30 лістапада ў Менску пройдзе паседжаньне вышэйшае
дзяржаўнае рады “саюзнае дзяржавы Беларусі й Расеі” з удзелам Аляксандра
Лукашэнкі і Ўладзімера Пуціна, а 1 сьнежня ў беларускай сталіцы на саміт
зьбяруцца прэзыдэнты краінаў СНД.
На нечарговым паседжаньні вышэйшае дзяржаўнае рады гэтак званае “саюзнае
дзяржавы Беларусі й Расеі” ніякіх пагадненьняў падпісана ня будзе. Пра
гэта паведаміў памочнік Аляксандра Лукашэнкі Міхал Хвастоў. Рашэньні будуць
прымацца ў выглядзе даручэньняў урадам.
Будуць разгледжаныя пытаньні ўніфікацыі падатковае палітыкі, тарыфнага
й нетарыфнага рэгуляваньня, правядзеньня выбараў у палату прадстаўнікоў
“саюзнай дзяржавы”. Гэтыя выбары могуць адбыцца, паводле словаў Міхала
Хвастова, ужо ў 2001 годзе, але “пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі”.
Апазыцыйны палітык Павал Знавец лічыць, што гэткі тэрмін выбараў у “саюзную”
палату абраны Лукашэнкам невыпадкова, бо кіраўнік Беларусі сумняецца ў
расейскай падтрымцы і хацеў бы падмацаваць яе новымі інтэграцыйнымі праектамі.
Але й гэтага мала, — мяркуе Павал Знавец, — для посьпеху на выбарах 2001
году Лукашэнку патрэбныя і расейскія грошы. Пытаньне пра пераход на расейскі
рубель як адзіную валюту, якое будзе разглядацца Пуціным і Лукашэнкам 30
лістапада, паводле словаў Міхала Хвастова, будзе зьвязанае з расейскімі
крэдытамі гэтак званым “пакетным пагадненьнем”.
Гаворыць Міхал Хвастоў:
“Што датычыць працы ва ўвядзеньні адзінай грашовай адзінкі і фармаваньня
адзінага эмісійнага цэнтру, дык падыход беларускага боку заключаецца ў
тым, каб падпісаць чатыры пагадненьні ў адной увязцы, гэта так званае “пакетнае
рашэньне” пытаньняў. Гэта значыць, што мы маем намер адначасова падпісаць
міждзяржаўныя пагадненьні пра ўвод адзінай грашовай адзінкі і фармаваньні
адзінага эмісійнага цэнтру саюзнае дзяржавы, пра захады ў стварэньні ўмоваў
да ўводу грашовай адзінкі ды два крэдытныя пагадненьні — міждзяржаўнае
пагадненьне ў крэдыце й міжбанкаўскі крэдыт”.
Міхал Хвастоў паведаміў, што разыходжаньняў паміж расейскім і беларускім
кіраўніцтвам тут няма, і што ўсё гэта будзе зафіксавана ў рашэньнях, якія
падпішуць Пуцін і Лукашэнка 30 лістапада. Спадар Хвастоў сказаў, што яшчэ
сёлета Беларусь атрымае ад Расеі 30 мільёнаў даляраў , на наступны год
— яшчэ семдзясят, а агульная сума ільготнага крэдыту будзе складаць ад
200 да 260 мільёнаў даляраў.
Валер Каліноўскі, Менск