Рэакцыя на падзеі 25 сакавіка ў Менску сябра Эўрапейскага Парлямэнту,
сябра трохасабовай парлямэнцкай камісіі, якая нядаўна наведала Беларусь,
Ёнга Вірсмы.
(Вірсма: ) “Я асабіста быў вельмі зьдзіўлены тым, што здарылася ў Менску
ў мінулыя выхадныя. Тыдзень перад гэтым, пад час Маршу Свабоды –2, не было
ніякіх інцыдзентаў. А гэтым разам было столькі праблемаў. Я думаю, што
гэта быў тыповы выпадак паліцэйскай жорсткасьці. Я атрымаў інфармацыю,
што бальшыня арыштаваных вызваленыя, праўда, я ня ведаю, ці гэта праўда.
Вельмі непакоіць факт, што частка дэманстрантаў была затрыманая па дарозе
на дэманстрацыю, а пазьней была жорстка зьбітая і арыштаваная.
Мы са свайго боку будзем працягваць нашыя высілкі ў галіне абароны правоў
чалавека і ў галіне спрыяньня дыялёгу паміж апазыцыяй і ўладамі. Мы дзейнічаем
у інтарэсах не Лукашэнкі, а ў інтарэсах народу Беларусі. Гэта павольны
працэс, але мы былі ў Беларусі, і мы давялі да прэзыдэнта Лукашэнка нашую
думку. Мы здолелі арганізаваць хаця б нейкі дыялёг паміж апазыцыяй і ўрадам.
Мы і надалей будзем націскаць на беларускі ўрад, каб ён згадзіўся на сапраўдны
дыялёг, які будзе датычыць сапраўдных пытаньняў, такіх як выбарчы закон,
доступ да сродкаў масавай інфармацыі і вызваленьне палітычных зьняволеных”.
(Карэспандэнт: ) “Якія магчымыя далейшыя дзеяньні Эўрапейскага Парлямэнту
ў дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі?”
(Вірсма: ) “Я думаю, што тактыка якую мы выкарыстоўваем, а менавіта
аб’яднаньне ўсіх дэмакратычных сілаў вакол мадэлі тройкі, правільная. Пасьля
візыту ў Менск мы вырашылі падвоіць нашыя высілкі у гэтым кірунку. Я думаю,
што толькі адкрытасьць з нашага боку можа рэальна зьмяніць сытуацыю. Я
таксама лічу, што тактыка татальнай ізаляцыі Беларусі не прынясе вынікаў.
Ад палітыкі ізаляцыі будуць перш за ўсё пакутваць простыя людзі”.
Гутарыў
Мікола Іваноў