Вядома, што ў акругах, дзе балятаваліся лідэры трох апазыцыйных партыяў
— Мікола Статкевіч, Сяргей Гайдукевіч і Сяргей Калякін — выбары не адбыліся.
Чаго дамагліся гэтыя кандыдаты ў дэпутаты, беручы удзел ў выбарах у Палату
Прадстаўнікоў? Якім чынам яны выкарыстаюць свой “выбарчы” досьвед пад час
будучых прэзыдэнцкіх выбараў?
Старшыня Беларускае Сацыял-Дэмакратычнае партыі “Народная Грамада” Мікола
Статкевіч лічыць плённым свой удзел у выбарах, па-першае таму, што ён меў
магчымасьць адкрыта сустракацца зь людзьмі…
(Статкевіч: ) “Вырасьлі колькасна арганізацыі партыі. Сем новых арганізацыяў
партыі ўтворана ў райцэнтрах за час выбарчай кампаніі. Я думаю, што на
гэтых выбарах адпрацоўваліся тэхналёгіі перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах.
Гэтая тэхналёгія намі ўжо на сабе выпрацаваная, мы ведаем яе. Сутнасьць
яе ў спалучэньні сучасных піяраўскіх тэхналёгіяў і тыповых савецкіх мэтадах
прымусу. Відавочна, што ўсё гэта будзе паўторана на прэзыдэнцкіх выбарах,
і мы павінны быць да гэтага падрыхтаваныя”.
Зазначыў Мікола Статкевіч. Ён дагэтуль мяркуе, што байкатаваньне выбараў
было памылкаю.
(Статкевіч: ) “Мы зрабілі першы крок да паразы на прэзыдэнцкіх выбарах
паўтары гады таму, калі мы адмовіліся ад удзелу ў мясцовых выбарах, а гэта
значыць, што мы адмовіліся ад магчымасьці ўплываць на фармаваньне выбарчых
камісіяў. Зараз мы зрабілі , мабыць, другіх паўкрока да паразы на прэзыдэнцкіх
выбарах, таму што сьведама частка апазыцыі адмовілася ад падрыхтоўкі камандаў
на прэзыдэнцкія выбары, ад іх трэніроўкі і выпрацоўкі тэхналёгіяў, і, самае
галоўнае, ад магчымасьці хаця б шанцу ўплываць на выбарчае заканадаўства
на прэзыдэнцкіх выбарах”,
— кажа Мікола Статкевіч.
Лідэр Лібэральна-Дэмакратычнае партыі Беларусі Сяргей Гайдукевіч таксама
выказаў задаволенасьць вынікамі выбараў:
(Гайдукевіч: ) “Мы цэлы тыдзень перадавалі БДІЧ дакумэнты, у якіх былі
зафіксаваныя фальшаваньні пад час выбараў. І мы ганарымся тым, што пры
нашым дзейсным удзеле Эўропа не прызнала выбары. У сяброў партыі цяпер
цудоўны настрой. Праведзены маніторынг у вясковых акругах, цяпер мяне там
ведаюць.
Што тычыцца будучых прэзыдэнцкіх выбараў, дык безумоўна, апазыцыя пойдзе
на іх адзінай сілаю. І гэта неабавязкова будзе адзіны кандадат у прэзыдэнты.
Выпрацоўваецца пэўная тактыка.
Я мяркую, што мы вельмі добра падрыхтаваліся да прэзыдэнцкіх выбараў.
Цяпер мы ведаем рэальны рэйтынг Лукашэнкі, ён вельмі нізкі”, — мяркуе Сяргей
Гайдукевіч.
Выбары не адбыліся і ў акрузе, дзе балятаваўся лідэр Партыі камуністаў
Беларускай Сяргей Калякін. Тым ня менш спадар Калякін таксама задаволены
вынікам выбараў. На ягоную думку, 14 адсоткаў галасоў, якія атрымалі кандыдаты
ад ягонае партыі, — гэта зусім нядрэнна:
(Калякін: ) “Я мяркую, што гэта не канец, а толькі пачатак. Цяпер мы
ўступаем у вельмі важны пэрыяд падрыхтоўкі да прэзыдэнцкіх выбараў, і ўсё
толькі пачынаецца.
На маю думку, мой асабісты вынік — другое месца ў акрузе — гэта даволі
добра, калі ўлічваць той прамоўшэн у мой адрас на працягу тыдня з удзелам
прэзыдэнта ва ўсіх дзяржаўных сродках масавай інфармаціі”, — зазначыў Сяргей
Калякін.
Ганна Соусь, Менск