Расейская рэакцыя на сёньняшні саміт у Менску. Маскоўскія назіральнікі
адзначаюць, што Лукашэнка ідзе на сур’ёзныя саступкі, бо спрабуе займець
падтрымку Расеі на будучых прэзыдэнцкіх выбарах.
Абставіны прымушаюць Аляксандра Лукашэнку згаджацца на тыя умовы аб’яднаньня
з Расеяй, якія дыктуе Крэмль. Такое думкі ў тае ці іншае форме прытрымліваецца
большасьць расейскіх назіральнікаў.
Найбольш катэгарычна выказваецца на гэты конт газэта «Коммерсантъ»:
«Падпісаньне дамовы аб адзінае валюце фактычна азначае пачатак аншлюсу
– далучэньня Беларусі да Расеі, а не аб’яднаньня дзвюх дзяржаваў, як дамагаўся
Лукашэнка».
На думку газэты, новае расейскае кіраўніцтва апошнім часам паступова
прывучала Лукашэнку да думкі, што адмаўляцца ад саюзу з Беларусьсю яно
не зьбіраецца, але мае намер будаваць яго толькі на ўласных умовах. Газэта
лічыць, што канчатковай мэтай Расеі стане зьвядзеньне статусу Беларусі
да фэдэральнае акругі ў складзе Расеі і, адпаведна, статусу Лукашэнкі да
звычайнага кіраўніка гэтае акругі.
«Фактычна, – адзначае газэта, – спадару Лукашэнку вылучаны ўльтыматум:
альбо ён прымае такую формулу адносінаў... альбо Масква робіць стаўку на
іншага, больш згаворлівага, беларускага палітыка. І прызначаныя на наступны
год выбары прэзыдэнта Беларусі тут вельмі дарэчы».
Расея ніколі ня пойдзе на стварэньне саюзнае дзяржавы, дзе было б два
цэнтры кіраваньня, згаджаецца супрацоўнік Інстытуту Эўропы расейскай Акадэміі
навук Аркадзь Мошэс. Ён фармулюе сваю думку так: «Непазьбежнае замацаваньне
двоеўладзьдзя ў саюзнае дзяржаве ішло б насуперак цяперашняй палітыцы цэнтралізацыі
ўлады ў Расеі».
Камэнтатары лічаць, што жорсткі кантроль з боку Расеі за дзеяньнямі
беларускіх уладаў патрэбны і таму, што пры цяперашняй эканамічнай палітыцы
ўраду Беларусі – немагчыма ажыцьцявіць пляны ўвядзеньня адзінае валюты.
У Расеі ня так шмат грошай, каб падтрымліваць беларускія эканамічныя экпэрымэнты.
Ускосна гэта прызнаюць і ў атачэньні прэзыдэнта Расеі. Так дарадца Уладзімера
Пуціна ў эканамічных пытаньнях Андрэй Іларыёнаў увогуле паставіў пад сумнеў
эканамічны рост Расеі ў бліжэйшыя гады. На ягоную думку сёньняшні эканамічны
рост адбываецца выключна з-за высокіх коштаў на нафту. Калі кошты на нафту
будуць падаць, то ў жніўні-верасьні наступнага году Расею можа чакаць эканамічны
крызіс і чарговы дэфолт. Адзінае выйсьце ў гэтае сытуацыі, – лічыць Іларыёнаў,
– скараціць бюджэтныя выдаткі і скіраваць усе грошы на выплату запазычанасьці
заходнім крэдыторам.
А як вядома, менавіта з-за высокіх даходаў свайго бюджэту Расея зараз
мае магчымасьць падтрымліваць эканоміку Беларусі крэдытамі і марыць пра
ўвядзеньне адзінае валюты.
Віктар Дзятліковіч, Масква