У пяці акругах Берасьцейскай вобласьці выбары не адбыліся. Незалежныя
назіральнікі паведамляюць пра шматлікія парушэньні заканадаўства ў часе
галасаваньня.
На сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі начальнік арганізацыйна-кадравай
управы Берасьцейскага аблвыканкаму Аляксандар Каляда паведаміў, што, паводле
папярэдніх дадзеных, у вобласьці прагаласавала 62,3% выбаршчыкаў. Сапраўдны
рэкорд быў устаноўлены ў Драгічынскай акрузе №7, дзе ў выбарах узялі ўдзел
83,5% тых, чые прозьвішчы былі ўнесеныя ў сьпісы для галасаваньня. Тут
быў абраны дэпутатам дырэктар гімназіі Ўладзімер Здановіч.
Яшчэ ў 4-х акругах Берасьцейшчыны пераможцамі названыя больш вядомыя
асобы: цяперашнія дэпутаты так званай “палаты” Віктар Кучынскі, Іван Пашкевіч
і Аляксандар Зінчанка, а таксама намесьнік старшыні Берасьцейскага аблвыканкаму
Валеры Захарчанка. Усе яны карысталіся ў часе выбарчай кампаніі так званым
“адміністрацыйным рэсурсам” мясцовай вэртыкалі і праходзілі па акругах,
дзе пераважную большасьць выбаршчыкаў складаюць вяскоўцы.
Што да буйных гарадоў, то выбары не адбыліся ў ніводнай з трох акругаў
Берасьця і ў дзьвюх акругах Баранавічаў. Да скрыняў прыйшлі ад 40 да 48%
выбаршчыкаў.
Акрамя нежаданьня гарадзкога насельніцтва браць удзел у гэтай выбарчай
кампаніі, яшчэ адным чыньнікам, чаму ў Берасьці выбары не адбыліся, называюць
прысутнасьць незалежных назіральнікаў амаль на ўсіх участках.
Але шматлікія выпадкі парушэньняў фіксаваліся менавіта ў рэгіёнах. Асабліва
шмат заўвагаў было па так званым “датэрміновым галасаваньні”. Напрыклад,
у вёсцы Церабунь Берасьцейскага раёну такім чынам прагаласавалі 105 з 246-ці
выбаршчыкаў. Але, як высьветлілі назіральнікі, амаль усе жыхары гэтай вёскі
15 кастрычніка знаходзіліся ў сваіх хатах і нікуды зьязджаць не зьбіраліся.
Каб схаваць факты парушэньняў, назіральнікаў не жадалі рэгістраваць
на многіх участках Берасьцейшчыны, альбо адмаўлялі ім прысутнічаць у часе
галасаваньня. Непажаданым было зьяўленьне на ўчастках і журналістаў. Так,
у Пружанах на выбарчыя ўчасткі не былі дапушчаныя карэспандэнты незалежнай
газэты “Голас Пружанаў” Раман Патапчук, Ірына і Валеры Малышэўскія.
Алег Супрунюк, Берасьце