Візыт “тройкі” АБСЭ завершыўся выніковай прэсавай канфэрэнцыяй
у Нацыяльным прэс-цэнтры. Эўрапейскія пасланьнікі ўразілі журналістаў выразнасьцю
сваіх выказваньняў і канкрэтнымі патрабаваньнямі ад беларускіх уладаў.
“Задача нашае місіі – данесьці палітычнае пасланьне, што рашэньне мусіць
быць знойдзена з рэальным удзелам усіх, як ураду, гэтак і апазыцыі”, –
гэтак гаворыцца ў падрыхтаваным мэмарандуме прадстаўнікоў “тройкі”.
На прэсавай канфэрэнцыі кіраўнік дэлегацыі аўстрыец Вальтэр Зыгль адзначыў,
што ўлада мусіць прыкладаць трывалыя намаганьні, каб стварыць у Беларусі
клімат даверу. “Дыялёг мусіць быць рэальным і значным. Ён павінен прывесьці
да пераменаў, а ягоныя ўдзельнікі могуць мець паўнамоцтвы прымаць рашэньні
й выконваць іх”, – падкрэсьліў спадар Зыгль.
Ён вызначыў чатыры сфэры, у якіх беларускія ўлады мусяць ажыцьцявіць
сур’ёзныя зьмены. Гэта Выбарчы кодэкс, доступ апазыцыі да дзяржаўных мас-медыяў,
найперш электронных, правы чалавека й паўнамоцтвы будучага парлямэнту.
Бадай, упершыню пад час шматлікіх візытаў у Менск эўрапейцы ўвязалі
разам усе гэтыя пытаньні, што, напэўна, стала непрыемным сюрпрызам для
беларускіх уладаў, якія, магчыма, спадзяваліся адкупіцца ад Эўропы зьменамі
ў Выбарчым кодэксе.
У эксклюзіўным інтэрвію для нашага радыё спадар Зыгль адказаў на маё
пытаньне, як ягоныя суразмоўцы з уладнага боку рэагавалі на прапанову аб
пашырэньні правоў парлямэнту.
(Зыгль: ) “Не, я не магу паведаміць вам, што вось была такая рэакцыя,
якая дала б надзею, што ў бліжэйшай будучыні будуць зьмены ў Канстытуцыі.
Яны спасылаліся на неабходнасьць рэфэрэндуму ды іншыя складаныя працэдуры.
Але мы не пакінулі тут аніякіх сумневаў, што гэта вельмі важнае пытаньне,
і што парлямэнт у дэмакратычных краінах мусіць мець функцыі сапраўднага
парлямэнту. Гэта азначае, ЁН мусіць прымаць заканадаўства, а не выканаўчая
ўлада. Гэта сутнасьць падзелу ўладаў. І гэта нашае пасланьне было добра
зразуметае”.
Спадар Зыгль таксама ў нашай размове адзначыў, што беларускія ўлады,
прынамсі, павінны выконваць ужо існуючыя законы сваёй краіны. У якасьці
прыкладу ён спаслаўся на знакамітыя палітычныя судовыя справы, калі праваахоўныя
ворганы парушалі беларускія законы. І гэта адно з тых пытаньняў, “якое
стане важным крытэрыям у дылеме, ці дасылаць на выбары назіральнікаў”,
– пакрэсьліў кіраўнік дэлегацыі “тройкі” спадар Зыгль.
На прэсавай канфэрэнцыі Вальтэр Зыгль выразна падкрэсьліў, што АБСЭ
ня будзе дасылаць сваіх назіральнікаў на выбары, калі не заўважыць прагрэсу
ва ўсіх вышэйпазначаных сфэрах. І ў інтэрвію для нашай праграмы спадар
Зыгль патлумачыў, як будзе прымацца гэтае рашэньне…
(Зыгль: ) “Я мяркую, тут будзе дзьве стадыі. На першай, напэўна, у чэрвені
адбудзецца, скажам так, тэхнічная канфэрэнцыя, каб вызначыць, ці быў дасягнуты
дастатковы прагрэс на шляху да рэальнага дыялёгу й паляпшэньня палітычнага
клімату. Гэтую маніторынгавую працу штодзённа праводзіць група пад кіраўніцтвам
спадара Віка разам з уладаю і апазыцыяй.
Другая стадыя – гэта ўжо прыняцьцё фармальнага рашэньня, магчыма, на
прыканцы жніўня”, – паведаміў нашай праграме кіраўнік дэлегацыі тройкі
Вальтэр Зыгль.
Зрэшты, ня выключанае яшчэ адное рашэньне, пра якое коратка было ўзгадана
на прэсавай канфэрэнцыі. Гэта – магчымы перанос парлямэнцкіх выбараў на
вясну наступнага году.
Апазыцыя лічыць, што пасьля прызначэньня даты выбараў і сумеснага прыняцьця
іхных правілаў на перадвыбарчую кампанію трэба пакінуць ня менш як 6 месяцаў.
Віталь Цыганкоў, Менск