Сёньня

У Беларусі пачаўся збор подпісаў пад ініцыятыўнай заявай пра стварэньне шырокай грамадзянскай кааліцыі пад назовам "У ХХІ стагодзьдзе — з новым прэзыдэнтам".

Ініцыятыва зыходзіць ад грамадзянскага камітэту "Выбары-2001", сустаршыні якога — Васіль Шлындзікаў і Генадзь Грушавы. Але паколькі гэты камітэт у Міністэрстве юстыцыі афіцыйна не зарэгістраваны, ініцыятарамі прапановы выступае як бы група асобаў, сярод якіх дэпутат ВС Беларусі 13 скліканьня Ўладзімер Нісьцюк.

Сп.Нісьцюк камэнтуе неабходнасьць стварэньня кааліцыі "У ХХІ стагодзьдзе — з новым прэзыдэнтам":

(Нісьцюк: ) "Побач з тымі структурамі, якія афіцыйна ўжо існуюць у Беларусі — Кансультатыўны савет апазыцыйных партыяў, Каардынацыйная рада дэмакратычных сілаў, апошнім часам зьявілася шмат і грамадзянскіх ініцыятываў. Гэта ініцыятыва "Выбары-2001", гэта ініцыятыва кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, якіх улада не дапусьціла ды выбараў ці не дала ім абрацца, таксама ініцыятыва моладзі "Пераменаў!" — шмат грамадзянскіх ініцыятываў, вартых увагі.

Актывізавалася прафсаюзная плынь у Беларусі, якая рыхтуецца да прэзыдэнцкіх выбараў. Ідзе дынамічная падрыхтоўка да вялікай палітычнай акцыі, якая завецца "Прэзыдэнцкія выбары-2001", — распавядае сп. Нісьцюк.

Заява падкрэсьлівае, што выйсьце з галечы для насельніцтва Беларусі — канстытуцыйная зьмена палітычнай улады. А наступныя прэзыдэнцкія выбары якраз і даюць гэткую магчымасьць.

Да кааліцыі запрашаюцца ўсе, каму неабыякавы лёс краіны і хто гатовы дапамагчы забясьпечыць перамогу на прэзыдэнцкіх выбарах адзінага дэмакратычнага кандыдата.

Я папрасіў Уладзімера Нісьцюка патлумачыць розьніцу паміж заклікамі Каардынацыйнай рады дэмакратычных сілаў пра вылучэньне адзінага кандыдата і пазыцыяй шырокай грамадзянскай каліцыі. Вось што гаворыць мой суразмоўца:

(Нісьцюк: ) "Цяпер існуе дзьве канцэпцыі, якія вылучаюць розныя сілы. Першая канцэпцыя, якая ўжо амаль што прадстаўленая і рэалізуецца, — гэта канцэпцыя групы партыяў і структураў, якія ўваходзяць у Каардынацыйную раду дэмакратычных сілаў.

Канцэпцыя мяркуе абраньне цяпер адзінага кандыдата, каб усе кандыдаты патэнцыйныя, якія зьбіраюцца на выбары, далучыліся да яго, увайшлі ў ягоную каманду, усе свае патэнцыялы, і матэрыяльныя ў тым ліку, аб'ядналі ды вялі адзінага кандыдата.

Існуе ініцыятыва другая. Згодна зь ёй, на рэгістрацыю ідзе некалькі кандыдатаў, і трэба паглядзець, каб гэтыя кандыдаты дамовіліся паміж сабою — ужо больш менавіта яны між сабою, а ня людзі зь іхнага атачэньня. Таму што некаторыя з гэтых кандыдатаў на палітычныя партыі абапірацца ўвогуле ня будуць — яны будуць ісьці як незалежныя беспартыйныя кандыдаты, яны маюць свой электарат, свае каманды. І тое, што палітычныя партыі вырашаць сёньня, для іх ня будзе абавязковым", — паведамляе адзін з ініцыятараў стварэньня шырокай грамадзянскай кааліцыі Ўладзімер Нісьцюк.

І яшчэ адна цікавая дэталь — тэхнічнага пляну. Калі заклікі ў падтрымку "Хартыі-97" падпісваліся на адным аркушы некалькімі дзясяткамі асобаў, дык кожны падпісант новай ініцыятывы атрымлівае толькі адзін асобнік заявы.

Уладзімер Глод, Менск