Працягваюцца суды над затрыманымі распаўсюднікамі ўлётак з заклікам
да байкоту выбараў.
Супрацоўнікі міліцыі затрымліваюць многіх людзей, якія агітуюць на вуліцах
за байкот выбараў. Да суду, аднак, даходзіць не заўсёды. Гэта тлумачыцца
тым, што бальшыня затрыманых — непаўнагадовыя школьнікі й студэнты. Імі
займаюцца камісіі ў справах непаўнагадовых у мясцовых выканкамах.
Тыя ж, хто пасьля складаньня пратаколу за нібыта дапушчанае адміністрацыйнае
правапарушэньне зьяўляюцца ў суд, каб атрымаць нейкае пакараньне, мусяць
прыходзіць туды па некалькі разоў. Самая распаўсюджаная прычына — няяўка
ў судовае паседжаньне міліцыянтаў. Бязь іхных паказаньняў судзьдзя ня мае
права выносіць судовае рашэньне.
Так было й сёньня — з гэтае прычыны быў перанесены разгляд адміністрацыйнае
справы студэнта Зьмітра Касьпяровіча. Ён быў затрыманы двойчы — 17 і 28
верасьня — за тое, што раздаваў газэту “Наша Свабода”.
Кожны раз, каб прыйсьці ў суд, студэнт вымушаны прасіць дазволу ў выкладчыкаў
на пропуск заняткаў. Гаворыць Зьміцер Касьпяровіч:
(Касьпяровіч: ) “Супрацоўнікі міліцыі абыходзіліся са мной даволі ветліва,
карэктна. Прадставіліся і спасылаліся на нейкі загад затрымліваць людзей,
у якіх ёсьць газэты. Але патлумачыць штосьці канкрэтна яны не маглі.
Другі раз было больш жорстка. Ужо ніхто не прадстаўляўся, у затрыманьні
ўдзельнічалі яшчэ нейкія спэцыяльна прывезеныя статысты – хлопчыкі-стажоры.
Пасадзілі ў клетку ў варанок. Другі раз затрымалі мяне за тое, што я пачаў
абурацца: за што затрымліваюць Стася Івашкевіча, а газэту ў той час я не
распаўсюджваў, таму гэта проста сьмешна.”
Судзьдзя Руслан Казадаеў перанес разгляд справы на 12 кастрычніка.
А другі затрыманы, Андрэй Бабаеўскі, сёньня прыйшоў у Савецкі суд ужо
трэці раз, але зноў безвынікова. Міліцыянты чарговы раз прайгнаравалі судовыя
позвы. Толькі ў Савецкім судзе з гэтае прычыны марудзяцца яшчэ сем аналягічных
адміністрацыйных справаў. Падобная карціна ў Ленінскім і ў Партызанскім
судох Менску.
Любоў Лунёва, Менск