Новая “Палата прадстаўнікоў” ня будзе істотна адрозьнівацца ад папярэдняй
ці адыгрываць самастойную ролю ў жыцьці дзяржавы. Усё вырашаць прэзыдэнцкія
выбары наступнага году — так ацэньвае дэмакратычная апазыцыя вынікі фармаваньня
“Палаты прадстаўнікоў”, у якую ўвайшлі амаль выключна прыхільнікі Лукашэнкі.
За другім турам галасаваньня апазыцыйныя партыі не ажыцьцяўлялі назіраньне,
а Партыя камуністаў Беларуская нават правяла абмеркаваньне выбарчае кампаніі
яшчэ ў мінулую нядзелю, не дачакаўшыся афіцыйных вынікаў. Такім чынам было
падкрэсьлена нэгатыўнае стаўленьне апазыцыі і да гэтых выбараў, і да новай
“Палаты прадстаўнікоў”.
Гаворыць старшыня выканкаму Аб’яднанае Грамадзянскае партыі Яўген Лабановіч:
(Лабановіч: ) “Палата нумар два не зьяўляецца ніякім парлямантам, яна
ня мае аніякіх паўнамоцтваў. Я лічу, што ў сваёй дзейнасьці яна нічым ня
будзе адрозьнівацца ад палаты нумар адзін: ня будзе ні больш сьмелай, ня
будзе мець аніякага ўплыву на палітычнае жыцьцё ў Беларусі, бо ўсё ў Беларусі
будзе вырашацца на наступны год, у часе прэзыдэнцкіх выбараў. Мабыць, адзінае
адрозьненьне ад першай палаты – што ў гэтай будзе “канструктыўная” апазыцыя,
якая будзе прызначаная Лукашэнкам. Але ж людзі разумеюць, што аніякай апазыцыяй
гэта не зьяўляецца, таму ўвесь гэты так званы “парлямант” – нішто іншае,
як адзін з разьдзелаў адміністрацыі прэзыдэнта.”
(Кар.: ) “Пракамэнтуйце, калі ласка, сытуацыю з Навасядам, які быў абраны
ў гэтую палату. Ён будзе заставацца ў вашай партыі ці не?”
(Лабановіч: ) “Мая асабістая думку – безумоўна, не. На гэты момант у
нас ёсьць ягоная заява аб прыпыненьні сяброўства ў партыі, але адразу пасьля
таго, як скончыцца тэрмін, указаны ў заяве, я лічу, мы павінны ставіць
пытаньне аб ягоным выключэньні з партыі за парушэньне Статуту і рашэньняў
партыі,”
– адзначыў прадстаўнік АГП Яўген Лабановіч.
У Беларускім Народным Фронце таксама не чакаюць нічога лёсавызначальнага
ад новага складу “Палаты прадстаўнікоў”.
Гаворыць адказны сакратар управы Партыі БНФ Аляксей Кавалец:
(Кавалец: ) “На нашую думку, палата ня будзе мець паўнамоцтваў парлямэнту
і надалей, ня будзе мець і ўплыву на палітычную і эканамічную сытуацыю
ў Беларусі. Тое, што там, можа, зьявяцца нейкія людзі, не прызначаныя Лукашэнкам,
а абраныя і будуць нешта там казаць – гэта нават ня будзе пускацца ў эфір,
ніхто гэтага не пачуе. Ніякага ўплыву яны таксама ня будуць мець, бо большасьць
у палаце засталася тых жа прадстаўнікоў, якія былі і раней.
– паведаміў сакратар управы Партыі БНФ Аляксей Кавалец.
Лідэр Партыі камуністаў Сяргей Калякін зазначыў, што ягоная партыя не
зьбіраецца даваць новым дэпутатам “Палаты прадстаўнікоў” спакойна драмаць
у Авальнай залі, нагадаўшы пра магчымасьць скарыстаньня працэдуры іх адкліканьня.
Гаворыць Сяргей Калякін:
(Калякін: ) “Бальшыня, сфармаваная ў палаце, гэта ранейшыя людзі, іх
арыентацыя зразумелая, гэта людзі выканаўчае ўлады, таму я б не чакаў,
што будуць нейкія зьмены з пункту гледжаньня права голасу парлямэнту ў
нашай дзяржаве. Але ў той жа час там ёсьць шэраг новых людзей, яны, вядома,
у мяншыні, але яны ёсьць. Яны будуць займаць нейкія пазыцыі і ў бліжэйшы
час пабачым, наколькі гаварыў праўду Лукашэнка, кажучы пра пашырэньне паўнамоцтваў
парлямэнту. Мяркую ўсё ж , што гэты парлямэнт будзе іншы, чым той, што
быў прызначаны, бо гэтыя людзі прайшлі праз выбары, якія б яны ні былі
— несвабодныя, недэмакратычныя і непразрыстыя”,
— адзначыў Сяргей Калякін.
Цікава, што нават некаторыя з замежных назіральнікаў, па сутнасьці пралукашэнкавыя
палітыкі, якія прыбылі на другі тур выбараў на запрашэньне беларускага
ўраду, пагадзіліся з думкаю, што новы парлямэнт ня будзе мець істотнага
ўплыву на сытуацыю ў Беларусі. На пытаньне пра ролю новага беларускага
парлямэнту адказвае дэпутат Вярхоўнае Рады Ўкраіны Аляксандар Чарадзееў:
(Чарадзееў: ) “Роля парлямэнту тут меншая, чым у сярэднім у Эўропе.
Я не думаю, што парлямэнт будзе тут нейкай процівагаю Лукашэнку, не, на
гэты пэрыяд жыцьця Беларусі іншага лідэра няма, нават калі гэта ворган,
а не чалавек (я маю на ўвазе — парлямэнт)”,
— паведаміў радыё Свабода дэпутат Вярхоўнае Рады Ўкраіны Аляксандар
Чарадзееў.
Валер Каліноўскі, Менск