Увечары ў Бярозе – раённым цэнтры Берасьцейскае вобласьці – адбудзецца
мітынг-сход у падтрымку Ўсебеларускага зьезду за незалежнасьць.
Сёньняшні мітынг у Бярозе ладзяць сябры абедзьвюх плыняў БНФ, Таварыства
Беларускае Мовы імя Францішка Скарыны, Беларускага Жаночага Руху адраджэньня
Айчыны, нефармальнага Аб’яднаньня “Бяроза-Картуская” ды іншых арганізацыяў
гораду.
Пад час гэтай акцыі плянуецца абраць дэлегатаў на Ўсебеларускі зьезд
за незалежнасьць, які пройдзе напрыканцы ліпеня. Арганізатары сёньняшняй
акцыі зьбіраліся правесьці з гэтае нагоды адмысловы сход у гарадзкім Доме
культуры, але бярозаўскія ўлады адмовіліся прадставіць памяшканьне. У рашэньні
раённага выканкаму, якое было атрыманае толькі за два дні да заплянаванага
сходу, нагадвалася, што праводзіць падобныя акцыі дазваляецца толькі на
гарадзкім стадыёне – менавіта гэтае месца вызначанае мясцовай “вэртыкальлю”
для правядзеньня масавых акцыяў, што ладзяцца без удзелу афіцыйных уладаў.
Акрамя таго пад час сёньняшняга мітынгу-сходу Бярозаўскі раённы выканкам
таксама традыцыйна забараніў збор подпісаў і распаўсюджаньне інфармацыйных
матэрыялаў. Справа ў тым, што пад час папярэдняй акцыі, прымеркаванае да
5-х угодкаў травеньскага рэфэрэндуму прыхільнікі адраджэньня бацькаўшчыны
зьбіралі ў Бярозе подпісы за стварэньне Беларускага Нацыянальнага ўнівэрсытэту
і супраць аб’яднаньня Беларусі з Расеяй.
Прадстаўнікі ўладаў тады фактычна сарвалі акцыю, пасьля чаго арганізатары
вырашылі зьвярнуцца ў судовыя ворганы, каб абскардзіць дзеяньні “вэртыкалі”.
Але Бярозаўскі раённы суд адмовіўся прымаць скаргу, матывуючы гэта тым,
што сам пікет быў дазволены, а забарону на збор подпісаў і распаўсюджваньне
інфармацыйных матэрыялаў пад час гэтай акцыі трэба абскарджваць у вышэйстаячую
арганізацыю. У Берасьцейскім жа абласным выканкаме цалкам пагадзіліся зь
дзеяньнямі бярозаўскіх уладаў.
Застаецца зазначыць, што сёньняшні мітынг-сход у Бярозе распачнецца
а 20-й гадзіне. Арганізатары акцыі з-за немагчымасьці даць адпаведную аб’яву
ў афіцыйнай раённай газэце, заклікаюць мясцовых жыхароў прыйсьці на гэтую
акцыю з дапамогаю ўлётак.
Алег Супрунюк, Берасьцейская вобласьць