Адной з найбольш пацярпелых ад травеньскіх замаразкаў зьяўляецца сельская
гападарка Гарадзеншчыны. Тэмпэратура паветра зьніжалася да 7 градусаў.
Лічбы плошчы зьнішчаных і пашкоджаных пасеваў увесь час павялічваюцца.
Абнародаваныя ўчора папярэднія лічбы ўразілі: у вобласьці было зьнішчана
і пашкоджана разам 63 тысячы гектараў пасеваў. Учора найгоршым здавалася
становішча Ваўкавыскага раёна, сёньня, у першай палове дня, мне ўдалося
атрымаць самыя апошнія зьвесткі.
Паводле больш дакладных падлікаў, сытуацыя пагоршылася ўдвая: замест
30 тысячаў гектараў зьнішчанных пасеваў, іх аказалася 56 тысяч, а пашкоджана
насамрэч не 33 тысячы гектараў, а 75 тысяч. Агулам, гэта каля чвэрці ад
ўсіх пасеваў.
“А будзе яшчэ горш,” – сказаў мне супрацоўнік Аблсельгасхарчу Станіслаў
Радзевіч. Рэч у тым, што надвор’е застаецца неспрыяльным для пасеваў, таму
пашкоджаныя гектары робяцца зьнішчанымі. Гэты працэс мог бы спыніцца, каб
пайшоў дождж, але дажджоў не было месяц і яшчэ не прадбачыцца. Пасевы пачынаюць
выгараць. Карацей, страты будуць яшчэ большымі. На сёньняшні дзень, самыя
пацярпелыя Воранаўскі і Лідзкі раёны, – там трэба аднаўляць 9 тысяч гектараў
і 8 тысяч адпаведна. Паводле словаў спадара Радзевіча, “будуць цяжкасьці
з насеньнем”.
А яшчэ больш пацярпелі сенажаці і сады – замаразкі на Гарадзеншчыне
здарыліся двойчы: з 2 на 3 траўня і з 7 на 8. Тэмпература ў Ашмянскім раёне
зьніжалася да мінус сямі градусаў, а ў Гарадзенскім да мінус шасьці.
Адзінаццатага і дванаццатага абласная метыяслужба прадказвае новыя замаразкі.
Спэцыялісты прызнаюцца, што нельга было гэтак рана заканчваць сяўбу, нават
грэчку і кукурузу ўжо пасеялі, якія звычайна высяваюцца значна пазьней,
хаця, канешне, пацярпелі і азімыя, якіх веснавая сяўба не датычыла. Але
імкненьне ажыцьцявіць сёлетнюю сяўбу чым хутчэй было відавочным. Старшыню
аблвыканкаму Аляксандра Дубко ў канцы красавіка выклікаў Лукашэнка дзеля
справаздачы, і Дубко адрапартаваў: “Шэсьцьдзесят працэнтаў ужо засеялі,
хутка ўсё закончым”.
Сяргей Астраўцоў, Горадня