У Менску прайшло першае паседжаньне рабочае групы ў справе стварэньня
народнага руху “За перамены”. Гэтая ініцыятыва належыць некалькім былым
кандыдатам у дэпутаты г.зв. “Палаты прадстаўнікоў” ад Воршы. Адна з галоўных
задачаў новага аб’яднаньня — вылучэньне й падтрымка адзінага кандыдата
на прэзыдэнцкіх выбарах.
Першае паседжаньне арганізацыйнага камітэту руху “За перамены” працягвалася
сёньня больш за тры гадзіны. У прысутнасьці кіраўніка КНГ АБСЭ Ганса-Георга
Віка, ягонага намесьніка Мішэля Рывалье, лідэра “Народнае Грамады” Міколы
Статкевіча, а таксама 25 былых кандыдатаў у дэпутаты з шэрагу рэгіёнаў
Беларусі (пераважна ўсе яны сябры ці прыхільнікі БСДП) група з Воршы выступіла
са сваёй ініцыятываю.
У заяве, якую падтрымалі мясцовыя арганізацыі партыі “Народная Грамада”,
Лібэральна-Дэмакратычнае партыі, Таварыстваў Беларускае Мовы й Школы, Гэльсынскага
камітэту, мясцовымі Свабоднымі прафсаюзамі, гаворыцца, што новы рух “За
перамены” хоча аб’яднаць усіх грамадзянаў, што выступаюць за хуткія і эфэктыўныя
перамены ў беларускім грамадзтве.
Паводле аўтараў звароту, сёньня дзеля пераадоленьня палітычнага крызысу
патрэбная рэальная сіла. Якая б здолела аб’яднаць вакол сябе розныя палітычныя
й грамадзкія плыні. Аўтары заявы лічаць, што менавіта яны, былыя кандыдаты
ў дэпутаты, маючы адпаведны досьвед выбарчае барацьбы, здольныя стварыць
аснову новае сілы “За перамены”.
Ініцыятыву стварэньня гэтага руху актыўна падтрымаў лідэр Сацыял-Дэмакратычнае
“Народнае Грамады” Мікола Статкевіч. Ён лічыць што толькі новыя людзі з
багатым досьведам выбарчае барацьбы здольныя стварыць дзейсную структуру
й перамагчы на прэзыдэнцкіх выбарах.
Гаворыць Мікола Статкевіч:
(Статкевіч: ) “Зварот аршанцаў – гэта заклік да адзінства новых сілаў,
дадатковых сілаў, рэальных сілаў. Мы проста абавязаныя яго скарыстаць.
З кім мы будзем працаваць на гэтых прэзыдэнцкіх выбарах, з кім мы будзем
наладжваць кантроль? А тут паглядзіце – новыя людзі. Іх сотні. За імі,
за кожным, 15 рэальных людзей, не балбатуноў. Гэта мінімум 15, тых, хто
сабраў подпісы. Гэта столькі трэба, каб сабраць у жніўні подпісы. За імі
гэтых подпісаў – сотні тысяч. І што, мы ад гэтага павінны адмовіцца?”
Заявіў спадар Статкевіч.
Заўтра ён мае намер паінфармаваць пра стварэньне новага палітычнага
руху сяброў Кансультацыйнае рады палітычных партыяў. Устаноўчы зьезд руху
плянуецца правесьці ўжо ў гэтым месяцы. Мікола Статкевіч сьцьвярджае, што
гэтая ініцыятыва не накіраваная супраць іншых палітычных аб’яднаньняў.
Альгерд Невяроўскі, Менск