Сёньня

Беларускія ўлады перашкаджаюць прыезду міжнародных аглядальнікаў на “Марш Свабоды – 2”. Арганізатары акцыі дбаюць пра бясьпеку гасьцей, якія ўжо прыехалі, і таму не паведамляюць іхных імёнаў.

Першапачаткова плянавалася, што назіраць за хадою “Маршу Свабоды” будуць некалькі дзясяткаў міжнародных назіральнікаў. Гэта праваабаронцы й дэпутаты з ЗША й краінаў Усходняе Эўропы. Аднак некаторыя зь іх ня здолелі прыехаць у Беларусь з-за супраціву афіцыйных беларускіх уладаў. Так, сёньня стала вядома, што дэлегацыя парлямэнтароў і прадстаўнікоў грамадзкіх арганізацыяў Швэцыі не атрымалі беларускія візы.

Прадстаўнікі палітычных партыяў і праваабарончых арганізацыяў даволі неахвотна адказвалі сёньня на пытаньне пра міжнародных назіральнікаў. Практычна ўсе адказы зводзіліся да таго, што колькасьць ды імёны гасьцей удакладняюцца, і што больш дакладная інфармацыя будзе пазьней, у часе правядзеньня акцыі.

Аднак дакладна вядома, што ў якасьці назіральнікаў на “Маршы Свабоды” прысутнічаюць прадстаўнік праваабарончай арганізацыі Amnesty International Мэцьці Прынгл, а таксама прадстаўнікі чэскае праваабарончай арганізацыі “People in Need” (Людзі ў бядзе).

Магчыма, што арганізатары “Маршу” ня хочуць афішаваць імёны гасьцей, таму што дбаюць пра іхную бясьпеку. Напярэдадні Аляксандар Лукашэнка публічна выказаў пагрозы на адрэсу ўдзельнікаў “Маршу” й назіральнікаў.

Адзін з арганізатараў “Маршу” Анатоль Лябедзька кажа, што такія выказваньні Лукашэнкі даўно не зьяўляюцца нечаканымі:

(Лябедзька: ) “Тое, што ўчора прагучала – на вялікі жаль, гэта ня красіць чалавека. Гэта рыторыка, якая ўжо звычайная для вуснаў былога празыдэнта Беларусі. Гэта азначае, што тая ініцыятыва, якую высунуў Вік, кіраўнік Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ, аб правядзеньні круглага стала паміж арганізатарамі Маршу Свабоды і кіраўнікамі гораду і праваахоўных ворганаў – яна адхіленая. І больш за тое, Лукашэнка фактычна пацьвердзіў, што рэжым гатовы пайсьці на новыя правакацыі”.

Анатоль Лябедзька не выключае ўдзел у магчымых правакацыях сяброў “Русского Национального Единства”…

(Лябедзька: ) “Пакуль няма дакладных крыніцаў, я расцэньваю гэта як чуткі, але ў нашых умовах мы павінны прымаць да ведама і нават такую інфармацыю. Таму што мы ведаем, якая існуе база для РНЕ ў Беларусі – яны даволі прывольна тут сябе адчуваюць”.

– паведаміў Анатоль Лябедзька.

Арганізатары запэўніваюць, што яны ўжо распрацавалі мэханізмы прадухіленьня правакацыяў. У чым палягае сутнасьць гэтых захадаў, спадар Лябедзька не паведаміў, спаслаўшыся на тое, што гэта “зьяўляецца тэхнічным момантам”.

Ягор Маёрчык, Менск