“Палітычна-футбольны лік” – так называецца артыкул у газэце International
Herald Tribune. Прысьведчаны ён сувязі паміж футболам і палітычным іміджам
краінаў у Эўропе.
Футбол у Эўропе – больш чым проста від спорту ці гульня, – піша Фрэдэрык
Кэмпэ ў сваім артыкуле. Футбол у Эўропе – на ягоную думку – уплывае на
палітыку. Прыклады аўтар дае на падставе сёлетняга чэмпіянату Эўропы “Эўра-2000”.
Ён, у прыватнасьці, прасачыў за рэакцыяй францускага заўзятара–парлямэнтарыя
– прадстаўніка Францыі ў Радзе Эўропы – пад час гульні “Галяндыя-Югаславія”.
Калі заўзятар глядзеў на злосную, жорсткую, часта супраць правілаў,
гульню югаславаў, ён адразу ж казаў: “У іх спрацоўвае мэнтальнасьць ахвяры.
Ім падаецца, што ўвесь сьвет зараз супраць іх настоены. Менавіта гэта імі
кіруе…” Пакуль галяндцы не перамаглі зь лікам 6:1, той жа заўзятар заўважаў:
“Ну, паглядзім – ці памятаюць галяндцы ўрокі Срэбраніцы…” – узгадаўшы пра
тое, што пад час Басьнійскае вайны Галяндзкі корпус войскаў ААН стаяў у
баку і ня ўмешваўся, пакуль ішла расправа над мусульманскімі жыхарамі Срэбраніцы.
Зь іншага боку было заўважана, што ў Югаславіі нават ворагі Мілошавіча
ў гэтым матчы жадалі перамогі менавіта сваёй камандзе.
Гэты футбольны чэмпіянат дае падставы палітычным аналітыкам зрабіць
свой расклад сілаў і сымпатыяў у Эўропе.
Фрэдэрык Кэмпэ заўважае, што гэтым разам самаўпэўненыя і запаволеныя
прадстаўнікі Эўрапейскае Поўначы атрымалі паразу ад больш энэргічнага,
больш прагнага да перамогі й рухавага Поўдню. Асабліва вырасла папулярнасьць
і вядомасьць пад час гэтага чэмпіянату Румыніі ды Славеніі, якія ўпершыню
патрапілі ў гульні гэтага ўзроўню, – піша Фрэдэрык Кэмпэ.
Найбольш істотна, – заўважае ён, – што гэты чэмпіянат паказаў сымпатыі
заўзятараў, а значыць і эўрапейцаў. А яны на баку імігрантаў і талеранцыі.
Каманда Гяландыі вылучалася на футбольным полі сваім разнастайным расавым
складам – і чым выклікала яшчэ больш сымпатыяў на трыбунах… Гэта сталася
адказам нацыяналістычным францускаму Лё-Пэну і аўстрыйскаму Гайдэру.
Шэра й слаба на полі выглядала каманда Нямеччыны – сапраўды як сьведчаньне
расслабленьня ў краіне пасьля кіраваньня Гэльмута Коля, які ігнараваў эканамічныя
рэформы й не хацеў лібэралізацыі эміграцыйных законаў. Футбалісты рухаліся
ня надта энэргічна, адчуваўся й дэфіцыт агульнага ўзаемаразуменьня й кіраўніцтва
камандаю. Пасьля пройгрышу на футбольным полі французам, у Нямеччыне ў
больш стрыманай атмасфэры прайшоў візыт прэм’ер-міністра Францыі Жака Шырака.
Ангельцы, якія прынцыпова не прынялі эўрапейскую валюту, вызначыліся
й гэтым разам на футбольным чэмпіянаце… Як хуліганы. Прэм’ер-міністар Вялікай
Брытаніі Блэер вымушаны быў прасіць прабачэньня за сваіх заўзятараў пасьля
пагромаў, што яны ўчынілі. Эўрапейскі ж заўзятар вызначыў: калі аўстрыйскі
нацыяналізм, анты-імігранцкі, дык ангельскі нацыяналізм – анты-эўрапейскі,
– піша ў International Herald Tribune Фрэдэрык Кэмпэ.
Турэцкая каманда прайграла ў чвэрць-фінале, але Турцыя працягвае свой
шлях у Эўрапейскую супольнасьць…
Партугалія – адна зь бяднейшых сёньня ў Эўропе краінаў – засьведчыла,
што мае найлепшы на кантынэнце футбольны стыль гульні.
Ізноў заўзятары і аматары палітыкі заўважаюць, што жывую кроў старой
Эўропе нясуць імігранты.
У французаў армянін – Юры Дзяркаеў і алжырац паводле паходжаньня Зенэдзін
Зіданэ. І у гэтым сэнсе згаданы на пачатку францускі парлямэнтарый заўважыў,
што можа немцам да наступнага чэмпіянату варта было б “грын карты” на сталае
жыхарства выдаць ня толькі імігрантам-кампутарнікам, што прыедуць хутка
працаваць з усіх краіну, але й футбалістам…
Галіна Прыгара, Прага