Сёньня

Выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Расеі Ўладзімер Пуцін з нагоды 8 Сакавіка накіраваў сёньня падарункі ў Чачню ў выглядзе касмэтычных набораў для жанчын, якія служаць у расейскіх войсках. Між тым, расейскія ды міжнародныя агенцтвы паведамляюць пра новыя напады чачэнцаў на блёк-пасты й вайсковыя часьці ў Грозным.

Агенцтва Associated Press зьвятрае ўвагу на той факт, што сутычкі адбываюцца на тэрыторыі, доўгі час кантраляванай расейскімі войскамі. Баі працягваюцца ў Грозным, які быў захоплены ў мінулым месяцы, і які перад гэтым быў цалкам зруйнаваны, а таксама ў гарах на поўдні Чачні.

Лёнданская “Financial Times” друкуе сёньня паведамленьне свайго карэспандэнта ў Маскве Джона Торнгвіла.

Паводле цьверджаньняў расейскага вайсковага кіраўніцтва, чачэнскія байцы панесьлі цяжкія страты пры спробе вырвацца з блякады ў Чачні з дапамогай партызанскіх мэтадаў. Аднак міністар абароны Расеі маршал Сяргееў прызнаў таксама наяўнасць цяжкіх стратаў і з расейкага боку. У прыватнасьці, згадваецца гібель 31 дэсантніка на мінулым тыдні.

Масква заяўляе аб хуткім заканчэньні чачэнскай кампаніі – прынамсі, яшчэ да надыходу вясны. Цяпер увага расейскіх палітыкаў зноў вярнулася да пытаньня – што рабіць зь непакорлівай рэспублікай.
Прэзыдэнт Татарстану Менцімер Шайміеў заклікаў урад пачаць пошукі палітычнага разьвязаньня сытуацыі ў Чачніі. Ён заявіў, што Масква павінная прадаставіць ёй асаблівы палітычны статус у рамках Расейскай Федэрацыі, перадаўшы большасьць уладных паўнамоцтваў рэгіёну. Паводле Шайміева, няма гаворкі пра перамогу ў Чачні, а толькі пра зьнішчэньне бандыцкіх фармаваньняў і міжнародных тэрарыстаў.
Перад Масквой стаіць таксама пытаньне кошту адбудовы цалкам разбураных вайной гарадоў ды інфраструктураў у Чачні. Тысячы чачэнцаў засталіся бяздомнымі, дзясяткі тысячаў уцяклі ў суседнюю Інгушэтыю – піша “Financial Times”.

Тым часам, Рада Эўропы паведаміла, што пазьней у сакавіку на Парлямэнцкай Асамблеі будуць разгледжаныя факты парушэньня правоў чалавека, здабытыя у мінулы ўікэнд адпаведнай місіяй на Паўночным Каўказе.

Як вядома, сьледчы расейскага МУС, які вядзе справу журналіста Андрэя Бабіцкага, ня даў яму давзолу паехаць на сэсію эўрапейскага парляманту ў Страсбург.

Учора Андрэй Бабіцкі заявіў, што ён мае намер сустрэцца з дэлегацыяй Парляманцкай Асамблеі Рады Эўропы і паказаць ёй відэазапісы, зробленыя ім самім у Грозным. Бабіцкі таксама заявіў аб намеры падаць у суд на намесьніка міністра ўнтраных справаў Голубева, які ўзяў на сябе адказнасьць за так званы абмен журналіста на расейскіх вайскоўцаў.

Віталь Тарас