Аналітык нашага Радыё Валер Карбалевіч параўноўвае перадвыбарчую сытуацыю
ў Беларусі і Югаславіі.
(Карэспандэнт: ) “Што агульнага ў перадвыбарчай сытуацыі ў Беларусі
і Югаславіі?”
(Карбалевіч: ) “Агульным, па-першае, ёсьць тое, што і ў Беларусі, і
ў Югаславіі недэмакратычныя палітычныя сыстэмы, аўтарытарныя рэжымы з харызматычнымі
аўтарытарнымі кіраўнікамі. І там, і там ўлады прапагандуюць варожы вобраз
Захаду, што Захад вораг славянскага народу, сэрбскага ці беларускага. Агульная
і адсутнасьць адзінай стратэгіі і тактыкі апанэнтаў аўтарытарнага рэжыму”.
(Карэспандэнт: ) “Але ў адным выпадку апазыцыя ня йдзе на выбары, а
ў другім ідзе. Значыць, адрозьненьні ёсьць?”
(Карбалевіч: ) “Ёсьць і вялікія. Найперш, у грамадзтве. У Югаславіі
больш высокія спажывецкія стандарты яшчэ з камуністычных часоў. Яны не
прывыклі жыць у беднасьці. І калі Захад заявіў, што перамога апазыцыі будзе
азначаць скасаваньне эканамічных санкцыяў з усімі наступствамі для ўзроўню
жыцьця насельніцтва, гэта і адыграла ролю ў падтрымцы апазыцыі. У Югаславіі
ўплыў апазыцыі больш, чым у Беларусі. Паводле апытаньняў перад выбарамі,
кіраўнік апазыцыі меў большы рэйтынг за Мілошавіча, таму там тактыка байкоту
ня мела такога апраўданьня, як у Беларусі. Да таго ж, там адначасова выбары
і прэзыдэнта, і парлямэнту, і мясцовых ворганаў улады, г.зн. барацьба за
рэальную ўладу, а ў Беларусі выбары ў бяспраўную “палату прадстаўнікоў”.
Высокі рэйтынг Каштуніцы паклікаў і іншую легітымнасьць, іншае стаўленьне
намэнклятуры. Калі там чыноўнікі адчуваюць, што прэзыдэнт можа страціць
уладу, то іх паводзіны будуць троху іншыя, чым беларускіх чыноўнікаў, якія
працуюць зладжана і эфэктыўна”.
(Карэспандэнт: ) “Якія б фактары былі патрэбныя ў Беларусі, каб даць
такія вынікі?”
(Карбалевіч: ) “Эканамічнае становішча ў Беларусі яшчэ не дасягнула
той рысы, калі б насельніцтва адназначна сказала, што так жыць нельга,
трэба мяняць як эканамічную палітыку, так і тую ўладу, якая яе праводзіць.
Павольнае падзеньне рэйтынгу Лукашэнкі не вядзе да аўтаматычнага ўзрастаньня
рэйтынгу апазыцыі”.
(Карэспандэнт: ) “Да прэзыдэнцкіх выбараў яшчэ ёсьць час. На чым павінна
грунтаваць сваю палітыку апазыцыя?”
(Карбалевіч: ) “Першае, гэта даказаць насельніцтву, што цяперашнія парлямэнцкія
выбары несправядлівыя і несвабодныя, г.зн. паспрабаваць сарваць іх. Калі
байкот адбудзецца, калі выбары не адбудуцца, гэта будзе азначаць дэлігітымізацыю
цяперашняга рэжыму. Трэба дамагацца больш спрыяльных умоваў пад час прэзыдэнцкіх
выбараў, свабодных і дэмакратычных, аб якіх гаварылі эўрапейскія структуры.
Каб яны маглі рэалізвацца. Без гэтага шанцаў на перамогу кагосьці іншага
чым Лукашэнка на прэзыдэнцкіх выбарах цяжка спадзявацца. Ну і спрабаваць
прарваць нейкім чынам інфармацыйную блякаду і неяк дайсьці да простага
выбаршчыка, асабліва ў правінцыі, які абсалютна дэзарыентаваны, які мае
вельмі мала інфармацыі аб тым, што робіцца ў дзяржаве, аб стратэгіі і тактыцы
апазыцыі, аб яе праграме і г.д.”
Гутарыў
Сяржук Сокалаў-Воюш