несанкцыянаванай акцыі былі
затрыманыя.
У 9:30 на Цэнтральны пляц Барысава выйшлі актывісты Народнай Грамады:
Алеся Ясюк, Надзея Грачуха, Аляксандар Абрамовіч, а таксама сябра Маладой
Грамады чатырнаццацігадовы Міхась Кузьняцоў і ягоны шаснаццацігадовы брат
Зьміцер Кузьняцоў. Усе яны былі апранутыя ў белыя мэдычныя халаты ды шапачкі.
У руках пікетоўшчыкі трымалі плякаты з наступным зьместам: “Патрабуем псыхіятрычнага
асьведчаньня Аляксандра Лукашэнкі” і “Бывайце здаровы, Аляксандар Рыгоравіч”.
Выпілаваны з фанэры твар Лукашэнкі таксама дэманстраваў гранічнае нездароўе.
Як паведаміла Радыё Свабода Алеся Ясюк, сёньняшняя акцыя ёсьць рэакцыяй
сацыял-дэмакратаў Барысава на мэдычны дыягназ лекара Шчыгельскага, што
днямі надрукавала газэта Наша Свабода.
(Ясюк: ) “Мы бачым, што краінай кіруе, магчыма, псыхічна нездаровы чалавек.
Трэба нешта рабіць. Калі гэта звычайны чалавек, дык яго бяруць пад апеку
родныя, а калі гэта кіраўнік краіны, дык трэба на гэта зьвярнуць увагу
народу краіны”.
Акцыя працягвалася толькі 15 хвілінаў, калі да пікетоўцаў па’ехаў аўтобус
з нарадам міліцыянтам ды завез іх у пастарунак. Там супрацоўнікі інспэкцыі
ў справах непаўнагадовых у прысутнасьці пэдагогаў 13 школы і сябры БГК
Ларысы Грэбневай склалі пратакол аб затрыманьні братоў Кузьняцовых ды адпусьцілі
тых. Гэткія ж патаколы дзяжурныя афіцэры ГРАЎС у прысутнасьць назіральніка
праваабарончага цэнтру Вясна Зьміцера Бародкі хацелі аформіць на Аляксандра
Абрамовіча, Алесю Ясюк і Надзею Грачуху, але сацыял-дэмакраты, што вось
ужо паўтары гады праводзяць акцыю грамадзянскага непадпарадкаваньня нелегітымнай
уладзе, адмовіліся падпісваць дакумэнты.
Судзьдзя Аляксей Болатаў, да якога сёньня ж былі дастаўленыя арганізатары
пікету-пэрфомансу, угледзеў у іх дзеяньнях абразу гонару і годнасьць прэзыдэнта
краіны, што пагражае двума гадамі абмежаваньня ці пазбаўленьня волі з выкананьнем
грамадзкіх працаў або шасьцю месяцамі хатняга арышту. Судзьдзя Болатаў
сёньня ж накіраваў міліцэйскія пратаколы ў гарадзкую пракуратуру дзеля
далейшага высьвятленьня акалічнасьцяў пікету-пэрфомансу і наступнага ўзбуджэньня
крымінальнай справы супраць Абрамовіча, Ясюк і Грачухі. Але пакуль яны
ўсе адпушчаныя судзьдзём дахаты.
Алесь Мікалайчанка, Барысаў