Камісія правоў чалавека Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў у Жэнэве (адрас
у матэрыяле) прыняла да разгляду справу жыхара места Крычаў Магілеўскае
вобласьці Лявона Сьвеціка. Пра гэта паведаміла крычаўскае грамадзкае аб’яднаньне
“Кантакт-Цэнтар”.
Больш як год таму спадар Сьвецік, як прадстаўнік Беларускага Гэльсынскага
камэтэту, падпісаўся пад зваротам прадстаўнікоў грамадзкіх арганізацыяў
да жыхароў Беларусі, у якім выказвалася нэгатыўнае стаўленьне да выбараў
у мясцовыя саветы дэпутатаў, якія павінны былі адбыцца вясной 1999 года.
Зварот быў надрукаваны ў газэце “Народная воля”.
Пасьля гэтага тэксту яго прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасьці
за байкот выбараў. У Крычаве гэты дакумэнт падпісала чатыры чалавекі. Сярод
іх двое працавалі на дзяржаўных прадпрыемствах: Лявон Сьвецік быў і сёньня
застаецца выкладчыкам Крычаўскага тэхнікуму эканомікі і права, Андрэй Кузьмін
працаваў у банку. І толькі на іх у судовым парадку быў накладзены штраф.
Спачатку са Сьвецікам і Кузьміным мела гутарку памочнік раённага пракурора,
а потым судзьдзя Вольга Вокунь прысудзіла ім выплаціць два мінімальныя
заробкі. Прычым, паводле сьведчаньня Андрэя Кузьміна, яна не абцяжарвала
сябе доказамі і не тлумачыла, чаму да адказнасьці прыцягваюцца ня ўсе падпісанты
звароту, а толькі тыя, хто працуе ў дзяржарганізацыях. Абапіраючыся на
дзьве апошнія высновы, Лявон Сьвецік вырашыў абскарджваць рашэньне суда
і прынцыпова прайшоў усе прыступкі беларускае судовае лесьвіцы. І абласны,
і Вярхоўны суд пакінуў рашэньне крычаўскага суду без зьменаў.
Пры падтрымцы Крычаўскае праваабарончае групы, якая дзейнічае пры “Кантакт-цэнтры”,
і мясцовага прадстаўніцва Беларускага Гэльсынскага камітэту, спадар Сьвецік
зьвярнуўся ў Жэнэўскую камісію правоў чалавека. І вось адтуль, ад кіраўніка
аддзелу дапаможнага абслугоўваньня Хаміда Гахама прыйшоў адказ: справа
прынятая да разгляду. У Беларусь накіраваны запыт на атрыманьне магчымай
інфармацыі, і на працягу шасьці месяцаў камісія разгледзіць справу крычаўляніна
і вынясе сваё рашэньне.
(адрас Камісіі: UN office of Geneva, 8-14, avenue de La Paix, 10, Switzerland)
Марыя Ўсьціновіч, Магілеў