Сёньня

Мараторый, які ўведзены на будаўніцтва АЭС у Беларусі, не выключае магчымасьці ўзьвядзеньня небясьпечных ядравых аб’ектаў у будучыні.

10-гадовы мараторый на будаўніцтва ў Беларусі атамных электрастанцыяў заканчваецца ў 2009 годзе. Але ўжо зараз значную частку эколягаў непакоіць пытаньне: ці здольны беларускі народ двойчы наступіць на адны і тыя ж граблі? Гаворыць экспэрт у галіне ядравых наступстваў Васіль Ермашкевіч:

“Мараторыя на самой справе няма. Ёсьць выснова камісіі, якая рэкамэндуе ўстрымацца; ёсьць згода ўраду не будаваць на працягу 10 гадоў і ёсьць згода парлямэнту. Гэта не мараторый, а нібыта негалоснае пагадненьне. Зараз распрацоўваюцца асноўныя кірункі энэргетычнае палітыкі. І сапраўды, такое катэгарычнае формы (пабудаваць — і ўсё) няма. 10-гадовага тэрміну павінна хапіць, каб зразумець безсэнсоўнасьць гэтае задумы. А калі ўжо й Пуцін пераконвае сьвет адмовіцца ад будаўніцтва АЭС, дык гэта слушна, цікава й нечакана”.

Гаварыў Васіль Ермашкевіч.

Дасьледваньні тэрыторыі Беларусі дзеля размяшчэньня АЭС пачаліся 30 год таму. Акадэмік АН БССР Красін, адзін з кіраўнікоў праекту першае ў сьвеце АЭС, асабіста выбраў 4 адпаведныя пляцоўкі. Сам рэактар мусіў быць амаль у 1,5 разы магутнейшы за чарнобыльскі. Але потым прыярытэт аддалі Летуве, а для Беларусі была распрацаваная перасоўная атамная электрастанцыя “Памір”. Ужо на пачатку 80-х станцыя была сканструяваная і запушчаная ў навукова-тэхнічным комплексе “Сосны”. Пазьней пачалася распрацоўка яшчэ дзьвюх аналягічных установак, але праз два гады пасьля катастрофы на ЧАЭС праекты згарнулі. Дарэчы, дагэтуль Беларусь не пазбавілася адпрацаванага паліва з досьледнага рэактару ў Соснах.

Між іншым, паралельна з эксплюатацыяй “Паміру” прадугледжвалася будаўніцтва дзьвюх магутных АЭС пад Менскам і ў мястэчку Сялява на Віцебшчыне. У 1983 годзе пачалі будаваць першую чаргу Менскай АЭС і рыхтавацца да будаўніцтва ля Сялявы. Спыніў глябальныя праекты, па сутнасьці, грамадзкі пратэст.

Але празь 10 год, у сярэдзіне 90-х, прыхільнікі атамнай энергіі зноў абвесьцілі пра намер распачаць новую будоўлю — гэтым разам геадэзысты рэкамэндавалі 3 пляцоўкі ў Прыдняпроўі.

Разьвіцьцё атамных тэхналёгіяў выявіла й даволі нечаканую праблему — магчымасьць гэтак званага атамнага тэрарызму. Выказваньні наконт звышмоцных засьцерагальных каўпакоў над рэактарамі малапераканаўчыя для тых, хто мае адваротную мэту. Такім чынам, яшчэ да зьяўленьня высокадакладнае зброі атамныя аб’екты ператварыліся ў высокаэфэктыўную зброю. Ня трэба быць нават ядравай дзяржаваю: дастаткова падарваць АЭС на тэрыторыі праціўніка і атрымаць вынік, які шматразова пераўзыходзіць выбухі над Хірасімаю ды Нагасакі. Аварыі на АЭС, якімі б яны ні былі — выпадковымі або прымусовымі — па сваіх доўгатэрміновых наступствах непараўнальныя ні зь якімі іншымі тэхнагэннымі катастрофамі. Шэраг такіх доказаў зямляне ўжо атрымалі.

Ігар Карней, Менск