Як паведамілі нам у пасольстве Беларусі ў Чэхіі, 10 лістапада сёлета
паміж 16:30 і 17-й гадзінамі, паводле варшаўскага часу, амаль у цэнтры
польскай сталіцы адбыўся напад на пасла Беларусі ў Чэхіі Ўладзімера Бельскага.
Паводле трэцяга сакратара пасольсьтва Беларусі ў Чэхіі Віктара Казлова,
разам з Уладзімерам Бельскім у машыне знаходзіўся толькі кіроўца Ўладзімер
Сьвярчаеў. У выніку нападу быў скрадзены аўтамабіль пасольства, рэчы і
дакумэнты.
Пацярпелыя неадкладна зьвярнуліся ў паліцыю, якая, як і лекары, своечасова
прыехалі на месца здарэньня. У пасла Беларусі, калі ён спрабаваў перашкодзіць
выкрадальнікам, была зламаная рука.
На маё пытаньне пра тое, што папярэднічала нападу, трэці сакратар пасольства
Віктар Казлоў адказаў:
(Казлоў: ) “Як выглядае з аповядаў кіроўцы і пасла, за машынай хутчэй
за ўсё ішло назіраньне. Па дарозе ў Варшаву яны двойчы, а ў Варшаве – трэці
раз, чулі нейкія дзіўныя гукі пад машынай. Я думаю, што гэта быў пакет
з гайкамі і шрубкамі, якія білі па днішчы і стваралі ўражаньне, што з машынай
нешта ня так. У такі спосаб, па-мойму, зламысьнікі спрабавалі прымусіць
кіроўцу спыніцца. Апрача гэтага, яны абганялі машыну і паказвалі, што там
нешта здарылася з заднім левым колам. У Варшаве давялося спыніцца, бо іншыя
кіроўцы спыніліся і сказалі, што з выхлапной трубы відаць агонь”.
Далей спадар Казлоў паведаміў, што ў гэты момант і адбыўся напад. Апрача
гэтага ён сказаў, што на машыне пасла, як і належыць, былі адзнакі, якія
не паказваюць на краіну, але сьведчаць, што аўтамабіль належыць дыпляматам.
Пры дапамозе консульскіх супрацоўнікаў у Варшаве і супрацоўнікаў Беларускага
пасольства ў Чэхіі, пасол Бельскі вярнуўся ў Прагу.
Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага