Як стала вядома, абедзьве палаты Кангрэсу ЗША – Палаты
прадстаўнікоў і Сэнату – прынялі сумесную рэзалюцыю ў справе парляманцкіх выбараў у Беларусі.
У дакумэнце найперш адзначаецца, што Аляксандар Лукашэнка і ягоны рэжым
правялі нелегітымныя і недэмакратычныя парляманцкія выбары з мэтай умацаваць
сваю ўладу і аўтарытарны кантроль над беларускім народам. Ва ўступе да
рэзалюцыі кангрэсмэны даюць агульную характарыстыку дзеяньняў беларускіх
уладаў: запалохваньне дэмакратычнай апазыцыі, зьбіваньне, перасьлед, арышты
і судовыя пакараньні тых, хто заклікаў да байкоту выбараў.
У рэзалюцыі адзначаецца, што апазыцыя ня мела раўнапраўнага доступу
да дзяржаўных СМІ, міліцыя сканфіскавала сто тысчаў асобнікаў газэты “Рабочы”,
у якой быў зьмешчаны заклік да байкоту галасаваньня. Апазыцыя не была дапушчаная
да ўдзелу ў працы ЦВК, якая пад рознымі прычынамі адмаўлялася рэгістраваць
незалежных кандыдатаў. Амэрыканскія кангрэсмэны падкрэсьлілі, што беларускія
ўлады не прыслухаліся да рэкамэндацыяў з боку АБСЭ адносна выкананьня чатырох
неабходных умоваў правядзеньня свабодных і справядлівых выбараў.
У частцы рэзалюцыі названай “Погляд Кангрэсу на парлямэнцкія выбары
ў Беларусі” у прыватнасьці гаворыцца, што пэрыяд перад выбарамі 15 кастрычніка
характарызаваўся далейшымі парушэньнямі правоў чалавека і кліматам запалохваньня.
Рэжым Аляксандра Лукашэнкі нясе адказнасьць за тое, што:
-выбары былі праведзеныя ў адсутнасьць дэмакратычнага выбарчага закону,
-рэжым Лукашэнкі наўмысна адмаўляў дэмакратычнай апазыцыі ў доступе
да дзяржаўных СМІ,
-гэта былі выбары ў парлямэнт, які ня мае канстытуцыйных паўнамоцтваў
і дэмакратычнай легітымнасьці,
-мы падтрымоўваем беларускую дэмакратычную апазыцыю, ухваляем ейныя
высілкі, накіраваныя на байкот гэтых нелегітымных выбараў і выказваем спадзяваньне
кангрэсу ЗША, што народ Беларусі будзе ў будучыні карыстацца сапраўднай
свабодай і дэмакратыяй,
-мы пацьвярджаем сваё прызнаньне вярхоўнага Савету Беларусі 13-га скліканьня,
як адзінага дэмакратычнага, канстытуцыйнага і легітымнага заканадаўчага
воргану Беларусі,
-мы адзначаем, што гэты парлямант павінен надалей прадстаўляць Беларусь
у парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ.
У другой частцы рэзалюцыі кангрэсмэны заяўляюць, што Лукашэнка і ягоны
рэжым павінны:
-даць справаздачу аб зьнікненьні вядомых людзей: Віктара Ганчара, Анатоля
Красоўскага, Юрыя Захаранкі і Дзьмітрыя Завадзкага.
-вызваліць Уладзіміра Кудзінава, Андрэя Клімава і ўсіх зьняволеных па
палітычных матывах.
Тэкст гэтай рэзалюцыі кангрэсмэны накіравалі прэзыдэнту Білу Клінтану.