30 траўня ў Менску адбылася сустрэча удзельнікаў гэтак званага “грамадзкага
дыялёгу” з Аляксандрам Лукашэнкам. У выніку Лукашэнка паабяцаў унесьці
ў Палату прадстаўнікоў пэўныя прапановы адносна зьменаў Выбарчага кодэксу,
выпрацаваныя ўдзельнікамі “дыялёгу”. Большага выніку гэтая дзея не прынесла.
Палац Рэспублікі, дзе праходзіла сустрэча, быў аточаны ня толькі будаўнічымі
рыштаваньнямі, але й шчыльнымі міліцэйскімі кардонамі, якія пільна сачылі,
каб ніхто пабочны не патрапіў на гэты шырокі “дыялёг”. Падбор выступоўцаў
таксама быў жорстка рэглямэнтаваны. Дастаткова назваць першых прамоўцаў:
Шыманскі, Нятылькін, Баранкевіч, Чыкін… Як паведаміў “Радыё Свабода” лідэр
пралукашэнкавае арганізацыі Беларускі саюз “Отечество” Валеры Макееў, Аляксандар
Лукашэнка сам адбіраў, хто мае выступіць. Запіскі да яго з залі блякаваліся
аховаю.
Гаворыць Валеры Макееў:
“Спачатку была дамоўленасьць, што любыя прадстаўнікі партыяў і рухаў
маюць права выступаць. Мы лічым, што прэзыдэнт мае права пачуць ня толькі
падрыхтаваных выступоўцаў, а ўсіх. На сёньня каля 15-20 жадаючых проста
не маглі данесьці сваю думку да прэзыдэнта, таму што іх блякавалі. Тыя,
хто арганізоўваў гэтую дзею, зноў падставілі прэзыдэнта”, – лічыць Валеры
Макееў, які быў вельмі незадаволены хадою гэтага аднабаковага “дыялёгу”.
Іншыя ўдзельнікі сустрэчы таксама засталіся расчараванымі. Гаворыць
сакратар Цэнтральнага камітэту Партыі камуністаў Беларускай Алена Скрыган:
“Вельмі цяжка гаварыць пра аптымізм, таму што я чакала, што сёньня будзе
адказ ад урадавых структураў аб тым, як яны ўспрынялі нашыя прапановы.
Мне здаецца, што неапраўдана многа тут крытыкаваліся апазыцыйныя партыі.
А што тычыцца саміх прапановаў дыялёгу аб зьмене Выбарчага Кодэксу, то
стала зразумела, што ня будзе прынятая прапанова аб увядзеньні зьмяшанай
сыстэмы выбараў, і Лукашэнка ня хоча абмяркоўваць функцыі будучага парляманту.
А што да тых 16-ці прапановаў, што былі ўнесеныя, Лукашэнкам таксама названыя
толькі дзьве, якія, магчыма, будуць прынятыя: гэта фармаваньне выбарчых
камісіяў з удзелам партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў і функцыі назіральнікаў,
якія павінны быць прапісаныя ў Кодэксе.”
Гэта была адзіная прадстаўніца апазыцыйных партыяў у “дыялёгу” Алена
Скрыган.
Лукашэнка, сапраўды, шмат крытыкаваў апазыцыю, якая ў гэтай зале не
прысутнічала. Ён заявіў, што яе прадстаўнікі паехалі ў Амэрыку, каб прасіць
грошай на зьвяржэньне рэжыму, прыгразіў, што гэтай справаю зоймецца Рада
бясьпекі. Часта да месца й не Лукашэнка накідваўся на Станіслава Шушкевіча.
Але ўрэшце ў сваёй апошняй заяве на “дыялёгу” ён заклікаў апазыцыю прыняць
удзел у выбарах, паабяцаўшы ёй стварыць роўныя ўмовы. Ён пагадзіўся нават
на ўсталяваньне прапанаванага місіяй АБСЭ “пэрыяду даверу” перад выбарамі.
Вельмі рашуча Лукашэнка выказаўся супраць прапарцыйнае сыстэмы выбараў,
і заявіў, што Беларуская тэлевізія і масавыя СМІ ня будуць выкарыстаныя
для спробаў апазыцыі, паводле ягоных словаў, “дэстабілізаваць сытуацыю”.
Вельмі вострай была дыскусія Лукашэнкі і кіраўніка Кансультацыйна-назіральнае
групы АБСЭ Ганса-Георга Віка. Вік нагадаў пра крытэрыі, якімі будзе кіравацца
АБСЭ ў вырашэньні пытаньня пра накіраваньне сваіх назіральнікаў на выбары
ў Беларусь. У адказ Лукашэнка абвінаваціў АБСЭ ў падвойных стандартах і
заявіў Віку літаральна наступнае: “Калі вы й далей будзеце мяне папракаць
у перасьледзе грамадзянаў паводле палітычных матываў, дык я раскажу ўсю
праўду пра нашыя перамовы ў справе Чыгіра ды іншых, бо калі б не “дыктатар”
Лукашэнка, сядзець бы Чыгіру пяць гадоў у турме. На вашую ўказку, пад вашым
ціскам шмат каму ў Беларусі было даравана”.
Валер Каліноўскі, Менск