У суботу адбудзецца традыцыйны для дыпляматычнага
корпусу прыём ад імя А.Лукашэнкі, куды не запрасілі амэрыканскага амбасадара
М.Козака. Ягоныя калегі з краінаў Эўразьвязу кажуць, што зьбіраюцца пайсьці
на гэты прыём, але канчаткова гэта будзе вырашана сёньня позна ўвечары.
Амэрыканская амбасада ў Менску пакуль так і не адрэагавала на тое, што
ейны кіраўнік М.Козак ня быў запрошаны на суботні прыём А.Лукашэнкі.
Прэсавы сакратар апошняга Мікола Барысевіч таксама адмаўляецца камэнтаваць
сытуацыю з амбасадарам ЗША ды кажа, што ўсё ўжо сказаў міністар замежных
справаў Міхал Хвастоў, а па дэталі трэба зьвяртацца ў МЗС.
Нагадаю, што спадар Хвастоў заявіў учора, што тэрмін уручэньня амбасадарам
Козакам даверчых граматаў ужо не ўзгадняецца. Гэта — своеасаблівая рэакцыя
на заяву М.Козака пра нелегітымнасьць усіх галінаў беларускае ўлады, у
тым ліку выканаўчае — гэта значыць прэзыдэнта.
Тым часам дуаен менскага дыпляматычнага корпусу, амбасадар з найбольшым
тэрмінам працы ў краіне, Ільля Вяльджанаў з Туркмэністану гэтак пракамэнтаваў
сытуацыю з М.Козакам, якога не запрасілі на Лукашэнкаў прыём.
(Вяльджанаў: ) "Якое маё стаўленьне?! Яны ж гаспадары, я ж тут не камандую
імі. Я думаю, што справа ў тым, што ён яшчэ не ўручыў даверчых граматаў.
Я, напрыклад, указам прэзыдэнта майго быў прызначаны паслом 1 ліпеня
1995 году. А даверчыя граматы я ўручыў ажно 5 кастрычніка 1995 году! І
да гэтага на мерапрыемствы (а тады 3 ліпеня быў Дзень вызваленьня Беларусі)
мяне не запрашалі", — зазначыў амбасадар Туркмэністану.
Ягоныя калегі з эўрапейскіх дзяржаваў сёньня ўдзень казалі, што на прыём
пойдуць. Да А.Лукашэнкі зьбіраецца нават амбасадар Італіі Джавані Чэруці,
які ўжо разьвітаўся зь ім з нагоды свайго ад’езду.
А вось адносна таго, ці пойдзе на прыём нямецкі амбасадар Горст Вінкельман,
адзін з супрацоўнікаў амбасады сказаў:
(Супрацоўнік нямецкай амбасады: ) "Я атрымаў ад спадара пасла інфармацыю,
што ён у Менску і возьме ўдзел у прыёме".
У брытанскай амбасадзе былі не такімі катэгарычныя:
(Дыплямат з брытанскай амбасады: ) "Так, амбасадар атрымаў запрашэньне
на прыём прэзыдэнта Лукашэнкі, і ў гэты момант наважаны пайсьці".
Француская амбасада ўвесь дзень ад камэнтароў адмаўлялася, але стала
вядома, што эўрапейскія амбасадары сустрэнуцца сёньня ўвечары ды абмяркуюць
пытаньне — ці варта ім ісьці на прыём да Аляксандра Лукашэнкі, або прадэманстраваць
салідарнасьць з амэрыканскім калегам.
Аднак дуаен Ільля Вяльджанаў заклікае ўсіх дыпляматаў ды беларускі ўрад
жыць дружна:
(Вяльджанаў: ) "Трэба ўвогуле добразычліва адзін да другога ставіцца.
Асабліва ў гэты год — Год Белай Зьмяі. Ён мусіць быць годам згоды, узаемнай
павагі, пачцівыя дачыненьні мусяць быць між дыпляматамі і ўрадам Беларусі",
— зазначыў туркмэнскі амбасадар напярэдадні навагодняга прыёму.
Юры Сьвірко, Менск